Сьцісла
- Ніякай палёгкі ў рэпрэсіях, ніякіх вызваленьняў знакавых палітвязьняў Аляксандар Лукашэнка не абяцае.
- Лічыцца з думкай палітычнай эміграцыі Лукашэнка не зьбіраецца.
- Выказваньні Лукашэнкі пра магчымы транзыт улады былі няпэўныя. Па сутнасьці, ён ня выключыў працяг свайго кіраваньня і пасьля 2030 году.
- Заява пра тое, што яму ня вельмі і карціць трапіць за стол мірных перамоваў па Ўкраіне, магчыма, сьведчыць пра нежаданьне Дональда Трампа бачыць Лукашэнку за гэтым сталом.
Зьяўленьне на выбарчым участку з сабакам Умкам, іранічны адказ «за ўсіх» на пытаньне пра тое, за каго галасаваў — дэманстрацыя Аляксандрам Лукашэнкам таго, наколькі ён сам ацэньвае значнасьць сёлетняга электаральнага рытуалу. Нават яму захацелася зьлёгку ажывіць рутыннасьць гэтага дзейства зь перадвызначаным вынікам.
З заяваў, зробленых на прэсавай канфэрэнцыі на выбарчым участку, вынікае, што і ў далейшай палітыцы Лукашэнка не зьбіраецца нічога мяняць.
Раней выказваліся думкі, што ён можа зрабіць нейкі жэст добрай волі, вызваліўшы знакавых палітвязьняў да інаўгурацыі Дональда Трампа ці да дня галасаваньня ў Беларусі. Не было зроблена ні таго, ні другога.
Адказваючы на пытаньне карэспандэнта ВВС Стыва Розэнбэрга, Лукашэнка сказаў, што Марыі Калесьнікавай і іншым вядомым палітвязьням «трэба несьці адказнасьць». Гэта значыць, сядзелі і сядзець будуць. Фраза, што яны «ня вельмі хочуць на свабоду», хутчэй за ўсё, азначае, што пісаць прашэньні аб памілаваньні яны не зьбіраюцца, а без памілаваньня вызваляць іх Лукашэнка ня мае жаданьня.
Наконт пэрспэктываў грамадзкага дыялёгу перадвызначаны пераможца адзначыў, што гатовы весьці яго зь сіламі ўнутры краіны,— найперш з кандыдатамі, якія ўдзельнічалі ў сёлетняй кампаніі. Па імені была згаданая толькі Ганна Канапацкая.
Пры гэтым было адзначана, што з палітычнай эміграцыяй наагул няма пра што размаўляць: ёй зь яе ініцыятывамі было прапанавана зьвяртацца да прапагандыста Ігара Тура. Раней у якасьці такіх «пасярэднікаў» называліся генпракурор Андрэй Швед і калега Тура Рыгор Азаронак. Прагрэс невялікі, аднак сутнасьць «шчодрай прапановы» ранейшая: пакайцеся, вяртайцеся, а там пабачым.
Дарэчы, ускосным паказьнікам таго, наколькі прывабныя для эмігрантаў (і ня толькі палітычных) падобныя прапановы, стала лічба ўдзелу беларусаў, якія жывуць за мяжой, у сёлетніх выбарах. Галасаваньне ў амбасадах у замежных краінах скасавана, а беларусы, якія жывуць за мяжой і хацелі паўдзельнічаць у выбарах, мусілі ехаць у Беларусь і галасаваць на адмысловых участках. Такіх, паводле ЦВК, знайшлося ўсяго некалькі дзясяткаў (!). З соцень тысячаў, якія зьехалі з краіны толькі ў апошнія гады.
Але Лукашэнка (прынамсі сёньня) не дэманстраваў вялікай ахвоты іх прывабіць. «Хто ў турме, хто ў выгнаньні... гэта права выбару», — сказаў ён.
Сышоў бы, ды Качанава не пагадзілася
На прэсавай канфэрэнцыі ён шмат гаварыў пра свой гіпатэтычны сыход, на магчымасьць якога намякнуў і ў навагоднім звароце, і ў наступных выступах ужо сёлета, калі згадваў пра «зьмену пакаленьняў».
Паводле Лукашэнкі, ён і перад сёлетнімі выбарамі разважаў, ці варта на іх ісьці. Расказаў, што падчас абмеркаваньня выказваў думку: «Ну колькі можна, 30 гадоў, ну чыста вонкава непрыстойна». Але, паводле Лукашэнкі, гэтаму рашуча запярэчыла старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, чые аргумэнты і разьвеялі ягоныя сумневы.
Магчыма, гэта чыстае какецтва, аднак ня выключана, што варыянт няўдзелу Лукашэнкі ў сёлетніх выбарах сапраўды разглядаўся. Але «перамагла» падчас гэтага разгляду Качанава.
Што ж тычыцца будучыні, то тут Лукашэнка захаваў няпэўнасьць. Ён даў зразумець, што не разглядае ў якасьці магчымых пераемнікаў сваіх сыноў, а бачыць такімі прадстаўнікоў уладнай эліты: «Будучыя прэзыдэнты — гэта, хацелася б, рэзэрва: цяперашнія губэрнатары, цяперашнія міністры, чальцы ўраду і кіраўнікі палатаў парлямэнту, вышэйшыя службовыя асобы».
Але пра пэрспэктыву і іх прыходу да вышэйшай улады было сказана падкрэсьлена няпэўна: «Натуральна, напэўна, будзе і новы прэзыдэнт. Я нічога не хачу загадваць да 2030 году, таму што ў Натальлі Іванаўны Качанавай можа думка памяняцца, і яна ўстане і скажа: „Ды не, мы не гатовыя“. Яшчэ і папракне мяне, што я ўцякаць наважыўся. Гэта не ў маім характары. Я паміраць буду, але ніколі не ўцяку».
Іншымі словамі, нічога яшчэ ня выключана. І ня выключана, што і ў якім-небудзь 2029 годзе тая ж Качанава скажа, што Лукашэнку нельга «ўцякаць» са сваёй пасады. А што ён можа запярэчыць супраць яе непахіснай волі?
Такім чынам, гіпотэза, што будзе абвешчаны хай і плаўны, але пэўны транзыт улады, ня спраўдзілася. Прынамсі, сёньня ён абвешчаны ня быў.
У будучыні ў гэтым сюжэце магчымыя нечаканасьці. Варыянты могуць быць розныя. У Кітаі пры Мао Цзэдуну ў розныя пэрыяды афіцыйнымі пераемнікамі, ажно да адмысловага запісу ў статуце КПК, былі абвешчаныя Лю Шаоці і Лінь Бяо. Але пазьней Лю быў названы ворагам, зьняты з усіх пасадаў і памёр у турме. Лінь загінуў у загадкавай авіякатастрофе і пасьмяротна быў абвешчаны ворагам і змоўнікам. А Мао памёр у сваім ложку.
Так што для Дзьмітрыя Крутога ці Рамана Галоўчанкі, напэўна, і да лепшага, што транзыт не абвяшчаецца і іх у пераемнікі не намінуюць. Лёс Лю і Ліня паўтараць нікому ня хочацца.
Пасьля выбараў — у Маскву, Пэкін і Пхэньян
Ня сталі сэнсацыйнымі і заявы Лукашэнкі па міжнародных сюжэтах, зробленыя сёньня на выбарчым участку. Былі названыя кірункі першых замежных паездак пасьля выбараў («у выпадку перамогі») — Расея, Кітай, КНДР.
З Расеяй усё зразумела. Што да Кітаю, то на пачатку студзеня Лукашэнка гаварыў пра пляны зрабіць візыт туды да выбараў. Аднак нешта ня склалася. Варта прыгадаць, што ў жніўні летась лідэр КНР Сі Цзіньпін не павіншаваў Лукашэнку з 70-годзьдзем. Які чорны кот прабег паміж Менскам і Пэкінам, незразумела, аднак анансаваны візыт перад выбарамі не адбыўся. І гэта сьведчыць прынамсі пра тое, што адносіны не такія ўжо бясхмарныя.
Таксама зьвяртае на сябе ўвагу халодны душ з Пхэньяну, які стаў адказам на заявы Лукашэнкі пра намеры наведаць КНДР. Кім Ё Чжон, малодшая сястра паўночнакарэйскага кіраўніка Кім Чэн Ына, адзначыла, што з боку Пхэньяну да Беларусі такой прапановы не паступала.
Хутчэй за ўсё, візыты Лукашэнкі ў Пэкін і Пхэньян усё ж адбудуцца — раней ці пазьней. Калі ў Маскве ня будуць надта супраць.
Што ж да Масквы, то Лукашэнка крыху скарэктаваў ранейшую пазыцыю МЗС Беларусі наконт удзелу Беларусі ў гіпатэтычных мірных перамовах па Ўкраіне. МЗС на гэтым настойваў, Лукашэнка ж сёньня патлумачыў, што ня будзе надта пераймацца, калі яго на іх і не запросяць. Што, хутчэй за ўсё, сьведчыць пра тое, што ў Дональда Трампа няма вялікай ахвоты бачыць яго за сталом перамоваў. Лукашэнка дадаў, што калі яго на перамовах ня будзе, то «Пуцін выкажа беларускую пазыцыю».
Цікава, хаця і не ўпершыню, прагучала прапанова паслаць беларускіх вайскоўцаў у якасьці міратворцаў ва Ўкраіну: «Усе астатнія будуць цягнуць або на Захад, або на Ўсход». Іншымі словамі, прэзыдэнт Расеі здольны выказаць беларускую пазыцыю, але магчымыя беларускія міратворцы ва Ўкраіне «цягнуць на Ўсход» ня будуць.
Пра магчымую і часткова ўжо зрэалізаваную рэакцыю Эўразьвязу на выбары ў Беларусі Лукашэнка выказаўся традыцыйна: маўляў, гэтая рэакцыя беларускую ўладу не цікавіць.
Гэта наўрад ці сапраўды так, але падобная абыякавасьць — паказьнік таго, што спробы паправіць адносіны, зробленыя летась і сёлета, плёну не прынесьлі. Пазыцыя ЭЗ не абавязкова будзе нязьменнай і надалей. На яе могуць паўплываць многія фактары, у тым ліку і палітыка новай адміністрацыі ЗША, і магчымыя мірныя перамовы па Ўкраіне. Але ўжо відавочна, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі такім фактарам ня сталі і ня стануць.
У цэлым можна адзначыць, што, калі грунтавацца на заявах Лукашэнкі, якія прагучалі сёньня, то нейкіх істотных зьменаў палітыкі чакаць не выпадае. Ні ў лепшы, ні ў горшы бок.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум