Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танкеры з газам з ЗША масава мяняюць маршруты і ідуць у Эўропу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Танкеры з амэрыканскім звадкаваным прыродным газам (ЗПГ) масава мяняюць маршруты і перанакіроўваюцца ў Эўропу замест першапачатковых пунктаў прызначэньня.

Паводле зьвестак Financial Times, як мінімум сем караблёў, якія першапачаткова накіроўваліся ў Афрыку, Азію і Калюмбію, зьмянілі курс і цяпер рухаюцца да эўрапейскіх партоў.

«Некаторыя судны зрабілі даволі рэзкія развароты ў сваім кірунку. Незвычайна бачыць так шмат зьменаў курсу і так шмат відавочных разваротаў», — зазначыў адзін з суразмоўцаў выданьня.

Прычынай такога рэзкага манэўру стала імкненьне трэйдараў скарыстацца ростам цэнаў на газ у Эўропе, выкліканым спыненьнем расейскіх паставак праз Украіну.

Financial Times адзначае, што цэны газу на эўрапейскім рынку цяпер на максымальным узроўні з кастрычніка 2023 году.

Паводле аналітыкаў, перанакіраваньне амэрыканскіх партый ЗПГ з Азіі ў Эўропу, дзе попыт і цэны значна вышэйшыя, можа павялічыць прыбытак больш як на пяць мільёнаў даляраў за кожную партыю, піша Financial Times.

Разам з тым Эўропа пасьля спыненьня транзыту расейскага газу праз Украіну спрабуе дывэрсыфікаваць пастаўкі, напрыклад, закупляючы газ у Азэрбайджане і Турэччыне.

Пры гэтым Кітай імкнецца перацягнуць на свой бок пастаўнікоў нафты і газу на Блізкім Усходзе, у тым ліку Саудаўскую Арабію, пераконваючы іх у непрадказальнасьці палітыкі Трампа, піша амэрыканскае выданьне Forbes. Акрамя таго, Пэкін абяцае Баку доўгатэрміновыя кантракты на закуп азэрбайджанскіх энэргарэсурсаў.

На думку Forbes, Беламу дому трэба ўмацоўваць сувязі з краінамі Блізкага Ўсходу і касьпійскага рэгіёну, каб не дапусьціць узмацненьня ўплыву Кітаю, асабліва на фоне яго збліжэньня з Іранам і Расеяй.

«Адміністрацыя Трампа магла б супрацьстаяць манэўрам Пэкіна з дапамогай дыпляматычных і матэрыяльных стымулаў для дзяржаў рэгіёну. А падтрымка прэтэнзій Баку да Масквы пасьля крушэньня лайнэра „Азэрбайджанскіх авіяліній“ была б неацэнная», — гаворыцца ў публікацыі Forbes.

  • Учора Дональд Трамп выступіў празь відэасувязь на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе. У сваёй прамове прэзыдэнт ЗША, у прыватнасьці, заявіў, што цэны на нафту занадта высокія і гэта дазваляе Расеі працягваць канфлікт з Украінай. Трамп заклікаў асноўных вытворцаў нафты, у прыватнасьці Саудаўскую Арабію і краіны OPEC, павялічыць здабычу і зьнізіць цану, каб баявыя дзеяньні скончыліся як мага хутчэй.
  • Акрамя таго, Трамп расказаў, што Эр-Рыяд ужо абвясьціў пра інвэстыцыі ў ЗША ў памеры 600 мільярдаў даляраў. Але, на думку амэрыканскага прэзыдэнта, гэтую лічбу трэба акругліць да трыльёна, таму што ЗША «былі вельмі добрыя» да Саудаўскай Арабіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG