У Кіеве пацьвердзілі спыненьне транзыту расейскага газу. «Гэта гістарычная падзея. Расея губляе рынкі, яна будзе несьці фінансавыя страты», — заявіў міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка.
Кіеў раней адмовіўся ад перамоваў па працягу транзытнага кантракту. Прэзыдэнт Раскі Ўладзімір Пуцін казаў, што заключыць новую дамову да пачатку 2025 году немагчыма.
Газаправод з Расеі праз Украіну выходзіць на тэрыторыю Славакіі, якая хацела па-ранейшаму атрымліваць расейскі газ, і патрабавала ад Украіны працягнуць дзеяньне пагадненьняў. Прэм’ер-міністар Славакіі Робэрт Фіца ацаніў страты Эўразьвязу ад спыненьня транзыту расейскага газу Украінай у 60-70 мільярдаў эўра ў год. Фіца зьвярнуўся да кіраўніцтва ЭЗ з адкрытым лістом, у якім раскрытыкаваў Украіну і яе прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага за рашэньне адмовіцца ад транзыту газу. Паводле яго, страты ЭЗ непараўнальныя са стратамі Расеі, якія ён ацаніў у два мільярды эўра.
Славакія і Аўстрыя — асноўныя імпартэры расейскага газу. Паводле ацэнак экспэртаў, Браціслава зможа пратрымацца без расейскіх паставак два-тры месяцы за кошт вялікіх запасаў газу ў падземных сховішчах. Аналягічная сытуацыя і ў Аўстрыі. Магчымыя таксама абмежаваныя ператокі газу ў краіну з Італіі і Нямеччыны, піша РБК.
Прыпыненьне транзыту праз Украіну, на думку аналітыкаў, нанясе найбольшы ўдар па Кішынёву, але агульны ўплыў на газавы рынак будзе мінімальным. Разам з тым спыненьне паставак мае значнае геапалітычнае значэньне, зазначае Reuters. З 2022 году краіны Эўразьвязу актыўна зьніжалі залежнасьць ад расейскага газу, пераключаючыся на пастаўкі з ЗША, Нарвэгіі і Катара. Гэта прывяло да страты Расеяй дамінуючай пазыцыі на эўрапейскім газавым рынку.
Паказальна, што аб’ёмы транзыту расейскага газу праз Украіну за апошнія гады істотна зьнізіліся. У 2023 годзе яны склалі толькі 15 мільярдаў кубамэтраў — гэта ўсяго 8% ад пікавых паказьнікаў 2018/2019 гадоў.
Паводле дырэктара Цэнтру дасьледаваньняў энэргетыкі Аляксандра Харчанкі, «тыя некалькі сотняў мільёнаў даляраў, якія Ўкраіна атрымлівала апошнім часам за транзыт, дакладна не зьяўляюцца прынцыповымі для ўкраінскай эканомікі», больш важным зьяўляецца іншы аспэкт — з спыненьнем транзыту «Газпром» не атрымае прыблізна 5 мільярдаў даляраў за продаж газу ў Эўропе. Пазбавіць Расею грошай для вядзеньня вайны — мэта, якую агучваў украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, калі заявіў аб спыненьні транзыту газу на саміце лідэраў ЭЗ сёлета ў сьнежні.
Беларусь раней неаднаразова станавілася бэнэфіцыярам ад пераразьмеркаваньня шляхоў транзыту расейскага газу ў Эўропу, хоць па аб’ёмах краіна мела сьціплую частку. Аднак Аляксандар Лукашэнка заўсёды выкарыстоўваў гэты аспэкт у сваіх дачыненьнях з Эўропай, пагражаючы спыніць транзыт расейскага газу ў адказ на эўрапейскія санкцыі. Газаправод Ямал — Эўропа, які праходзіць праз тэрыторыю Беларусі і Польшчы, разам з газатранспартнай сыстэмай Украіны складаў адзін з асноўных маршрутаў паставак расейскага трубаправоднага газу на Захад — ён можа прапампоўваць да 33 мільярдаў кубамэтраў газу на год.
Доўгатэрміновая дамова «Газпрому» з Польшчай скончылася ў 2020 годзе, а пасьля гэтага кампанія рэзэрвавала магутнасьці магістралі праз аўкцыён. Але ў траўні 2022 году Польшча разарвала пагадненьне з «Газпромам» і адпаведна прапампоўваньне газу праз тэрыторыю Беларусі спынілася.
Форум