Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самасьцьверджаньне за кошт ахвяраў. Пра сындром лукашызму


Будынак СІЗА КДБ ў Менску, архіўнае фота
Будынак СІЗА КДБ ў Менску, архіўнае фота

У турэмных «інтэрвію» з палітвязьнямі, паказаных на мінулым тыдні на дзяржаўнай тэлевізіі, у завершаным выглядзе паўстае сутнасьць таго, што называюць лукашызмам. Гэта псыхапатычны сындром.

Сьцісла:

  • Псыхапат самасьцьвярджаецца за кошт іншых асобаў і іхных пакут. Ніякіх іншых мэтаў у яго няма.
  • Псыхапат — гэта заўсёды «цяжкі падлетак», колькі б яму ні было гадоў.
  • Адзіны шанец для Беларусі пазбавіцца ад псыхапатыі і зьнішчэньня — выйсьці з буралому на сваю нацыянальную дарогу.

Што такое псыхапатычны сындром

Выснову я раблю не з тэорыі ці са зьместу такіх тэлевізійных «гутарак», а з таго, што асабіста ведаю палітвязьняў (яны тут і ўвасабляюць для мяне дыягназ сыстэме), і з таго, што сам адчуваю сябе на іхным месцы. Мае сябры — нармальныя людзі, надзеленыя эмпатыяй, спачуваньнем, праўдалюбствам, дабрынёй і ўдзячнасьцю да іншых, — усім тым, чаго пазбаўлены псыхапат.

Маю на ўвазе ня столькі «журналіста», які бярэ інтэрвію, хоць і ён тут выконвае ролю правадніка сындрому — эгацэнтрычнага і падкрэсьлена бяздушнага і абыякавага чалавека. Гаворка ідзе пра саму сыстэму лукашызму, дзе словы канчаткова ператварыліся ў пустату, зьвяліся да аднаго кароткага «надо». Псыхапат самасьцьвярджаецца за кошт іншых, за кошт іхных пакутаў, і гэта вяршыня ягонай жыцьцёвай праграмы. Нешта тлумачыць камусьці пры гэтым ён не адчувае патрэбы. Бо тлумачэньне само сабою вымагае ўдзяліць іншаму ўвагу — як роўнаму.

Таму, дарэчы, і выступы Лукашэнкі ніколі ня маюць у сабе тлумачэньня: гэта заўсёды імкненьне аглушыць, прыгразіць, зьняважыць і проста схлусіць. Дыягназ пастаўлены ня мной і даўно, але сёньня, калі ў краіне зьнішчаныя ўсе альтэрнатыўныя СМІ, псыхапатыя запанавала на ўсіх узроўнях, зацягваючы ў сябе большых і меншых псыхапатаў. Аказалася, яна можа быць заразнай. Проста прымі і зьмірыся: не бывае ніякай праўды, спагады і ўдзячнасьці або, скажам, шчасьця.

Завершанасьць бачная і ў тым, што ў краіне не засталося ані кроплі плюралізму, аніякай легальнай альтэрнатывы. А задавальненьне ад крыўды іншаму ператворанае ў фабрыку татальных пасадак у турму.

Цяпер яшчэ больш адчувальна выглядае гісторыя гітлераўскай Нямеччыны, пра якую Лукашэнка казаў як пра ўзор для сваёй улады на самых першых кроках прэзыдэнцтва. Сутнасьць зводзілася да таго самага — да самасьцьверджаньня за кошт іншых, якое заўсёды сканчаецца пакутамі для тых, хто апынуўся ў полі зроку псыхапата.

У нямецкім прыкладзе крыху азадачвае тое, што гітлерызм меў ідэю, пачварную і нялюдзкую, але праз такую ідэю псыхапатыя і распаўсюджваецца найхутчэй. У лукашызму ідэі няма, апроч даўно непрыдатнага вяртаньня ў СССР, якое цяпер ператвараецца ў «вяртаньне ў Расею».

Сындром «цяжкага падлетка»

Псыхапат упэўнены, што толькі ён заўсёды мае рацыю. І хоць ён бачыць, што нарабіў бяды, верх бярэ разуменьне, што рацыя на бядзе і трымаецца. Таму важна адказнасьць за бяду перакласьці на кагосьці ці штосьці іншае — лепш за ўсё на ахвяру тваёй бяды. І чым больш абсурдна гэта выглядае, тым хутчэй у гэта павераць наіўныя людзі.

Школьны псыхоляг кажа, што прычына часта ў адставаньні ў разьвіцьці асобы ад раўналеткаў на некалькі гадоў. Для яго галоўнае «я хачу», пераход на наступную прыступку «хачу» і далей на прыступку — «я нясу адказнасьць, я трымаюся закону» не адбыўся і можа ніколі не адбыцца. Я раблю, бо хачу. А ўсе, хто мне ў гэтым замінае, тым самым мяне крыўдзяць.

«Што б ты хацеў ад дарослых?» — прыводзіць псыхоляг у прыклад гутарку з такім недалеткам. І атрымлівае адказ: «Каб мець тэлефон без абмежаваньняў, а таксама аплікацыі 18+, кішэнных грошай удосталь і магчымасьці гуляць дасхочу». — «І ўсё?» — «І ўсё».

Зразумела, падлетак жыве на поўным бацькоўскім забесьпячэньні, таму ніякія іншыя патрэбы не заўважаюцца і не ўваходзяць у ягоныя жаданьні для самога сябе. Вось яшчэ ў школу даводзіцца хадзіць, але гэта хутка скончыцца. А выганяць са школы — гэта не ягоныя праблемы. Ягоная праблема толькі ў тым, што яго выводзіць зь сябе часам, што абмежавалі тэлефон. Нічога іншага не існуе. Будучыні ў тым ліку.

Кнігі наш падлетак шчыра ненавідзіць, фантазіі не хапае, таму зразумець немагчыма, а значыць, кнігі — ворагі.

Любіць — злачынства, а забіць ня грэх. Такія людзі сёньня кіруюць сыстэмай у Беларусі. Стаўшы на высокія пасады, яны, па ідэі, мусілі б адчуваць удзячнасьць да народу, які іх на такіх пасадах трывае і ўтрымлівае за свае падаткі. Але якраз удзячнасьці псыхапат адчуваць ня можа. Тое самае і прапагандыст, які мусіў бы быць удзячным за тое, што яго слухаюць, не пераключаюць і ў яго ёсьць магчымасьць сваімі аргумэнтамі пераканаць, схіліць на свой бок, сфармаваць бачаньне сьвету праз супольнае асэнсаваньне.

Калі ўдзячнасьці няма і палітык ці прапагандыст падвышае голас, пагражае слухачу, пачуваецца загоншчыкам, які кіруе статкам, — гэта ў выпадку прапаганды называецца замбаваньнем. І калі задумацца, што ўласна прапагандуе гэты прапагандыст, адзінае, што мы пачуем — гэта безумоўнае і неасэнсаванае падпарадкаваньне правадыру і прызнаньне яго нязьменнасьці.

Уся розьніца ў тым, што аўдыторыя без удзячнасьці якраз і ператвараецца ў статак. Але ж людзям, у адрозьненьне ад статку, часам уласьцівае думаньне, і тады рэакцыя на замбаваньне адпаведная. «Хто ты такі?» — першае, што прыходзіць у галаву, калі чуеш уладных і праўладных прамоўцаў. «Чым ты заслужыў права на тое, каб я цябе слухаў?» Канфлікт узыходзіць да таго самага пачуцьця — удзячнасьці.

Называць рэчы сваімі імёнамі

Псыхапатычны сындром — зьява, між іншым, не такая і рэдкая як у сем’ях, у калектывах, так і ў шырокім сьвеце. Яна нават не заўсёды і пэрсаналізаваная, як у выпадку Беларусі.

Мне ўспамінаецца 13 студзеня 1991 году ў Вільні, дзе савецкія танкі падушылі мірных пратэстоўцаў. У літоўцаў ужо быў свой дэмакратычна выбраны парлямэнт, і танкі не змаглі захапіць яго. Парлямэнт баранілі людзі. Таму танкі захапілі тэлевізію і радыё. Такім чынам на дзевяць месяцаў у Літве ўсталявалася двоеўладзьдзе. Тое тэлевяшчаньне савецкіх прапагандыстаў з захопленай вежы — яшчэ адна зьява, пра якую нагадалі мне цяперашнія турэмныя «інтэрвію» — гэта было чыстае самасьцьверджаньне за кошт іншых, чыстая псыхапатыя, чыстае зло.

Мілітарная савецкая прысутнасьць мучыла Літву аж да паразы маскоўскага путчу, калі літоўцы змаглі канчаткова разьвітацца з СССР. У нас, на жаль, няма рэальнага беларускага парлямэнту, а ёсьць толькі пэрсаналізаваная псыхапатыя — і больш на паверхні ў краіне няма нічога, што магло б вярнуць да нармальнасьці.

І тут яшчэ адна выснова зь літоўскага прыкладу і з турэмных «інтэрвію». Палітвязьні, якіх я ведаю асабіста, прынцыпова беларускамоўныя ў жыцьці людзі, адказвалі на пытаньні па-расейску. Тут справа ня ў выбары іх саміх — у турме, якая ў нас падкрэсьлена псыхапатычная, катавальная, яны пазбаўленыя выбару.

Справа ў тым, што беларушчына — мова і ідэнтычнасьць, гістарычная памяць — гэта якраз тое, з чым літоўцы ў 1991-м перамаглі. Гэта значыць, што ў нашых абставінах і ў нашым кутку Эўропы менавіта так гэта ўсё і працуе: беларушчына дае нам спадзеў і шанец на будучыню менавіта як нацыі, а не як насельніцтву. Нацыя — вялікая сіла, і беларусы ўжо паказалі гэта і ў 1918-м, і ў 1991 годзе. Ані ў часы БНР, ані ў часы незалежнасьці і Шушкевіча беларускія сілы ніколі не былі псыхапатамі. Сындром заўсёды прыходзіў з Масквы. Агрэсіўна прыходзіў і быў падкрэсьлена антыбеларускім.

Калі я чую, як лукашысты, як мантру, паўтараюць пра «незалежнасьць» ці пра «нацыянальную бясьпеку», я думаю пра тое, што хлусьня — ці ня першая прыкмета псыхапатыі. Беларусь усё больш і больш залежная ад Расеі, «нацыянальная бясьпека» зьяўляецца адкрытай вайной з усімі праявамі беларускага нацыянальнага. То бок гэтыя паняткі на справе азначаюць пэрсанальнае самасьцьверджаньне чынавенства за кошт іншых. Псыхапатыя ніколі нічога не будуе, яна разбурае ўсё навокал, у тым ліку і самую сябе.

Ці ня выйдзе так, што сындром запалоніць і зьменіць сьвядомасьць усіх беларусаў, як тое бывала ў паваенныя часы? Тут ізноў варта ўскладаць спадзевы на эміграцыю і на новыя пакаленьні ўсярэдзіне краіны. Гэта цалкам лягічны шанец для краіны пазбавіцца ад псыхапатыі і зьнішчэньня ды выйсьці з буралому на сваю нацыянальную дарогу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG