Значны прагрэс быў дасягнуты ў спыненьні агню ў сэктары Газа і вызваленьні закладнікаў пасьля таго, як адміністрацыі Джо Байдэна і Дональда Трампа пачалі працаваць поплеч, каб абгрунтаваць тэрміновасьць, заявіў Reuters амбасадар ЗША ў Ізраілі Джэк Лью, які пакідае пасаду, піша AP.
15 месяцаў Лью ў якасьці пасланьніка прэзыдэнта Байдэна супалі з вайной, якая пачалася 7 кастрычніка 2023 году з нападу палестынскага руху ХАМАС на Ізраіль з наступным нападам Ізраіля на Газу. 69-гадовы Лью перадасьць ролю амбасадара Майку Гакабі, баптысцкаму служку і былому губэрнатару Арканзасу, калі Трамп вернецца ў Белы дом. Свае словы аб прагрэсе ў перамовах Джэк Лью прамовіў яшчэ да заключэньня пагадненьня паміж бакамі.
У прыватнасьці ён сказаў, што двупартыйнае супрацоўніцтва ЗША пачалося адразу пасьля абраньня рэспубліканца Трампа прэзыдэнтам.
«Я думаю, што быў дасягнуты вялікі прагрэс. Той факт, што ў вас ёсьць адміністрацыя, якая сыходзіць, і новая адміністрацыя, якія працавалі поплеч, каб абгрунтаваць тэрміновасьць, я думаю, быў заўважаны ўсімі бакамі», — сказаў Лью.
Лью прызнаў той значны час, які Байдэн прысьвяціў перамовам, калі яго паўнамоцтвы набліжаліся ўжо да канца, і вітаў удзел Трампа, які сказаў, што ХАМАС «давядзецца плаціць», калі ня вызваліць закладнікаў да таго, як ён пяройме пасаду ад Байдэна 20 студзеня.
Нягледзячы на вострыя рознагалосьсі паміж сваімі кіраўнікамі, якія ўзьніклі ў цяжкі год у амэрыканскай палітыцы, прадстаўнік Трампа па Блізкім Усходзе Стыў Віткаф і прадстаўнік Байдэна Брэт Макгурк працавалі разам з пасярэднікамі з Эгіпту і Катару, каб заключыць доўгі час недасяжнае пагадненьне аб спыненьні агню, якое прадугледжвае вызваленьне закладнікаў і палестынскіх зьняволеных, якія ўтрымліваюцца Ізраілем.
Лью сказаў, што ізраільская палітыка была разьлічана на абмежаваньне шкоды цывільнаму насельніцтву, але ў кожнай вайне ёсьць памылкі, і Ізраіль на самым высокім узроўні запэўніў ЗША, што ў выпадку дапушчэньня памылак людзі будуць прыцягнутыя да адказнасьці.
Лью, які, як і Байдэн, выступае за мірнае пагадненьне, якое прадугледжвае будучую арабскую дзяржаву побач з Ізраілем, быў асьцярожны ў ацэнцы сваіх адносін з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нэтаньягу, які цьвёрда выступае супраць палестынскай дзяржавы, адзначае Reuters.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам і «Хэзбалой». Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
- 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум