Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль і ХАМАС дасягнулі пагадненьня аб спыненьні агню і вызваленьні закладнікаў


Рэакцыя сваякоў ізраільскіх закладнікаў на навіну аб дасягненьні пагадненьня паміж Ізраілем і ХАМАС, Тэль-Авіў, 15 студзеня 2025
Рэакцыя сваякоў ізраільскіх закладнікаў на навіну аб дасягненьні пагадненьня паміж Ізраілем і ХАМАС, Тэль-Авіў, 15 студзеня 2025

Ізраіль і радыкальная групоўка ХАМАС заключылі дамоўленасьць аб часовым спыненьні агню і вызваленьні часткі ізраільскіх закладнікаў, захопленых пры нападзе 7 кастрычніка 2023 году.

Пра гэта абвясьціў на прэсавай канфэрэнцыі прэм’ер-міністар Катару Махамэд бін Абдулрахман аль-Тані.

Дасягненьне дамоўленасьці пацьвердзілі таксама ўлады Ізраілю і прадстаўнікі ХАМАС. Яна пачне дзейнічаць у бліжэйшую нядзелю, 19 студзеня.

Ізраільскія СМІ прыводзяць умовы ўгоды. Паводле іх, ХАМАС вызваліць 33 ізраільскіх закладнікаў. Ізраіль у адказ абавязваецца вызваліць з турмаў зьняволеных, прызнаных вінаватымі ў супрацоўніцтве з ХАМАС і ў нападах на ізраільцян. У абмен на кожнага цывільнага закладніка ХАМАС атрымае 30 асуджаных, на кожнага вайскоўца — 50 асуджаных.

Пры гэтым не ўдакладняецца, колькі з закладнікаў, якіх вызваляюць, жывыя, а ў адносінах да некалькіх размова ідзе аб перадачы целаў.

Як паведамляе 12-ы тэлеканал ізраільскай тэлевізіі, спачатку будуць вызваляць тых, хто застаўся ў жывых. Першых трох закладнікаў могуць адпусьціць ужо 19 студзеня. На сёмы дзень перамір’я, 26 студзеня, будуць вызваленыя яшчэ чацьвёра закладнікаў.

Затым ХАМАС павінен будзе вызваляць па тры закладнікі кожны тыдзень — на 14-ы, 21-ы, 28-ы і 35-ы дзень перамір’я. На апошнім тыдні перамір’я будуць вызваленыя астатнія 14 закладнікаў са сьпісу.

Угода прадугледжвае спыненьне агню на шэсьць тыдняў, адпраўку ў сэктар Газа 600 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай і паступовы вывад ізраільскіх войскаў з сэктару.

Інфармацыю аб дасягнутым пагадненьні і хуткім вызваленьні закладнікаў пацьвердзіў і абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

«У нас ёсьць дамоўленасьць па закладніках на Блізкім Усходзе. Яны будуць вызваленыя бліжэйшым часам», — напісаў абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social.

Дзейны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прывітаў пагадненьне, адзначыўшы, што важную ролю ў яго дасягненьні адыграла амэрыканская дыпляматыя.

Пасьля атрыманьня паведамленьняў аб дамоўленасьці на вуліцы гораду Хан-Юніс у сэктары Газа выйшлі сотні людзей. Яны сьвяткуюць заключэньне ўгоды. На вуліцах ізраільскіх гарадоў людзі таксама сьвяткуюць хуткае вяртаньне часткі закладнікаў.

  • Вайна Ізраілю і ХАМАС пачалася 7 кастрычніка 2023 году з масаваных ракетных удараў узброеных груповак ХАМАС і «Ісламскі джыгад» з сэктару Газа, заходу баевікоў на тэрыторыю краіны і захопу закладнікаў. У адказ Ізраіль пачаў наносіць масаваныя авіяўдары па сэктары Газа, а позна ўвечары 27 кастрычніка зайшоў буйнымі сіламі на тэрыторыю паўночнай часткі сэктару.
  • У выніку вайны ў Ізраілі з 7 кастрычніка 2023 году загінулі 1200 чалавек, больш за 240 былі захопленыя баевікамі ХАМАС у якасьці закладнікаў.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG