Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія – перавозчык беларускіх угнаеньняў падала на Літву ў міжнародны арбітраж


Беларуськалій, ілюстрацыйнае фота
Беларуськалій, ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Літвы, уласьнік гэтай кампаніі, Ігар Удавіцкі фігураваў у расьсьледаваньні парлямэнцкай камісіі аб незаконным фінансаваньні выбараў і незаконным уплыве на палітычную сыстэму.

Кампанія Hasenberg, часткай акцый якой валодае грамадзянін Літвы Ігар Удавіцкі, зьвярнуўся ў міжнародны арбітраж супраць Літвы па кампэнсацыю шкоды, нанесенай у выніку санкцый супраць беларускага прадпрыемства «Беларуськалій».

Як паведаміла літоўскае выданьне lrt.lt, гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў Міністэрстве транспарту і сувязі Літвы — паведамленьне аб пазове там атрымалі ў кастрычніку 2024 году.

Паводле літоўскага выданьня, кампанія хоча спагнаць зь дзяржавы 15 мільярдаў эўра.

Кампанія Hasenberg з рэгістрацыяй у Швайцарыі валодае 65% акцый клайпедзкага тэрміналу насыпных грузаў Birių krovinių terminalas (BKT), яшчэ 5% належаць Ігару Ўдавіцкаму, а 30% — «Беларуськалію».

Ігар Удавіцкі таксама зьяўляецца бэнэфіцыярам зарэгістраванай у Латвіі кампаніі Fortis Asset Management, якая валодае 100% акцый кампаніі Hasenberg.

Hasenberg у арбітражы спрабуе даказаць, што Літва праз спыненьне транзыту калійных угнаеньняў зь Беларусі нібыта нанесла шкоду дзьвюм кампаніям — уласна Hasenberg і яшчэ адной кампаніі Ўдавіцкага Gargždų geležinkelis, што стварыла дэфіцыт угнаеньняў і прадуктаў харчаваньня ў Афрыцы і Лацінскай Амэрыцы.

Кампанія Ўдавіцкага таксама спрабуе даказаць, што санкцыі ЭЗ у гэтым выпадку нядзейсныя, паколькі паміж Швайцарыяй і Літвой ёсьць двухбаковая дамова аб заахвочваньні інвэстыцый і іх узаемнай абароне.

Як стала вядома журналістам, кампанія Hasenberg таксама скардзіцца на Літву за тое, што ў лютым 2023 году цэнтар журналісцкіх расьсьледаваньняў Siena («Сьцяна») разам з партнэрамі раскрылі магчымую схему абыходу санкцый Эўразьвязу, якую выкарыстоўвалі для дастаўкі ў Літву карбамідных угнаеньняў беларускага прадпрыемства «ГроднаАзот».

Згодна зь інфармацыяй з адкрытых крыніц, транспартна-экспэдытарскія паслугі па карбамідных угнаеньнях, якія даставілі на склады ў клайпедзкі порт, надавала кампанія Uosto vartai.

Аднак адвакат Прафэсійнай адвакацкай супольнасьці Marsus Рапалас Каспаравічус заявіў, што яму здаецца дзіўным, што зарэгістраваная ў Швайцарыі кампанія, якая належыць праз пасярэднікаў грамадзяніну Літвы, падае на Літву ў міжнародны арбітраж. Паводле яго, як правіла, дамовы аб абароне інвэстыцый абараняюць інтарэсы іншаземных інвэстараў.

5 сьнежня 2024 году стала вядома, што пазоў «Беларуськалію» супраць Літвы будзе разглядаць Пастаянны арбітражны суд у Швайцарыі (Permanent Court of Arbitration, PCA), які раней спыніў працэс, бо беларускі бок ня змог унесьці аванс у памеры 300 тысяч эўра для пачатку разгляду яго пазову.

Арбітражны суд прыняў пазоў «Беларуськалію» 17 кастрычніка 2023 году і прапанаваў кожнаму баку працэсу ўнесьці свой аванс у памеры 300 тысяч эўра для пачатку разгляду.

Аднак у чэрвені 2024 году беларускі бок зьвярнуўся ў арбітраж па прыпыненьне працэсу празь немагчымасьць аплаціць аванс з прычыны заблякаваных рахункаў. На той момант Міністэрства фінансаў Нідэрляндаў не дало дазволу ажыцьцявіць такі плацеж, і суд спыніў працэс да 24 жніўня.

Ігар Удавіцкі фігураваў у расьсьледаваньні парлямэнцкай камісіі аб незаконным фінансаваньні выбараў і незаконным уплыве на палітычную сыстэму.

«Некаторыя сябры перадвыбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Наўседы, а таксама сам Наўседа ў 2018–2019 гадах сустракаліся з асобамі, якія займаліся беларускім бізнэсам па вытворчасьці ўгнаеньняў, а таксама мэнэджэрамі (акцыянэрамі) і прадстаўнікамі камэрцыйных кампаній», — адзначалася ў высновах камісіі. Камісія вывучала, ці маглі гэтыя асобы незаконна ўплываць на Наўседу, каб пазьбегнуць санкцый на прадукцыю, рэалізацыяй якой яны займаліся.

Некаторыя дэпутаты палічылі высновы парлямэнцкай камісіі падставай для пачатку імпічмэнту Наўседзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG