Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гродна Азот» у абыход санкцый пастаўляе карбамід на рынкі Чэхіі і Польшчы


Прадпрыемства «Гродна Азот»
Прадпрыемства «Гродна Азот»

Чарговае беларускае дзяржаўнае прадпрыемства, якое знаходзіцца пад санкцыямі за дзеяньні рэжыму Лукашэнкі і саўдзел у вайне супраць Украіны, знайшло спосаб прадаваць сваю прадукцыю ў Эўразьвяз.

У Чэхію і Польшчу дастаўляюць карбамід, выраблены хімічным шляхам на прадпрыемстве «Гродна Азот», пра гэта піша Чэскі цэнтар расьсьледніцкай журналістыкі. Цэнтар адзначыў, што Дзяржаўная мытная служба Чэхіі парушэньня санкцый не фіксуе.

Тое самае, адзначаюць аўтары матэрыялу, адбываецца зь беларускай драўнінай, якая таксама вырабляецца на падсанкцыйных прадпрыемствах у Беларусі, а па дакумэнтах праходзіць як прадукцыя Кіргізстану.

Паводле экспэрта ў санкцыях Іржы Скухраўца, у справе патрэбна большая празрыстасьць.

«Пакуль ёсьць магчымасьць хаваць паходжаньне тавараў і структуру ўласнасьці кампаній, якія імі гандлююць, абыход санкцый, накладзеных на міжнародны гандаль, будзе існаваць параўнальна бесклапотна».

Беларуская кампанія «Тэхнаспэцтрэйдынг» хваліцца на сайце прапановаў працы, моўных курсаў, адзеньня і перавозак flagma.com, што можа свабодна імпартаваць карбамід як у Эўразьвяз, так і ў іншыя краіны сьвету. Адна мэтрычная тона іх грануляванай мачавіны каштуе 300 эўра. Паводле дадзеных сэрвэру The Global Economy, гэта на 32,5 эўра таньней за цяперашнюю сярэднюю цану на гэты прадукт.

Менавіта «Тэхнаспэцтрэйдынг» пазначалі экспартэрам тавару на «Гродна Азоце», каб ён бесьперашкодна мог трапіць на рынак ЭЗ.

«Гродна Азот» зьяўляецца адзіным вытворцам карбаміду ў Беларусі. Эўразьвяз разам з Канадай, Злучанымі Штатамі, Вялікай Брытаніяй, а потым і Швайцарыяй увялі санкцыі ў дачыненьні прадпрыемства яшчэ ў 2021 годзе з прычыны «працягу парушэньняў правоў чалавека і асноўных свабодаў на тэрыторыі Беларусі». Гэта адбылося пасьля таго, як прэзыдэнцкія выбары ў краіне ў чарговы раз прызналі сфальшаванымі на карысьць нязьменнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

Сёлета літоўскі бізнэсовец Саўлюс Коціс заявіў, што праз сваю кампанію ў Кіргізстане дапамагаў абыходзіць санкцыі супраць «Гродна Азоту», і прынёс публічныя прабачэньні. Схему выкрыў літоўскі расьсьледніцкі цэнтар Siena.

Беларускі карбамід прадаваўся ў Літве праз фірму-«пракладку». Перавозку ўгнаеньняў па чыгунцы аплаціла клайпедзкая кампанія Girera, а пакупніком значыцца фірма Misir. Co з Кіргізстану. Пасьля выхаду расьсьледаваньня і прабачэньняў Коціса дамову скасавалі, а кіргіскую фірму зьліквідавалі.

«Гродна Азот» — далёка не адзінае дзяржаўнае прадпрыемства, што абыходзіць міжнародныя санкцыі і знаходзіць спосабы рэалізацыі ўласнай прадукцыі ў Эўразьвязе. Раней Беларускі расьсьледніцкі цэнтар высьветліў, што набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Аляксандар Шакуцін на санкцыях нават зарабляе.

Каб абысьці санкцыі, беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць розныя спосабы — гэта і пераафармленьне бізнэсу на іншых асобаў, і перарэгістрацыя тавараў, і фірмы для прыкрыцьця паставак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG