NATO з канца тыдня пачне ахоўваць крытычна важныя аб’екты ў Балтыйскім моры, выкарыстоўваючы для гэтага да 10 караблёў, паведамляе фінскі партал тэлерадыёвяшчаньня Yle.
Ахову забясьпечаць караблі, якія ўжо знаходзяцца ў Балтыйскім моры, а таксама тыя, якія непасрэдна накіруюць краіны NATO. Гэтыя сілы застануцца ў моры да красавіка.
Караблі будуць выконваць у асноўным стрымальную функцыю і патруляваць раёны, дзе разьмешчаныя энэргетычныя і тэлекамунікацыйныя кабэлі. Пры гэтым у міжнародных водах NATO ня мае права перашкаджаць праходу судоў іншых краінаў.
Ахову Фінскага заліва працягнуць сіламі Фінляндыі і Эстоніі.
Ваенны саюз NATO вырашыў узмацніць прысутнасьць у Балтыйскім моры на просьбу Фінляндыі і Эстоніі на фоне пашкоджаньняў падводных кабэляў, якія адбыліся ў апошні час.
25 сьнежня 2024 году ўлады Фінляндыі і Эстоніі западозрылі, што танкер Eagle S пашкодзіў электрычны кабэль Estlink 2 і чатыры тэлекамунікацыйныя кабэлі ў Фінскім заліве. На думку Хэльсынкі і Таліна, танкер уваходзіць у «ценявы флёт» Расеі і дапамагае абыходзіць заходнія санкцыі, пастаўляючы расейскую нафту ў трэція краіны. Фінская паліцыя паведаміла пра выяўленьне якара на маршруце, якім рухаўся танкер.
Танкер затрымалі фінскія ўлады. Капітан і адзін чалец нафтавага танкера зьяўляюцца грамадзянамі Грузіі, паведаміла Радыё Свабода Агенцтва марскога транспарта Грузіі. Прадстаўніка амбасады Грузіі праінфармавалі пра затрыманьне двух чальцоў экіпажу.
У лістападзе 2024 года быў пашкоджаны кабэль паміж Швэцыяй, Літвой, Фінляндыяй і Нямеччынай.
У кастрычніку 2023 году судна «Нью-нью полар бір» пашкодзіла газаправод Balticconnector і некалькі кабэляў.
Масква сваё дачыненьне да пашкоджаньня падводнай інфраструктуры ў Балтыйскім моры абвяргае.
Форум