Пасьля 30 сьнежня пасажыры менскага мэтро могуць карыстацца трыма новымі станцыямі: «Аэрадромная», «Немаршанскі сад» і «Слуцкі гасьцінец». Яны сталі працягам трэцяй, Зеленалускай лініі, якая будуецца з 2014 году. Першыя яе станцыі плянавалася адкрыць яшчэ ў 2017-м, але адбылося гэта толькі ў лістападзе 2020-га.
Паводле праекту, трэцяя лінія мае налічваць 14 станцый і злучаць мікрараён Зялёны Луг (станцыі «Зялёны Луг, «Лагойская») з цэнтрам і Курасоўшчынай (станцыя «Слуцкі гасьцінец»).
Колькі каштуе мэтро
На адкрыцьці новых станцый кіраўнік Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў агучыў кошт будаўніцтва: адзін кілямэтар мэтро каштуе беларускаму бюджэту 70 мільёнаў даляраў. Агулам тры новыя станцыі абышліся ў 832 мільёны рублёў (239 мільёнаў даляраў).
На адкрыцьці Лукашэнка паабяцаў старшыні Менгарвыканкаму зорку Героя, калі будаваць мэтро будуць таньней — па 50 мільёнаў за кілямэтар. Раней гучалі меншыя лічбы: у 2014 годзе называлася сума ад 40 да 60 мільёнаў за кілямэтар у залежнасьці ад глыбіні. З 2018 году чыноўнікі ўжо агучвалі кошт 70 мільёнаў.
Калі ж пералічваць з улікам сёньняшняга кошту, то ўся Зеленалуская лінія будзе каштаваць больш за 1,2 мільярда даляраў.
Аўтар канала пра ўрбаністыку «Фактар гораду» Данііл Аленіюс у размове са Свабодай расказаў, што такі кошт ня надта высокі. Аднак можна зрабіць будаўніцтва мэтро яшчэ таньнейшым і хутчэйшым. Для гэтага патрэбная канкурэнцыя розных кампаній.
«Гэта звычайны кошт, аднак у Менску, у адрозьненьне ад Эўропы, няма конкурсу ад тых, хто будзе выконваць праект. У Беларусі дзяржава сама сабе замаўляе гэты праект і сама яго выконвае. Няма такога, каб іншыя кампаніі прапаноўвалі розныя выгадныя для гораду рашэньні, каб на конкурсе абіралі лепшы праект», — расказвае блогер.
У Менску мэтро будуе дзяржаўная арганізацыя «Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага мэтрапалітэну». Праектуе — «Мінскмэтропраект». А, напрыклад, у Варшаве новымі станцыямі мэтро лініі М2 цяпер займаецца турэцкая кампанія Gülermak.
Яшчэ адзін фактар, які ўплывае на кошт, — лякалізацыя зборкі вагонаў. Вагоны для новай лініі мэтро Беларусь цяпер набывае ў Расеі. Хоць першапачаткова плянавалася, што ў менскай падземцы будуць езьдзіць электрычкі Stadler, якія зьбіраюць у Беларусі.
Аднак улетку 2023 году завод Stadler адмовіўся рабіць вагоны для беларускага мэтро з прычыны санкцый.
Яшчэ ў 2023 годзе Беларусь заключыла кантракт на пастаўку 28 новых вагонаў, а гэта сем саставаў. Паставіць іх мае расейскі завод «Метровагонмаш».
Што кажуць карыстальнікі
Свабода паразмаўляла зь некалькімі людзьмі, якія карыстаюцца трэцяй лініяй мэтро. Па іх словах, пасьля адкрыцьця новых станцый пасажырапаток павялічыўся. Калі раней цягніка даводзілася чакаць даўжэй, то цяпер інтэрвал скараціўся. Як кажуць суразмоўцы, найбольш новыя станцыі карысныя для жыхароў раёну Мінск-Мір, бо раней у іх былі праблемы з транспартным злучэньнем. Што да станцый, то, па словах нашых суразмоўцаў, яны выглядаюць зручнымі і сучаснымі.
Адзін зь іх заўважыў, што пераход паміж лініямі у раёне станцыі «Вакзальная» занадта даўгі і ня вельмі зручны.
Ці ёсьць альтэрнатывы
Пакуль будавалася трэцяя лінія мэтро, урбаністы і спэцыялісты з горадабудаўніцтва ня раз падымалі тэму, ці варта далей разбудоўваць падземку.
Прапаноўваліся больш танныя альтэрнатывы: хуткасны трамвай ці гарадзкія электрычкі. Напрыклад, у ЗША будаўніцтва LRT (лінія лёгкага рэйкавага транспарту) абыходзіцца ўсяго ў 20–30 мільёнаў даляраў за кілямэтар.
На думку блогера Данііла Аленіюса, плян будоўлі беларускага мэтро рабіўся яшчэ за савецкім часам, і цяпер яго варта было б перагледзець.
«З моманту, калі зьявіўся генэральны плян мэтрапалітэну, горад значна зьмяніўся: была індустрыяльная савецкая эканоміка, а стала постындустрыяльная. З таго часу плян можна было перарабляць. Трэцюю лінію можна было б перапраектаваць, бо яна задумвалася таксама з улікам разбудовы раёну першага аэрапорту, з улікам прамысловых прадпрыемстваў у Лошыцы, таго ж „Камволя“», — кажа Данііл.
Што да альтэрнатываў, то ў Менску іх часткова спрабавалі рэалізаваць, але не ўлічылі шмат асаблівасьцяў, кажа экспэрт.
«Напрыклад, ёсьць гарадзкія лініі электрычак. Калі б яны ішлі са станцыі Беларусь і ня мелі канцавой станцыі на вакзале, а праходзілі б транзытам і спыняліся на станцыях „Мінск-Мір“, „Камволь“, станцыя „Маладзёжная“ — гэта быў бы добры варыянт. А так яны спыняюцца на вакзале і маюць крытычна малы пасажырапаток — мільён на год. А мэтро мае 600 тысяч пасажыраў на дзень», — параўноўвае суразмоўца.
Беларускія чыноўнікі ня раз выказваліся і пра разьвіцьцё трамвайных ліній. У 2019 годзе тагачасны кіраўнік Менгарвыканкаму Анатоль Сімак дзяліўся плянамі наконт хуткаснага трамваю ад мікрараёну Сухарава да станцыі мэтро «Фрунзэнская». Гэты праект так і не рэалізаваўся.
Паводле Данііла Аленіюса, для ўладаў мэтро — гэта яшчэ і ідэалёгія.
«На жаль, трамвай — гэта ня так мэдыйна для ўладаў. Узровень кампэтэнцыі людзей, якія прымаюць рашэньне, ня вельмі высокі. Рашэньне прымае не грамадзтва. Мэтро — таксама гэта і фактар бясьпекі: там ёсьць нейкі набор для жыцьця падчас вайны», — разважае блогер.
Данііл Аленіюс зьвяртае ўвагу на тое, што інклюзіўная інфраструктура мэтро павінна працаваць для ўсіх. Калі ў мэтро ёсьць ліфт, то ім павінен мець магчымасьць скарыстацца ня толькі чалавек з інваліднасьцю, але кожны, каму гэта трэба.
«Калі я яшчэ быў у Менску, то там ліфты шмат дзе не працавалі. Была кнопка выкліку пэрсаналу, гэта было зроблена толькі для людзей з інваліднасьцю. А трэба, каб тымі ж ліфтамі мог скарыстацца і чалавек з роварам, з торбай», — зважае блогер.
Ці можна працягнуць мэтро ў гарады-спадарожнікі
На адкрыцьці новых станцый Лукашэнка агучваў ідэю правесьці наземнае мэтро ў гарады-спадарожнікі. Напрыклад, ад Менску да Дзяржынску — 31 кілямэтар. Калі мераць цяперашнім коштам, то такое мэтро будзе каштаваць больш за 2 мільярды даляраў.
Паводле Данііла Аленіюса, гарады-спадарожнікі для ўлады наогул сталі няўдалым экспэрымэнтам.
«Пад іх пабудавалі гарадзкія чыгуначныя лініі. Аднак людзі ня хочуць проста так, бязь нейкіх бонусаў і прывабных умоў, набываць жыльлё ў гарадах-спадарожніках. Прыгарады працуюць у рынкавых эканоміках, калі рынкам выбудоўваецца прыемная цана на такое жыльлё. У Беларусі ж там улада проста будуе льготную нерухомасьць», — зважае суразмоўца.
Пакуль жа пляны — дабудаваць трэцюю лінію. Праект разьвіцьця мэтро прадугледжвае і чацьвёртую — кальцавую. Адкрыць першы яе ўчастак плянуюць толькі ў 2040 годзе.
Цяпер менскае мэтро налічвае 36 станцый, працягласьць усіх трох ліній — 45 кілямэтраў. На новай Зеленалускай лініі пакуль працуе 7 станцый. Менскі мэтрапалітэн запрацаваў у 1984 годзе. Самай загружанай (57,7% пасажырапатоку) лічыцца Маскоўская лінія, якая на сёньняшні момант зьвязвае мікрараёны «Малінаўка» і «Ўручча».
Форум