Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску моцная залева, падтапіла 38 участкаў дарог і дзьве станцыі мэтро

абноўлена

Залева ў Менску, архіўнае фота
Залева ў Менску, архіўнае фота

Вада затапіла шэраг сталічных вуліц, была паралізаваная праца 46 маршрутаў грамадзкага транспарту.

Па стане на 13:00 ліўнем у Менску было падтоплена 38 участкаў дарог, паркінг, адзін будынак і два падземныя пераходы, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.

«Найбольш складаным участкам» ведамства назвала раён станцыі мэтро «Парк Чалюскінцаў», рух на якой быў прыпынены.

«На месцы працуюць ратавальнікі. Пры дапамозе мотапомп яны праводзяць работы па адпампоўцы вады», – гаворыцца ў паведамленьні МНС. Да гэтага моманту работа станцыі адноўлена.

Акрамя гэтага, зазначае МНС, закрыты вэстыбюль на станцыі мэтро «Ўсход».

Зза непагадзі ў сталіцы была паралізаваная праца 46 маршрутаў грамадзкага транспарту: 24 тралейбусныя, 16 аўтобусных і 6 трамвайных.

Вада затапіла розныя ўчасткі амаль 30 вуліц і праспэктаў, у тым ліку Незалежнасьці і Пераможцаў. У асноўным непагадзь закранула паўночную палову горада і цэнтар.

Дзяржаўнае транспартнае прадпрыемства «Менсктранс» паведаміла пра спыненьне наземнага транспарту на многіх маршрутах у Менску.

Пра некаторыя праблемныя адрасы напісала «Мінская праўда».

  • На праспэкце Пераможцаў у абодвух кірунках спыніліся тралейбусы маршруту №10 і аўтобусы маршрутаў № 1, 44, 136, 133, 119с.
  • На Сурганава, Куйбышава спыніліся тралейбусы маршрутаў № 33, 34, 35, 38, 92.
  • На Кальварыйскай, Пінскай — тралейбусы на маршрутах № 7, 9, 44.
  • На Карастаянавай, Арлоўскай — тралейбусы на маршрутах № 40, 92.

Празь вялікую колькасьць вады, якая затапіла вуліцы, стала амаль немагчыма праехаць з Бараўлянаў па Менскай кальцавой аўтадарозе ў Менск.

Сталічныя пасты ДАІ перакрываюць праезд на затопленыя ўчасткі Менску — адзін з такіх заўважылі ў раёне Ўручча: на ўзбочынах стаяць машыны. Кіроўцы не рызыкуюць выяжджаць на дарогу — празь сьцяну дажджу амаль нічога не відаць.

Затапіла і станцыю мэтро «Парк Чалюскінцаў». Праз гэта станцыю часова закрылі.

На некаторых маршрутах грамадзкага транспарту, якія пакуль не спыніліся, назіраюцца вялікія спазьненьні.

Праз высокі ўзровень вады стала немагчыма прайсьці па шэрагу вуліц.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG