Генэрал-маёр Раман Гофман павінен замяніць цяперашняга кіраўніка Масаду Дэвіда Барня ў чэрвені 2026 году. Пра гэта заявіла 4 сьнежня канцылярыя прэм’ер-міністра краіны, перадае The Jerusalem Post.
«Пасьля сумоўяў з рознымі кандыдатамі прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньягу вырашыў прызначыць свайго вайсковага сакратара, генэрал-маёра Рамана Гофмана, на пасаду кіраўніка Масаду ў выведцы і спэцыяльных апэрацыях Дзяржавы Ізраіль», — заявіла канцылярыя прэм’ер-міністра.
Заяўку на прызначэньне Гофмана на пасаду пададуць Кансультатыўнаму камітэту ў прызначэньнях на кіроўчыя пасады.
Вайсковым сакратаром кіраўніка ўраду Гофман стаў у красавіку 2024 году. Вайсковы сакратар кансультуе прэмʼер-міністра Ізраілю ў пытаньнях бясьпекі і абароны.
Хто такі Раман Гофман?
Раман Гофман — ураджэнец беларускага Мазыра, прыехаў у Ізраіль у 1990 годзе ў 14-гадовым узросьце. Сямʼя пасялілася ў Ашдодзе. У 1995 годзе быў прызваны на службу ў бранятанкавыя войскі арміі абароны Ізраілю. Пасьля тэрміновай службы вырашыў працягваць вайсковую карʼеру. Браў удзел у некалькіх антытэрарыстычных апэрацыях. Ён стаў першым прадстаўніком масавай рэпатрыяцыі габрэяў з былога СССР, які дасягнуў званьня брыгаднага генэрала і атрымаў дывізію пад сваё камандаваньне.
27 кастрычніка 2022 году Гофман уступіў на пасаду камандзіра Нацыянальнага цэнту вучэньняў сухапутных войскаў. У кастрычніку 2023 году падчас уварваньня баевікоў ХАМАС на тэрыторыю Ізраілю Гофман атрымаў цяжкае раненьне і перанёс некалькі апэрацый.
Раман Гофман жанаты, у яго тры дачкі.
Форум