Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча зьмяніла Вугоршчыну на пасадзе старшыні Рады ЭЗ. Чаго ад гэтага чакаць Беларусі


Дональд Туск, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Дональд Туск, архіўнае ілюстрацыйнае фота

1 студзеня 2025 году Польшча прыступіла да выкананьня абавязкаў старшыні Рады Эўразьвязу, паведамляе «Польскае радыё».

Міністар у справах ЭЗ польскага ўраду Адам Шлапка паведаміў, што лёзунг старшынства Варшавы — «Бясьпека, Эўропа».

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск у апошнія месяцы неаднойчы заяўляў, што Эўразьвяз павінен браць на сябе больш адказнасьці за гарантаваньне ўласнай бясьпекі. «Мы павінны падтрымліваць адносіны з ЗША, але Эўропа павінна стаць незалежнай, павінна стаць на ногі. Эпоха страху і няўпэўненасьці ў адносінах да Расеі павінна скончыцца», — цытуе ў прыватнасьці DW словы Туска перад сустрэчай зь лідэрамі скандынаўскіх і Балтыйскіх краінаў у канцы лістапада.

Польскі прэм’ер таксама заяўляў, што магчымыя перамовы аб завяршэньні вайны ва Ўкраіне павінны весьціся ня толькі з удзелам ЗША і Расеі: ён настойвае на тым, каб у іх удзельнічалі як сама Украіна, так і Эўразьвяз. Падыход Польшчы адрозьніваецца ад падыходу Вугоршчыны: прэм’ер-міністар гэтай краіны Віктар Орбан заяўляе пра неабходнасьць мірных перамоваў без папярэдніх умоваў і фактычна адмаўляе Ўкраіне ў падтрымцы.

Польшча плянуе працаваць над узмацненьнем санкцыяў супраць Беларусі і Расеі і супрацьдзейнічаць спробам іх абходу, гаворыцца ў праграме старшынства Польшчы. Асаблівую ўвагу плянуюць надаць выкарыстаньню замарожаных актываў расейскага Цэнтрабанка для дапамогі Ўкраіне. Таксама Польшча будзе выступаць супраць удзелу прадстаўнікоў Беларусі і Расеі ў органах міжнародных арганізацыяў.

«Важнай часткай працы стане таксама пытаньне рэалізацыі мытнымі органамі санкцый ЭЗ супраць Расеі і Беларусі», — гаворыцца ў дакумэнце.

Таксама асаблівую ўвагу Варшава плянуе надаць праблеме міграцыі, «уключаючы процідзеяньне яе інструмэнталізацыі Расеяй і Беларусьсю».

Польшча будзе старшынстваваць у Радзе ЭЗ паўгода.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG