Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэльгія ініцыюе абмежаваньне магчымасьцяў старшынёўства Вугоршчыны ў ЭЗ


Міністарка замежных спраў Бэльгіі Аджы Лябіб, красавік 2024. Фота AP
Міністарка замежных спраў Бэльгіі Аджы Лябіб, красавік 2024. Фота AP

У 2018 годзе Эўрапейскі парлямэнт запусьціў супраць Вугоршчыны першы этап працэдуры паводле артыкулу 7. Наступны этап гэтай працэдуры называюць «ядзерным варыянтам», паколькі ён прадугледжвае самую сур’ёзную палітычную санкцыю.

Бэльгія, якая цяпер старшынюе ў Радзе Эўразьвязу на ратацыйнай аснове і мусіць перадаць з 1 ліпеня гэтыя паўнамоцтвы Вугоршчыне, заклікала ўрады эўрапейскіх краіны разгледзець магчымасьць пазбаўленьня Вугоршчыны права голасу і выкарыстаньня права вэта.

Як паведаміла ў інтэрвію выданьню Politico міністарка замежных спраў Бэльгіі Аджа Лябіб, вядзецца аб пачатку працэдуры выказваньня недаверу Вугоршчыне паводле артыкулу 7 Дамовы аб Эўразьвязе. Такі крок можа прывесьці да прыпыненьня права голасу краіны ў Эўразьвязе.

«У нас ёсьць Эўропа, якая цяжка прасоўваецца наперад, і, на жаль, некаторыя дзяржавы, у прыватнасьці адна дзяржава, усё часьцей займае пазыцыю, якая заключаецца ў блякаваньні і вэта. Думаю, што мы мусім мець сьмеласьць прымаць рашэньне ісьці да канца артыкулу 7, актываваць артыкул 7 да канца, які прадугледжвае спыненьня права вэта», — заявіла Аджы Лябіб.

У 2018 годзе Эўрапейскі парлямэнт запусьціў супраць Вугоршчыны першы этап працэдуры паводле артыкулу 7. Наступны этап гэтай працэдуры называюць «ядзерны варыянтам», бо ён прадугледжвае самую сур’ёзную палітычную санкцыю, якую Эўразьвяз можа ўвесьці на краіну: прыпыненьне права голасу пры ўхваленьні рашэньняў ЭЗ.

Вугоршчына павінна пераняць старшынёўства ў ЭЗ сёлета 1 ліпеня. Гэта дазволіць Будапэшту вызначаць парадак дня і прыярытэты на 6 месяцаў, нават нягледзячы на тое, што вугорскі прэм’ер Віктар Орбан працягвае перашкаджаць ухваленьню рашэньняў ЭЗ у важных пытаньнях.

«Гэта момант ісьціны. Або мы выконваем свае абавязаньні, што патрабуе палітычнай мужнасьці і сілы волі. Або мы ствараем мэханізмы, якія не працуюць. Таму мы мусім зрабіць выбар», — падкрэсьліла міністарка замежных спраў Бэльгіі.

«Калі мы ідзём да канца з гэтым мэханізмам, ён павінен працаваць. Калі ён не працуе, мы павінны яго рэфармаваць. Гэта будучыня Эўрапейскага Зьвязу», — перакананая яна.

З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня Вугоршчына запавольвала або блякавала вайсковую дапамогу Ўкраіне з боку Эўразьвязу.

Эўрапейскі парлямэнт і Нямеччына выказалі сумнеў у здольнасьці Вугоршчыны ачоліць ЭЗ на 6 месяцаў. Аднак Бэльгія настойвае на тым, каб Вугоршчына выконвала функцыі старшыні, але з абмежаванымі магчымасьцямі.

«Гэта таксама нагадваньне пра тое, што быць сябрам Эўрапейскага Зьвязу азначае паважаць каштоўнасьці, мець правы, доступ да фондаў, быць часткай адзінага рынку, паважаць каштоўнасьці свабоды, свабоды выказваньняў і незалежнасьці судовай сыстэмы. [...] Менавіта таму Вугоршчына цяпер знаходзіцца пад працэдурай артыкулу 7 і ўсё больш і больш ізалюецца», — сказала Аджа Лябіб.

Вугоршчына зьяўляецца адзінай краінай, супраць якой адбываецца санкцыйная працэдура паводле артыкулу 7. Раней такую ж працэдуру пачалі супраць Польшчы, але сёлета ў траўні гэтую справу закрылі.

Прэсавы сакратар прадстаўніцтва Вугоршчыны ў ЭЗ заявіў, што «галоўнай задачай Вугоршчыны цяпер зьяўляецца выратаваць ЭЗ ад вайны ў сваім суседзтве. Калі вайна дабярэцца да ЭЗ, то артыкул 7 будзе найменшай праблемай».

На мінулым тыдні, паводле некаторых крыніц, Вугоршчына на сустрэчы паслоў ЭЗ заблякавала ўхваленьне праекту перамоў аб уступленьні Ўкраіны ў Эўразьвяз «праз праблемы нацменшасьцяў».

Раней паведамлялася аб блякаваньні Вугоршчынай рашэньня аб накіраваньні даходаў ад расейскіх замарожаных актываў на набыцьцё зброі для Ўкраіны, а таксама аб пагрозах Будапэшта сарваць санкцыі супраць экспарту звадкаванага газу з Расеі.

Вугорскі кантэкст для Беларусі

Вугоршчына зьяўляецца адзінай краінай Эўразьвязу, якая ажыцьцяўляе кантакты зь Беларусьсю і выступае супраць санкцый.

Пасьля падтрыманага Беларусьсю расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта тройчы наведваў Беларусь зь візытам. У часе апошняга наведваньня Менску ён прывёз з сабой кіраўнікоў 24 вугорскіх кампаній для правядзеньня бізнэс-форуму.

У Менску Пэтэр Сіярта заявіў, што Вугоршчына ня будзе падтрымліваць рашэньні Эўразьвязу, якія «нэгатыўна ўплываюць на нацыянальныя інтарэсы краіны, яе эканоміку і разьвіцьцё кантактаў зь Беларусьсю».

«Наша рашучасьць і наша пазыцыя адназначныя: ва ўсіх галінах, якіх не датычаць санкцыі, Вугоршчына зацікаўленая ў разьвіцьці супрацы. А для разьвіцьця супрацы мы дамо любую падтрымку. Мы пра гэта гаворым адкрыта, ня ўтойваем нічога», — працытавала Пэтэра Сіярта дзяржаўнае агенцтва БелТА.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 29 траўня з удзелам двух міністраў Сяргея Алейніка і Пэтэра Сіярта прайшло пасяджэньне міжурадавай беларуска-вугорскай камісіі ў эканамічнай супрацы, у часе якой абмеркавалі «тэмы ўзаемадзеяньня ў сфэры энэргетыкі, прамысловай каапэрацыі, аховы здароўя, фармацэўтыкі, будаўніцтва, спорту, турызму, адукацыі і навукі». Адным з вынікаў стала падпісаньне «дарожнай мапы аб супрацы АЭС».

Перад сваёй паездкай Пэтэр Сіярта заявіў, што ягоная мэта — «разьвіцьцё супрацы зь Беларусьсю ў сфэрах, супраць якіх не ўвялі санкцый».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG