Расея скасуе мараторый на разгортваньне ракет сярэдняй і меншай далёкасьці зь ядзернымі боегалоўкамі, паколькі ЗША разьмясьцілі такую зброю ў розных рэгіёнах сьвету, заявіў 29 сьнежня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Адказваючы на пытаньне дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва РИА «Новости», ці можа Расея выйсьці з новай Дамовы аб скарачэньні стратэгічных наступальных узбраеньняў (СНУ) да заканчэньня тэрміну яе дзеяньня ў лютым 2026 году, Сяргей Лаўроў сказаў, што цяпер «няма ніякіх умоваў» для стратэгічнага дыялёгу з Вашынгтонам.
«Сёньня відавочна, што, напрыклад, наш мараторый на разгортваньне ракет малой і сярэдняй далёкасьці ўжо не зьяўляецца практычна жыцьцяздольным і ад яго давядзецца адмовіцца», — сказаў Лаўроў.
Дамова аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (ДРСМД), падпісаная Міхаілам Гарбачовым і Рональдам Рэйганам у 1987 годзе, стала першым выпадкам, калі звышдзяржавы дамовіліся пра скарачэньне сваіх ядзерных арсэналаў і ліквідавалі цэлую катэгорыю ядзерных узбраеньняў.
У 2019 годзе пры адміністрацыі Дональда Трампа ЗША выйшлі з дамовы, заявіўшы, што Масква яе парушае. Пры гэтым Вашынгтон зьвярнуў увагу на распрацоўку Расеяй крылатай ракеты наземнага базаваньня 9М729, вядомай у NATO як SSC-8. Неўзабаве пасьля гэтага Пэнтагон правёў выпрабаваньне балістычнай ракеты наземнага базаваньня, якое было б немагчымым, пакуль дзейнічала ДРСМД.
Пазьней Расея ўвяла мараторый на ўласныя распрацоўкі ракет, раней забароненых ДРСМД, — балістычных і крылатых ракет наземнага базаваньня з далёкасьцю дзеяньня ад 500 км да 5500 км.
У 2018 годзе Трамп заявіў, што хоча скасаваць ДРСМД з прычыны «шматгадовых парушэньняў з боку Расеі» і ягонай занепакоенасьці наконт кітайскага арсэналу ракет сярэдняй далёкасьці.
У сваёй прапанове аб мараторыі Пуцін заявіў, што Расея гатовая пагадзіцца не разьмяшчаць ракеты ў сваім экскляве на Балтыйскім узьбярэжжы — Калінінградзе.
Раней ЗША заявілі, што пачнуць разьмяшчаць ракеты далёкага радыюсу дзеяньня ў Нямеччыне з 2026 году. Мяркуецца разьмясьціць у Нямеччыне ракеты SM-6, крылатыя ракеты «Тамагаўк» і гіпэргукавую зброю, якая распрацоўваецца. У сумеснай заяве Вашынгтону і Бэрліну падкрэсьлівалася, што разгортваньне будзе ажыцьцяўляцца з мэтай прадэманстраваць прыхільнасьць да ўмацаваньня NATO. Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц тады заявіў, што разьмяшчэньне амэрыканскіх далёкабойных ракет на нямецкай тэрыторыі — выключна мера стрымліваньня, і Бэрлін у прынцыпе гатовы адмовіцца ад такога кроку, але толькі ў выпадку, калі Расея спыніць ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне.
21 лістапада 2024 году Расея запусьціла па Ўкраіне новую гіпэргукавую балістычную ракету сярэдняй далёкасьці «Арэшнік» — паводле Пуціна, гэта быў адказ на ўдары па Расеі, якія Ўкраіна нанесла амэрыканскімі і брытанскімі ракетамі.
У сьнежні 2024 году падчас пасяджэньня вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі ў Менску Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін абвясьцілі, што ў другой палове 2025 году Расея разьмесьціць у Беларусі ракеты «Арэшнік». Аднак у дадзеным выпадку размова ідзе пра разьмяшчэньне няядзерных ракет сярэдняй далёкасьці, як і ў прыгаданым рашэньні ЗША і Нямеччыны наконт разьмяшчэньня амэрыканскіх ракет у Нямеччыне.
Форум