Кампанія Rakuten, якая валодае папулярным мэсэнджарам Viber, скараціла частку менскай каманды і, падобна, спыніла наём у Беларусі, піша Devby. Але пры гэтым кампанія наймае работнікаў у Польшчы, дзе плянуе адкрыць офіс у 2025 годзе.
У менскім офісе ў пачатку 2025 году працавалі каля 150 спэцыялістаў. У студзені некаторым зь іх, у тым ліку з шматгадовымі дзейнымі кантрактамі, кіраўніцтва паведаміла аб скарачэньнях.
Супрацоўнікі, зь якімі Devby удалося пагаварыць на ўмовах ананімнасьці, мяркуюць, што гэта «не менш за 5% ад усёй каманды». Самая папулярная думка: скарачэньні зьвязаныя з аптымізацыяй выдаткаў пасьля блякавання Viber у Расеі ў канцы 2024 году, калі кампанія страціла значную частку карыстальнікаў.
У студзені 2025 на агульнай онлайн-сустрэчы супрацоўнікам расказалі пра пляны адкрыць офіс у Польшчы. На сёньня зьявілася каля 10 вакансіяў у Варшаве.
Мэсэнджар Viber быў створаны кіпрскім прадпрыемствам Viber, якое заснавалі ізраілец Тальман Марка і беларускі грамадзянін Ігар Магазіньнік. Сам мэсэнджар распрацоўвалі ў Беларусі і Ізраілі. У 2014 годзе японская кампанія Rakuten набыла Viber за 900 мільёнаў даляраў. 13 сьнежня 2024 году «Роскомнадзор» заблякаваў Viber на тэрыторыі Расеі.
Форум