Лінкі ўнівэрсальнага доступу

97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, — даклад BelPol


Выбарчая камісія ў Беларусі, архіўнае фота
Выбарчая камісія ў Беларусі, архіўнае фота

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году ўсе выбарчыя кампаніі ў Беларусі праводзіліся з грубымі парушэньнямі заканадаўства, іх вынікі істотна фальсыфікаваліся.

Пры гэтым фальсыфікацыя вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў — толькі апошні этап, да якога праводзіцца праца паводле пэўнай схемы. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol.

Даклад, падрыхтаваны ініцыятывай, мае назву «Аб гатоўнасьці сыстэмы фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 2025 году».

BelPol вывучыў склад участковых камісій, якія будуць працаваць на выбарах. У 265 камісіях 63% членаў удзельнічалі ў трох апошніх электаральных кампаніях: у 2020 годзе (прэзыдэнцкая), 2022-м (рэфэрэндум) і 2024-м («адзіны дзень галасаваньня» на выбарах у парлямэнт і мясцовыя саветы). 23% бралі ўдзел у дзьвюх з гэтых трох кампаній, яшчэ 11% — у адной зь іх.

Такім чынам, у 2025 годзе ў камісіях будзе толькі 3% новых людзей, якія раней ня бралі ўдзелу ў выбарах.

Адзначаецца, што даклад раней быў прадстаўлены на многіх закрытых мерапрыемствах з удзелам міжнародных партнэраў, выкладзеная інфармацыя не вычарпальная.

«Яна падрыхтаваная камандай BelPol на падставе як агульнадаступных зьвестак, так і вэрыфікаваных паведамленьняў асоб, якія маюць дачыненьне да арганізацыі і правядзеньня ў Беларусі выбарчых кампаній. Прадстаўнікі BelPol самі былі сьведкамі некаторых з апісаных падзей», — падкрэсьліваюць аўтары.

У сыстэму «незаконнага ўтрыманьня ўлады дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам» BelPol уключыў некалькі пунктаў: зьняцьце з выбарчай гонкі патэнцыйна моцных супернікаў, стварэньне для Лукашэнкі выключных умоў у выбарчай кампаніі, рэпрэсіі і супрацьдзеяньне апазыцыйным кандыдатам з боку КДБ і іншых сілавых структур, поўны кантроль рэжымам выбарчых камісій, абмежаваньне правоў назіральнікаў, супрацьдзеяньне міжнародным назіральнікам, выкарыстаньне пэўнай мэтодыкі фальсыфікацый вынікаў галасаваньня.

Пры гэтым, аднак, у выбараў 2025 году, адзначаецца ў дакладзе, ёсьць адрозьненьні ад папярэдніх кампаній.

«Упершыню наогул ня будзе кандыдатаў ад дэмакратычнай апазыцыі, бо яны не змаглі вылучыцца. Калі б ініцыятыўная група такога прэтэндэнта і была б зарэгістраваная, прадстаўнік дэмакратычных сіл ня змог бы сабраць 100 тыс. подпісаў выбарнікаў, неабходных для рэгістрацыі, з прычыны вышэйзгаданых рэпрэсій нават у дачыненьні шараговых выбарнікаў. Усе намінальныя апанэнты Лукашэнкі на выбарах 2025 году зьяўляюцца асобамі, падкантрольнымі рэжыму (у тым ліку і былы прадстаўнік апазыцыі Ганна Канапацкая). Гэта значыць, на будучых прэзыдэнцкіх выбарах у грамадзян Беларусі ня будзе нават фармальнай магчымасьці прагаласаваць за рэальнага апанэнта дыктатару», — гаворыцца ў дакумэнце.

На выбарах 26 студзеня 2025 году ўпершыню наогул ня будзе незалежнага назіраньня (у 2020 годзе яно праводзілася часткова) з прычыны рэпрэсій у дачыненьні назіральнікаў, а таксама ліквідацыі апазыцыйных палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, якія дэлегавалі назіральнікаў.

«Магчымасьці вылучыцца незалежным назіральнікам шляхам збору подпісаў грамадзян або ад працоўнага калектыву ў асоб, не падкантрольных рэжыму, таксама ня будзе — праз татальныя палітычныя рэпрэсіі ў краіне», — гаворыцца ў дакладзе.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG