Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі апублікавалі дэклярацыі. У Гайдукевіча два матацыклы і машына, а Лукашэнка маёмасьці не пазначыў зусім


Прапагандыст Рыгор Азаронак ставіць подпіс за аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі
Прапагандыст Рыгор Азаронак ставіць подпіс за аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі

Лукашэнка традыцыйна паказаў у дэклярацыі, што нібыта не валодае ніякай маёмасьцю, ні нерухомасьцю, ні транспартнымі сродкамі. А побач зь ім пазначаная жонка, зь якой, паводле ранейшай інфармацыі, ён не жыве ўжо шмат гадоў.

Даход Лукашэнкі паводле задэкляраванай інфармацыі, — 203 590,16 рубля. Прычым гэта пазначана як заробак. Ніякіх іншых сродкаў, нерухомасьці і транспарту ў наяўнасьці ў палітыка, які ўтрымлівае ўладу ў Беларусі з дапамогай сілавых мэтадаў і масавых рэпрэсій супраць іншадумцаў, нібыта няма.

Таксама ў дэклярацыю занесеная Галіна Лукашэнка, жонка, зь якой ён не жыве ўжо шмат гадоў.

Даход Ганны Канапацкай — 93 978,31 рубля. Дакумэнты паказваюць, што гэта заробак, даход ад прадпрымальніцкай дзейнасьці; даход ад дзейнасьці, абкладанай падаткам на прафэсійны даход; дывідэнды.

Нерухомасьць — кватэра ў Менску, а таксама ½ долі ў праве ўласнасьці на адміністрацыйнае памяшканьне ў сталіцы. З транспарту — аўтамабіль.

А таксама 91 акцыя ААТ «Пухавіцкі КХП»; 90% статутнага фонду ТАА «КІНС-АГРА».

У Алега Гайдукевіча — 157 707,92 рубля. Гэта — заробак; прафсаюзныя выплаты; выплаты па дамове, даход ад продажу аўтамабіля.

Зь нерухомасьці — кватэра ў Менску, з транспарту — легкавік і два матыцыклы — «Хонда» і «Мінск».

У Сяргея Сыранкова — 157 637,85 рубля, што складаюць заробак, прафсаюзныя выплаты, прыбытак ад продажу аўтамабіля. Ён задэкляраваў дом у Краснапольлі і легкавы аўтамабіль.

У Аляксандра Хіжняка — 14 831,46 рубля, суму складаюць заробак, прафсаюзныя выплаты, выплаты да падзяк і грамат, дывідэнды. У яго ёсьць кватэра ў Менску, два легкавікі і 37 акцый ААТ «Аўтаспэцтранс».

Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG