Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
Рашэньне аб рэгістрацыі кандыдатаў ЦВК ухваліла на пасяджэньні 23 сьнежня па выніках праверкі сапраўднасьці подпісаў, сабраных у падтрымку прэтэндэнтаў, і зацьвердзіла іх дакладную колькасьць.
У прыватнасьці, як сьцьвярджаюць у ЦВК, кандыдатуру Лукашэнкі нібыта падтрымалі 2 518 145 грамадзян, старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча — 134 472, першага сакратара Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Сяргея Сыранкова — 125 577, індывідуальнай прадпрымальніцы Ганны Канапацкай — 121 077, старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Аляксандра Хіжняка — 112 779.
Юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пракамэнтавалі агучаную ЦВК колькасьць подпісаў за Лукашэнку:
«Нерэалістычная лічба для кандыдата Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца адным з галоўных інструмэнтаў фармаваньня карцінкі бягучых выбараў. Нібыта 100 тысяч чалавек падпісваліся кожны дзень за яго кандыдатуру, але адпаведнай актыўнасьці ні ў інтэрнэце, ні на вуліцах краіны заўважана не было. Параўнайце з тым, якая актыўнасьць была пры зборы подпісаў камандай Віктара Бабарыкі, які сабраў каля 450 тысяч подпісаў. А тут Лукашэнка нібыта сабраў у пяць разоў болей у атмасфэры страху і рэпрэсіяў», — заявілі праваабаронцы.
Праваабаронцы канстатуюць, што выбары ў Беларусі «больш не выконваюць сваіх функцыяў, але выкарыстоўваюцца аўтарытарным урадам, каб «намаляваць пазытыўную карцінку ўсеагульнай падтрымкі і, тым самым, легалізаваць аўтарытарную ўладу». Таксама яны зьвяртаюць увагу, што адказныя за «маляваньне нерэалістычных лічбаў» — абласныя і Менская гарадзкая камісіі, якія «абслугоўваюць дэ-факта ўладу і не выконваюць сваіх законных абавязкаў».
Што вядома пра кандыдатаў
Алег Гайдукевіч пачынаў кар'еру супрацоўнікам аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. У 2007 годзе даслужыўся да начальніка Партызанскага РУУС беларускай сталіцы, а праз два гады ўзначаліў самы вялікі менскі РУУС — Фрунзэнскі.
З 2012-га заняўся палітычнай кар’ерай у партыі свайго бацькі Сяргея Гайдукевіча (Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі). Сяргей Гайдукевіч тройчы быў кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах, апошні раз — у 2015 годзе.
У 2016 годзе Гайдукевіч-малодшы балятаваўся дэпутатам у Палату прадстаўнікоў, але не прайшоў. Паўторна ўдзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе і стаў дэпутатам. У 2020 годзе зьбіраўся ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, але зьняўся на карысьць Лукашэнкі, стаўшы ягонай даверанай асобай.
Алег Гайдукевіч выступае ў падтрымку Лукашэнкі. У 2020 годзе ён асудзіў дзеяньні апазыцыі і пратэстоўцаў, назваў масавыя пратэсты «праплачанай спробай ЭЗ і ЗША зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот».
Ганна Канапацкая нарадзілася ў Менску, яна дачка першага афіцыйнага даляравага мільянэра ў Беларусі Анатоля Трухановіча. Скончыла юрыдычны факультэт БДУ. Шырока імя Ганны Канапацкай стала вядома пасьля таго, як на выбарах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 2016 году яна стала адной зь дзьвюх дэпутатак ад апазыцыі, якія тады трапілі ў парлямэнт. Другой дэпутаткай стала Алена Анісім. Канапацкая была сябрам зьліквідаванай цяпер апазыцыйнай партыі АГП да 2019 году.
У Палаце прадстаўнікоў Канапацкая заклікала да скасаваньня саюзу з Расеяй, крытыкавала Эўразійскі саюз, СНД і тагачаснага расейскага амбасадара ў Беларусі.
У 2020 годзе Канапацкая ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах. Але адмовілася ўдзельнічаць у дэбатах зь іншымі апазыцыянэрамі, бо «ня мае ні права, ні жаданьня спаборнічаць з заведама больш слабымі апанэнтамі».
Пасьля масавых пратэстаў у Беларусі 2020–2021 году, зьняволеньня ці эміграцыі большай часткі апазыцыйных палітыкаў Ганна Канапацкая засталася ў Менску. Яе запрашаюць на прадзяржаўныя мерапрыемствы ў Палату прадстаўнікоў (2022 год) і на Ўсебеларускі народны сход (2021 год).
Цяпер Канапацкая крытыкуе ўсе прадэмакратычныя сілы, у тым ліку Сьвятлану Ціханоўскую і ўсіх іншых палітыкаў на эміграцыі.
Паводле зьвестак арганізацыі былых сілавікоў BelPol, Аляксандар Хіжняк працаваў юрыстам інстытуту «Белгіпрааграхарчпрам». З 2015 году ўзначальвае «БелНІІПгорадабудаўніцтва». Гэта праектная арганізацыя, якая займаецца горадабудаўнічымі праектамі.
Аляксандар Хіжняк жанаты, мае траіх дзяцей. Ён лідэр прадзяржаўнай Партыі працы і справядлівасьці. Дэпутат Менскага гарадзкога савету. У 2006 і 2015 годзе Хіжняк атрымліваў узнагароды ад Лукашэнкі за «добрасумленную працу і актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці».
У 2023 годзе Хіжняк казаў, што чатыры партыі ў Беларусі дастаткова. Раней у краіне зьліквідавалі ўсе апазыцыйныя партыі.
Сяргей Сыранкоў ачоліў праўладную Камуністычную партыю Беларусі толькі сёлета. З 2020 году ён таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Сыранкоў скончыў Магілёўскі ўнівэрсытэт імя Куляшова па спэцыяльнасьці «Ангельская і нямецкая мова», працаваў спэцыялістам у Краснапольскім раённым выканаўчым камітэце.
«Мы заўсёды былі ў камандзе прэзыдэнта. І наша сёньняшняе рашэньне дэманструе толькі адну з праграмных установак партыі — падтрымку дзеючага лідэра Беларусі, яго палітычнага курсу, цалкам сугучнага праграме КПБ па пабудове ў Беларусі дзяржавы для народу», — казаў Сыранкоў пра свой удзел у выбарах.
Выбары прэзыдэнта Беларусі адбудуцца 26 студзеня. Перад гэтым будзе датэрміновае галасаваньне. А да таго, з 1 па 25 студзеня 2025 году, — перадвыбарная агітацыя.
Пасьля 1996 году ніводныя выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.
Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў за мяжой называюць тое, што адбываецца, «спэцапэрацыяй для ўтрыманьня ўлады», праваабаронцы зьвяртаюць увагу на імітацыю канкурэнцыі. Урады некалькіх заходніх краін ужо заявілі, што не прызнаюць вынікаў гэтых выбараў.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум