Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК вызначыў 6 участкаў, дзе беларусы замежжа могуць прагаласаваць на выбарах. Усе яны ў Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Падчас датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году ў Беларусі
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Падчас датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году ў Беларусі

Для беларусаў, якія стала жывуць за мяжой, будуць даступныя ўсяго шэсьць участкаў для галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 26 студзеня 2025 году — усе яны ў Беларусі. Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Каб рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права, беларусы, якія жывуць у іншых краінах, мусяць прыехаць у Беларусь — участкаў для галасаваньня за мяжой на гэтых выбарах таксама ня будзе. Адпаведнае рашэньне 23 сьнежня прыняла Цэнтральная выбарчая камісія.

Паводле ЦВК, прагаласаваць змогуць грамадзяне, якія маюць выбарчае права, стала пражываюць па-за межамі Беларусі, аформілі выезд для сталага пражываньня па-за Беларусьсю, стаяць на консульскім уліку і ня маюць рэгістрацыі на беларускай тэрыторыі.

Прагаласаваць можна будзе на адным з 6 вызначаных для гэтага ўчасткаў, якія знаходзяцца ў абласных цэнтрах:

  • у Берасьці (№ 24; Берасьцейскае абласное аб’яднаньне прафсаюзаў),
  • Віцебску (№ 15; Цэнтар культуры «Віцебск»),
  • Гомлі (№ 74, Гомельскі абласны грамадзка-культурны цэнтар),
  • Горадні (№ 14; Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы),
  • Менску (№ 61, гімназія № 75 імя Масьленікава),
  • Магілёве (№ 84, сярэдняя школа № 24 імя Сіманава).

Агулам у Беларусі стварылі 5325 выбарчых участкаў для галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году.

Участкаў для галасаваньня за мяжой не было і падчас рэспубліканскага рэфэрэндуму 2022 году, а таксама падчас парлямэнцкіх і мясцовых выбараў 2024 году. Такое новаўвядзеньне ўзьнікла пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі Аляксандар Лукашэнка прайграў Сьвятлане Ціханоўскай на шэрагу выбарчых участкаў за мяжой.

Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.

23 сьнежня ЦВК зарэгістравала пяць кандыдатаў на ўдзел у выбарах. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, у выбарах удзельнічаюць шэраг лідэраў праўладных структур — старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, першы сакратар Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Сяргей Сыранкоў, старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Аляксандар Хіжняк, а таксама індывідуальная прадпрымальніца Ганна Канапацкая, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, удзельніца прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

З 1996 году ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі незалежныя назіральнікі не прызналі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG