Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бульба падаражэла ў 2,2 разы, морква — ўдвая, сьвініна — на траціну. Як за год зьмяніліся цэны на прадукты


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Перад Новым годам беларусы скардзяцца на падаражэньне прадуктаў. Паглядзелі, як важныя для сьвяточнага стала пакупкі зьмяніліся ў цане з пачатку году.

Па назіраньнях беларусаў, зь якімі пагутарыла Свабода, перад Новым годам заўважна падаражэла гародніна і садавіна. Таксама, па назіраньнях суразмоўцаў Свабоды, у цане вырасла курыца, мяса, ікра, некаторыя віды малочных прадуктаў.

Мы параўналі цэньнікі з пачатку году паводле Белстату, з тымі, якія цяпер ёсьць у крамах.

Найбольш падаражэла бульба

На пачатку 2024 году бульба каштавала 90 капеек за кіляграм (паводле сярэдніх цэнаў, якія штомесяц публікуе Белстат). Цяпер больш-менш якасная бульба ў сэрвісе «Е-дастаўка» каштуе каля 2 рублёў. Гэта ў 2,2 раза даражэй.

Падаражэньне гэтага традыцыйнага для Беларусі прадукту эканамісты назіралі цягам году. Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру BEROC Анастасіі Лузгіной, яно стала наступствам жорсткага рэгуляваньня цэнаў з боку дзяржавы.

«Падаражэньне не зьвязана з сэзонным фактарам. На гэта ўплывае ня вельмі высокая ўраджайнасьць бульбы сёлета. Цэны на бульбу ў Беларусі рэгулююцца, таму яе актыўна скуплялі расейцы. Недахоп гэтага прадукту выклікаў рост цэнаў. Беларускі ўрад абмежаваў экспарт бульбы. Вытворцам стала нявыгадна трымаць на бульбу нізкія цэны, таму яны проста скарацілі вытворчасьць», — кажа эканамістка.

У 2017 годзе кіляграм бульбы ў Беларусі можна было набыць крыху больш як за 50 капеек, архіўнае фота
У 2017 годзе кіляграм бульбы ў Беларусі можна было набыць крыху больш як за 50 капеек, архіўнае фота

З 17 сьнежня беларускі ўрад увёў абавязковае ліцэнзаваньне на экспарт бульбы. Такая мера ўводзіцца ўпершыню, будзе дзейнічаць тры месяцы.

Што да гародніны, то найбольш са студзеня падаражэла морква — удвая. Памідоры падаражэлі на 17%, агуркі ў цане са студзеня амаль не зьмяніліся. Салодкія перцы падаражэлі на 7%, цыбуля нават крыху патаньнела, а вось часнык падаражэў удвая. У сэрвісе «Е-дастаўка» апоўдні 20 сьнежня знаходзім толькі варыянт прывезенага часныку з Узбэкістану.

З садавіны традыцыйныя для навагодняга стала мандарыны са студзеня падаражэлі на 13%, вінаград вырас у цане амаль удвая, а вось яблыкі і бананы нават крыху патаньнелі.

Таксама наведнікі крамаў скардзіліся на дарагія абрыкосы. У сваім акаўнце ў ТікТок мінчанка абурылася, што дзвье абрыкосіны ёй абышліся ў 7 рублёў.

Архіўнае фота, цэны на сьвініну ў 2017 годзе
Архіўнае фота, цэны на сьвініну ў 2017 годзе

Сьвініна даражэе на траціну, ялавічына — на 20%

Зь мяса найбольш падаражэла бескасьцёвая сьвініна, цяпер кіляграм каштуе ў сярэднім 19–20 рублёў. На пачатку году цана была на траціну меншая.

Бескасьцёвая ялавічына падаражэла ў сярэднім на 20%, цяпер кіляграм каштуе 26–28 рублёў, курыца вырасла ў цане на 10%.

Кава, гарбата і салодкае

Молатая распушчальная кава са студзеня вырасла ў цане ў 1,7 раза. Цяпер 250 грамаў каштуе ад 17,6 рубля, гарбата ў цэнах амаль не зьмянілася. Торт да гарбаты цяпер каштуе ў раёне 20–27 рублёў, што на 35% даражэй, чым на пачатку году.

Паводле Анастасіі Лузгіной, больш даражэюць імпартныя прадукты і прадукты, дзе ёсьць імпартны складнік, бо на іх цяжэй кантраляваць цэны. Малочныя прадукты таксама падаражэлі: малако — каля 10%, сьмятана — больш як на 20%, кефір — каля 10%.

«Для гародніны і садавіны характэрныя сэзонныя цэны: у адзін час даражэй, у іншы таньней. Даражэе, напрыклад, кава, аліўкавы алей, рыс. Падаражэлі тыя ж цукеркі з шакалядам, бо падаражэў шакаляд. Там, дзе ёсьць імпарт ці імпартны складнік, рост вышэйшы», — заўважае экспэртка.

Сярод прадуктаў, якія падаражэлі найбольш, — чырвоная ікра ласасёвых рыб. Рост — у 2,5 і нават 3 разы. Гэта зьвязана з квотамі на здабычу ікры ў Расеі, бо адтуль ідуць пастаўкі.

Вымушаны дазвол на рост цэнаў

Што да фактараў, якія ўплываюць на рост цэнаў, — то гэта і дзяржаўнае рэгуляваньне і імпарт, кажа экспэртка.

«Дзяржава вымушаная была дазволіць рост цэнаў на некаторыя тавары, нягледзячы на рэгуляваньне, бо тады б пастаўшчыкі проста не захацелі пастаўляць прадукцыю. Дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў працуе, але не было задачы іх зафіксаваць. Выдаткі ў кампаній растуць. Калі ёсьць рост заробкаў, то мусяць расьці і цэны. Жорсткі кантроль таксама прыводзіць да перакосаў на рынку, як у выпадку з бульбай», — кажа Анастасія Лузгіна.

Згодна зь Белстатам, цэны на харчовыя тавары за год (лістапад гэтага году да лістапада мінулага) вырасьлі на 6,7%

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG