Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менш фэстываляў і школ, больш кантролю і абмежаваньняў. Што ў Беларусі засталося ад «сацыяльнай дзяржавы»?


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Сабралі прыклады таго, як Беларусь усё больш ператвараецца ў дзяржаву, якая абмяжоўвае сваіх грамадзян.

Шмат гадоў беларускія чыноўнікі казалі, што Беларусь сацыяльная дзяржава. А абарона інтарэсаў грамадзян — прыярытэт для ўлады. Свабода сабрала прыклады, як абмяжоўваецца сацыяльная падтрымка ў апошнія гады.

Сям’я і дзеці

У Беларусі дзяржаве стала прасьцей забраць дзіця зь сям’і. Новы закон прынялі ў канцы 2023 году.

Цяпер дастаткова, каб абое бацькоў не працавалі больш за 3 месяцы, тады сям’ю паставяць на ўлік як тую, што знаходзіцца ў «сацыяльна небясьпечным становішчы» (СНС, па-расейску — СОП). Яшчэ адзін фактар, каб паставіць у СНС, — дастаткова аднаго з бацькоў асудзіць за «распаўсюд экстрэмізму» (артыкул 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях), напрыклад за падабайку або рэпост спасылкі на забароненае ў Беларусі мэдыя.

Статус СНС можа стаць падставай, каб забраць дзіця зь сям’і ў прытулак.

«На практыцы гэтая норма цяпер прымяняецца так: бацькі ня ходзяць на бацькоўскія сходы? Пагражаюць уключэньнем у СНС. Дзіця ня хоча хадзіць у школу, бо мае там праблемы, яго крыўдзяць іншыя дзеці ці настаўніца злосная? Ніхто ня будзе разьбірацца з прычынамі паводзінаў дзіцяці. Ім прасьцей і зручней, маю на ўвазе школу, паставіць бацькоў на ўлік СНС», — тлумачыла раней Свабодзе пэдагог.

Забіраць дзяцей зь сем’яў беларусаў, нязгодных з рэжымам Лукашэнкі, пагражалі і раней, а часам сапраўды забіралі. Цяпер для гэтага зьявіліся больш дакладныя падставы ў законе.
Увосень 2020 году дырэктарка горадзенскага дзіцячага госьпісу Вольга Вялічка разам зь сям’ёй выехала зь Беларусі. Галоўнай прычынай сталі пагрозы, што ў яе забяруць дзяцей за ейную палітычную пазыцыю.

У лютым 2022 году шматдзетную сям’ю Сяргея і Сьвятланы Мельянцоў хацелі паставіць на ўлік у СНС за бел-чырвона-белыя жалюзі ў прыватным доме пад Менскам.

Улетку 2022 году затрымалі менскую керамістку Натальлю Карнееву за ўдзел у пратэстах 2020 году. Яе малодшую дачку, якой тады было 10 гадоў, адразу ж забралі ў прытулак. У дзяўчынкі былі іншыя сваякі, якія маглі ўзяць над ёй апеку, аднак ім не далі такой магчымасьці. Працэс вяртаньня дзіцяці з прытулку ў сям’ю заняў 2,5 месяца. Са словаў маці, пасьля гэтага досьведу дзяўчынка моцна зьмянілася — з тактыльнай і пяшчотнай стала маўклівай і закрытай.

Адукацыя

Закрыцьцё прыватных школ

Стала складаней аддаць сваё дзіця вучыцца ў прыватную школу. Большасьць зь іх у Беларусі проста закрылі: з 35 школ засталося шэсьць. Падставай для гэтага ўлады зрабілі страляніну ў прыватнай школе «Смарт Скул» увосень 2022 году. Тады Лукашэнка назваў прыватную адукацыю «антыдзяржаўнай кляакай» і загадаў «зачысьціць усё да немагчымасьці ў сыстэме адукацыі». У Беларусі ўвялі абавязковае ліцэнзаваньне адукацыйнай дзейнасьці.

Дзьмітры Юртаеў, былы выкладчык школы «Смарт Скул», якога асудзілі за палітыку
Дзьмітры Юртаеў, былы выкладчык школы «Смарт Скул», якога асудзілі за палітыку

Па стане на травень 2024 году ліцэнзію мелі шэсьць прыватных школ, бальшыня зь іх — у Менску. Гэта школа «Альтэрнатыва», «Іхвіс», Менская міжнародная гімназія і «Елісеевы палі» (дзіцячы садок і пачатковая школа) у Менску, «Эка-Эл» у Ждановічах і «Канкорд» у Магілёве.

Паводле расьсьледнікаў «Бюро», большасьць зь іх афіліяваная з уладамі, трапіць туды «з вуліцы» складана.

Закрыцьцё прыватных ВНУ

Атрымаць вышэйшую адукацыю ў прыватных установах таксама стала складаней. Сёлета закрыліся некаторыя прыватныя ВНУ, якія працавалі з 1990-х гадоў. Гэта «БІП — Унівэрсытэт права і сацыяльных тэхналёгій» і Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасьці. Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва сёлета не набіраў першакурсьнікаў.

Тры тысячы студэнтаў падалі заяўкі на перавод у іншыя ВНУ.

«Польскія» і «літоўскія» школы перавялі на расейскую мову

Чатыры школы з польскай і літоўскай мовамі навучаньня ў апошнія гады перавялі цалкам на расейскую мову. Туды хадзілі дзеці зь сем’яў нацыянальных меншасьцяў. Там лягчэй было падрыхтавацца для паступленьня за мяжу.

Раней маці аднаго з вучняў, які хадзіў у сярэднюю школу № 36 у Горадні, расказала, што з праграмы зьніклі польская мова і літаратура.

«Зьнікла ўсё, што напісана лацініцай, нават глёбусы. Ні-чо-га няма», — расказвала тады суразмоўца.

Былая школа з польскай мовай навучаньня ў Горадні
Былая школа з польскай мовай навучаньня ў Горадні

Мілітарызацыя дзяцей

Па ўсёй краіне ствараюць «патрыятычныя клюбы» пры сыстэме МУС. У канцы 2023 году туды хадзілі 4,5 тысячы дзяцей. Вучні там праходзяць страявую, агнявую, мэдычную, тактычную, баявую падрыхтоўку, вучацца страляць са страйкбольнай і пнэўматычнай зброі. Ходзяць у форме, падобнай да вайсковай. Некаторымі клюбамі кіруюць байцы спэцназу.

«У патрыятычны кірунак ідуць двоечнікі, троечнікі, праблемныя дзеці, некаторыя знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы», — расказвала раней Свабодзе настаўніца адной зь беларускіх школ.

Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда наведаў дзяцей у патрыятычным клюбе. Яны паказваюць, як умеюць абыходзіцца са зброяй
Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда наведаў дзяцей у патрыятычным клюбе. Яны паказваюць, як умеюць абыходзіцца са зброяй

Дзеці, якія не наведваюць патрыятычных клюбаў, таксама могуць трапіць на мілітарысцкія імпрэзы. У школы і садкі пэдагогі запрашаюць міліцыянтаў, АМАП, пракурораў, вайскоўцаў у якасьці гасьцей. Дзецям могуць прапанаваць апрануць форму розных сілавых падразьдзяленьняў і зрабіць фота ў ёй. Праводзяць мілітарызаваныя сьвяткаваньні 23 лютага або іншых датаў. Арганізоўваюць экскурсіі на «Лінію Сталіна».

Дзеці ў дзіцячым садку ў вайсковай форме
Дзеці ў дзіцячым садку ў вайсковай форме

Дзяцей уцягваюць у ідэалёгію

Школьнікам прапаноўваюць, а часам змушаюць уступаць у піянэры. Маці адной з вучаніц пачатковай школы раней расказвала Свабодзе, што ейнай дачцэ заявілі пра патрэбу 100-працэнтнага ўступленьня ў піянэры. Бацькам паведамілі, што ў адваротным выпадку трэба будзе забраць дакумэнты зь менскай гімназіі.

«Дачка была вельмі засмучаная. Бо мы не далі дазволу на піянэры і ёй было страшна, што выганяць са школы», — расказвала маці школьніцы.

Менскім школьнікам прапануюць насіць шаўроны зь дзяржаўнай сымболікай.

Дадатковыя патрабаваньні да бізнэсу, ІП, рамесьнікаў

Перарэгістрацыя рамесьнікаў

Рамесная дзейнасьць раней была адным з досыць простых спосабаў стаць працаўладкаваным у Беларусі. У 2023 годзе зарэгістраваныя рамесьнікамі беларусы меліся асабіста прайсьці перарэгістрацыю да ліпеня. Пацярпелі тыя, хто часова выехаў за мяжу, але плянаваў далей займацца рамесьніцтвам у Беларусі.

Юрась* (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) займаўся вырабам цацак і ўпрыгажэньняў у Беларусі. Цяпер жыве ў Грузіі — праз палітычны перасьлед. Ягоныя кліенты знаходзіліся і ў Беларусі, і ў іншых краінах. Статус рамесьніка дазваляў яму лічыцца на радзіме занятым у эканоміцы.

Пасьля ліпеня 2023 году ён не прайшоў перарэгістрацыю. Дзяржава залічыла яго ў «дармаеды». У Беларусі ў яго засталося жытло, дзе жывуць іншыя людзі. Праз статус «дармаеда» плата за камунальныя паслугі вырасла амаль удвая, бо для афіцыйна беспрацоўных яе разьлічваюць у 100-працэнтным памеры.

Скарацілі рамесную дзейнасьць і ІП

Сьпіс таго, што могуць рабіць рамесьнікі, вырашылі скараціць з 1 кастрычніка 2024 году. Зь яго прыбралі выраб мыла, сьвечак, вясельных аксэсуараў, рамаў для карцін, кветак і кампазыцый, паштовак і альбомаў для фатаграфій.

Таксама зь 1 кастрычніка 2024 году скарачаюць сьпіс відаў дзейнасьці, якімі могуць займацца індывідуальныя прадпрымальнікі. Прыкладам, ім больш нельга будзе праводзіць культурна-відовішчныя імпрэзы, віншаваць з днём нараджэньня, Новым годам, іншымі сьвятамі.

Некаторым замежным інвэстарам забаранілі прадаваць бізнэс у Беларусі без дазволу ўладаў.

Тым, каго судзілі за палітыку, цяпер складаней у Беларусі знайсьці добрую працу.

Мэдыцына

Бракуе мэдыкаў

Недахоп мэдыцынскіх работнікаў у Беларусі складае больш за 10 тысяч чалавек. У Менску бракуе 3600 мэдыкаў. У полацкай ЦРБ не хапае траціны пэрсаналу, гэта больш за 1000 чалавек. Адна з прычын у тым, што зь лякарняў пазвальнялі мэдыкаў за палітычную пазыцыю. Частка выехала за мяжу.

«У 2023 годзе на дзяржаўнай тэлевізіі агучылі статыстыку пра невялікія ФАПы (фэльчарска-акушэрскія пункты. — РС) у Браслаўскім раёне: у Браславе 20% дактароў — пэнсіянэры, у 16% ФАПаў працуе мэдык-пэнсіянэр, і ён там адзіны. Гэта азначае, што калі ён звольніўся, то пункт закрыўся», — расказваў раней Свабодзе лекар Станіслаў Салавей.

У Беларусі ад пачатку прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2020 году ў крымінальных палітычных справах асудзілі сама меней 35 мэдыкаў (па стане на лістапад 2023 году). Праз затрыманьні і суды за гэты час прайшлі дзясяткі мэдыцынскіх работнікаў.

Не хапае лекаў, яны даражэюць

Некаторыя лекі часова зьнікалі з продажу ў Беларусі.

«Пра зьнікненьне з продажу супрацьпухліннага сродку тамаксыфэну сёлета пісалі некалькі разоў. Гэты лек патрэбны пацыентам увесь час, таму адтэрміноўка ў пастаўках, адтэрміноўка ў лячэньні — рызыка рэцыдыву анкалягічнай хваробы», — расказваў раней Свабодзе лекар Станіслаў Салавей.

За 2023 год лекі ў Беларусі падаражэлі на 12%. Згодна зь Белстатам, на некаторыя лекі цэны вырасьлі яшчэ больш. Сродкі для лячэньня дыхальнай сыстэмы, стрававальнага тракту, абмену рэчываў, лячэньня крыві і крывятворных органаў за год падаражэлі больш як на 14%.

Падаражэлі нават самыя простыя мэдыкамэнты. Цана на вату і шпрыцы за год вырасла больш як на 10%. Прэпарат крэон, які прымаюць для паляпшэньня страваваньня, падаражэў удвая. Годам раней дзьве пласьцінкі каштавалі 16,5 рубля. У 2023 годзе столькі каштавала адна. «Нэадэрм» у 2022 годзе каштаваў 12 рублёў, а ў 2023-м — пад 20 рублёў. Мазь для скуры бэтасаліцылік, паводле суразмоўцаў, даражэе штомесяц на 1-2 рублі.

Падаражэлі і мэдычныя паслугі, хоць улады запэўнівалі, што яны патаньнеюць. Зрабіць панарамны здымак зубоў у 2023 годзе каштавала 25 рублёў, а годам раней было 12.

Многія беларусы сутыкаюцца з тым, што ня толькі ў аптэках, але і ў шпіталях зьніклі некаторыя імпартныя мэдпрэпараты. Часам гэта мае трагічныя наступствы.

«Тату адправілі дахаты, паміраць. Не змаглі лячыць, бо не было лекаў. Цяпер у яго вельмі нізкі гемаглябін. Падняць ня могуць — няма лекаў. Я кажу пра імпартныя прэпараты… Некаторыя прэпараты прадаюць толькі юрыдычным асобам. І чалавек проста ня можа іх купіць», — расказваў раней Свабодзе беларус, бацьку якога з ракам страўніка адправілі дадому са шпіталя.

Іншая беларуска заўважыла, што з продажу зьнік «Омнік» нідэрляндзкай вытворчасьці. Яго прымаюць пры праблемах з прастатай.

«У аптэках няма, аналягі чалавеку не пасуюць. Зьнік і „Назанэкс“ — яго пры прастудзе і алергіі прызначаюць і дзецям, і дарослым. Шукалі ў Польшчы і перадавалі адтуль», — расказвала Марына.

Яшчэ адна жанчына, Алеся, расказвала пра сваяка, які ня мог атрымаць лячэньне ад віруснага гепатыту С.

«Бо яго падманулі ў інфэкцыйнай лякарні. Абяцалі шпіталізаваць. Ён увесь час тэлефануе туды, а яму адказваюць, што няма месцаў. Аказалася, што месцы ёсьць, але няма імпартных лекаў!» — сьцьвярджала суразмоўца.

Жыхарка аднаго з райцэнтраў Людміла паскардзілася ў камэнтары Свабодзе, што з продажу зьніклі лекі, якія яна ўжывала ад хваробы суставаў.

«Многія імпартныя зьніклі. Я раней набывала „Алфлутоп“ румынскай вытворчасьці. Цяпер яго няма», — казала жанчына.

Закрылі НДА, якія дапамагалі людзям

Зьнішчылі недзяржаўныя арганізацыі

Пасьля 2020 году ўлады ў Беларусі зьнішчылі больш за 1600 недзяржаўных арганізацый, якія займаліся культурнымі, сацыяльнымі, палітычнымі, праваабарончымі, рэлігійнымі пытаньнямі. Гэта арганізацыі, якія назіралі за птушкамі і ратавалі кажаноў, якія дапамагалі жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту, якія займаліся бортніцтвам і ўшаноўвалі памяць габрэяў.

Стала менш фэстываляў і канцэртаў

У Беларусі перасталі праходзіць фэстывалі, якія раней зьбіралі шмат людзей. Сёлета не праводзілі папулярнага музычнага фэстывалю Sprava каля вёскі Белая Царква. У Горадні адмянілі аўтамабільны фэст SunDay. «Рок за Баброў» апошні раз прайшоў тры гады таму. Замест Lidbeer у Лідзе сёлета правялі «Харчфэст», на якім выступіла Вольга Бузава. А калісьці туды прыяжджаў гурт «Океан Ельзи».

Пазакрываліся буйныя культурныя пляцоўкі накшталт Imaguru і ОK16. З канцэртамі ў Беларусь прыяжджаюць збольшага расейскія выканаўцы, як Anna Asti ці Дзіма Білан, або нікому невядомыя артысты. Арганізоўваць канцэрты і фэстывалі дазволена толькі кампаніям з адмысловага сьпісу, які зацьвярджае Міністэрства культуры.

Праблемы з сэканд-хэндамі і паездкамі за мяжу

Пасьля 2022 году стала складаней набыць у Беларусі якасныя тавары: ад адзеньня да тэхнікі і тавараў для аўтамабіля. Многія заходнія фірмы закрылі свае крамы ў Беларусі праз санкцыі.

Хтосьці прывозіў патрэбныя рэчы з-за мяжы. Аднак сёлета стала складана прывозіць амаль усе катэгорыі тавараў: гаджэты, касмэтыку, тавары для аўта, тэхніку. З аднаго боку, дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу, а з другога, сама Беларусь забараніла ўвозіць з эўрапейскіх «недружалюбных» краін шэраг тавараў.

Нядаўна ЭЗ наклаў санкцыі на ўвоз у Беларусь адзеньня «сэканд-хэнд». Ужыванае адзеньне складае каля 35% ад усяго аб’ёму адзеньня, якое купляюць беларусы. Некаторыя крамы праз гэта могуць закрыцца, іншыя — падняць цэны на тавар, бо стане даражэй прывозіць адзеньне праз Казахстан ці Турэччыну.

Да таго ж паездкі за мяжу сталі складаным квэстам. Беларусы могуць чакаць у чэргах на памежных пераходах адны содні або нават некалькі. Літва і Польшча пазакрывалі большасьць пераходаў зь Беларусьсю. Нагрузка на пазасталыя яшчэ больш павялічылася.

Палітычны перасьлед

У Беларусі не спыняецца палітычны перасьлед людзей. Па стане на 6 верасьня палітвязьнямі прызнаныя 1373 чалавекі. Дзясяткі тысяч жыхароў Беларусі ўжо прайшлі праз затрыманьні. Нагоды для затрыманьня ўвесь час пашыраюцца. Так, акрамя ўдзельнікаў пратэстаў, сталі затрымліваць тых, хто пераводзіў ім грошы на рахунак за краты або дапамагаў сем’ям палітвязьняў прадуктамі. Людзей прымушаюць запісваць відэа за жарт з майкамі з надпісам «Мілфіцыя», за відэа вялікай чаргі ў ДАІ або за тое, што дзеці працуюць у «экстрэмісцкім» мэдыя.

У палітвязьняў сталі канфіскоўваць маёмасьць.

У 2023 годзе Лукашэнка дазволіў сьмяротнае пакараньне вайскоўцаў і службоўцаў за «здраду дзяржаве».

Улетку 2023 году ў Беларусі прынялі закон, які дазваляе судзіць памерлых.

Рэлігія

Усе рэлігійныя арганізацыі да канца году маюць перарэгістравацца. Кожная зь іх павінная налічваць ня менш за 20 чалавек.

Амаль два гады, як у Менску закрыты Чырвоны касьцёл пасьля таямнічага пажару. Настаяцеля парафіі ксяндза Ўладзіслава Завальнюка адправілі на пэнсію. Закрылі пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» ў Менску, будынак зруйнавалі. Некалькі сьвятароў знаходзяцца ў зьняволеньні ў палітычных крымінальных справах. Дзясяткі прайшлі праз адміністрацыйныя арышты. Больш за тузін сьвятароў пасьля перасьледу выехалі за мяжу.

Эмігранты без дакумэнтаў

Эмігранты зь верасьня 2023 году больш ня могуць памяняць пратэрмінаваныя пашпарты за мяжой. Бяз дзейнага пашпарта ў іх могуць быць складанасьці зь міжнароднымі паездкамі, уладкаваньнем на працу і г. д.

Перасталі дзейнічаць генэральныя даверанасьці, аформленыя за мяжой. Цяпер іх трэба афармляць толькі ў Беларусі. Эмігранты больш ня могуць прадаць або падарыць сваю маёмасьць у Беларусі з даверанасьцю, аформленай за мяжой. Апастыль на дакумэнты цяпер таксама будуць выдаваць толькі ў Беларусі.

У школах і Міністэрстве адукацыі перасталі выдаваць даведкі, зь якімі абітурыенты паступаюць за мяжу. Ня ўсе могуць зрабіць апастыль атэстату, бо небясьпечна ехаць у Беларусь. Гэта ўсё ўскладняе паступленьне ў замежныя ВНУ. Сама меней 20 чалавек ня могуць паступіць у Кракаўскі ўнівэрсытэт праз праблемы з дакумэнтамі, хаця добра здалі іспыты.

Беларусаў-«дармаедаў», якія 30 дзён не былі ў краіне і маюць маёмасьць у Беларусі, абавязалі плаціць 100% за камунальныя паслугі.

Асудзіць у Беларусі стала магчыма без прысутнасьці чалавека, на так званых «завочных судах». Таксама на такіх судах беларуса могуць пазбавіць грамадзянства і забраць ягоную маёмасьць. Вядома, што ўжо прадалі пасьля такіх судоў кватэры Ціханоўскіх і Цапкалаў, якія ўключыліся ў прэзыдэнцкую гонку ў 2020 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG