Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусьфільм» папрасіў у Расеі грошай на 20 кінастужак. Што там здымаюць цяпер


Кінастудыя «Беларусьфільм», архіўнае фота
Кінастудыя «Беларусьфільм», архіўнае фота

Кінастудыя «Беларусьфільм» запрасіла ў дзяржаўнага расейскага Фонду кіно фінансаваньне на вытворчаьсць «каля 20 анімацыйных, гульнявых і дакумэнтальных фільмаў», паведаміў гендырэктар кінастудыі Юры Аляксей у інтэрвію ТАСС.

Паводле Юрыя Аляксея, «Беларусьфільм» папрасіў прафінансаваць «сумесныя міжнародныя праекты, значныя для падтрыманьня і разьвіцьця адносінаў у межах саюзнай дзяржавы». Паводле яго, гаворка пра фінансаваньне «3-5 анімацыйных, 3 гульнявых і 10 дакумэнтальных фільмаў» у наступныя 2-3 гады, а таксама апэратыўнае фінансаваньне праектаў «Беларусьфільма» «з пазабюджэтных сродкаў фонду».

На думку чыноўніка, Расея дзякуючы Фонду, а таксама Міністэрству культуры за 2-3 гады змагла «ўвогуле замяніць галівудзкія фільмы».

Паводле гендырэктара «Беларусьфільма», цяпер кінастудыя выпускае каля 12–15 дакумэнтальных фільмаў у год. Сярод іншага, Аляксей згадаў фільмы пра паралімпійца Аляксея Талая, які дапамагае Расеі незаконна перамяшчаць з акупаваных украінскіх тэрыторый дзяцей і іх перавыхоўваць, фільм пра так званы «генацыд беларускага народа» (аднайменны закон фактычна даў дзяржаве дадатковы карны інструмэнт у выглядзе крымінальнага пакараньня за выказваньне меркаваньняў, адрозных ад «адзіна верных» дзяржаўных трактовак гісторыі, адзначаюць праваабаронцы) і інш.

У канцы 2023 году гендырэнктар «Беларусьфільма» Юры Аляксей, які ўзначаліў «Беларусьфільм» у ліпені 2023-га, агучваў пляны кінастудыі зьняць фільм пра Аляксандра Лукашэнку, а таксама зьняць сумеснае кіно з Кітаем.

Паводле начальніцы аддзелу па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірыны Дрыгі, на 2024 год зь беларускага бюджэту выдзелілі больш за 14 млн рублёў на вытворчасьць 25 фільмаў — гэта у 1,8 больш, чым летась, і ў 2,5 разы больш, чым у 2022-м. У 2024 годзе доля беларускіх фільмаў у беларускім кінапракаце, паводле яе, павялічылася да 25%.

Сярод іншага, на кінастудыі «Беларусьфільм» сёлета выйшлі 19 дакумэнтальных фільмаў. Гаворачы пра іх, чыноўніца згадала фільм «Культурны код» пра дзяржаўныя сымбалі Беларусі, а таксама прапагандысцкі фільм «Час вярнуцца», на прагляд якога, паводле шматлікіх сьведчаньняў у сацсетках, гледачоў зьбіралі прымусова. Цяпер на «Беларусьфільме», сярод іншага, здымаюць гульнявую карціну «Класная» пра жыцьцё маладой настаўніцы ў аграгарадку.

Стан айчыннага кінематографа раней неаднойчы крытыкаваў Аляксандар Лукашэнка. У прыватнасьці ён назваў яго «проста ганьбішчам» пры прызначэньні 2 сьнежня актора Руслана Чарнецкага міністрам культуры.

28 ліпеня 2023 году пры ўзгадненьні кандыдатуры Аляксея на пасаду гендырэктара кінастудыі «Беларусьфільм» Лукашэнка назваў «бядой» айчынную кінавытворчасьць: «Запыт, адразу вам кажу, будзе вельмі сур’ёзны. Чаму? Таму што колькі можна мяняць кіраўнікоў, а выніку няма!» — заявіў Лукашэнка і падкрэсьліў, што «ў ідэалягічным, выхаваўчым пляне» кіно «ня мае роўных па ступені ўзьдзеяньня».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG