Краіны NATO ўпершыню за многія гады абагналі Расію па тэмпах вытворчасьці боепрыпасаў, заявіў у чацьвер генэральны сакратар арганізацыі Марк Рутэ на форуме ў сталіцы Румыніі Бухарэсьце з удзелам прадстаўнікоў вайсковай прамысловасьці.
«Да нядаўніх часоў Расея вырабляла больш рыштунку, чым усе краіны NATO ў сукупнасьці. Але гэта больш ня так», — падкрэсьліў Рутэ.
Цяпер, паводле яго слоў, у рамках Паўночнаатлянтычнага саюза адкрываюцца дзясяткі новых вытворчых ліній і пашыраюцца існуючыя.
«Мы вырабляем больш, чым за апошнія дзесяцігодзьдзі», — сказаў кіраўнік NATO.
Неабходнасьць пашырэньня вытворчасьці Марк Рутэ зьвязаў з «рэальнымі і доўгатэрміновымі пагрозамі». У сувязі з гэтым ён згадаў Расею, адзначыўшы, што небясьпека, якая ідзе ад Масквы, «ня зьнікне са спыненьнем нічым не справакаванай вайны супраць Украіны».
«У агляднай будучыні Расея застанецца дэстабілізуючай сілай у Эўропе і сьвеце. І Расея не самотная ў сваіх спробах падарваць сусьветныя правілы: як вы ведаеце, яна супрацоўнічае з Кітаем, Паўночнай Карэяй, Іранам і іншымі», — заявіў кіраўнік NATO.
Ён таксама сказаў, што пералічаныя краіны пашыраюць ваенна-прамысловае супрацоўніцтва «да раней нябачанага ўзроўню і рыхтуюцца да доўгатэрміновай канфрантацыі».
Рютэ паабяцаў, што кіраўніцтва NATO працягне падтрымліваць інавацыі і зробіць усё магчымае для паскарэньня закупак, калі абаронны сэктар будзе нарошчваць пастаўкі і адкрываць новыя вытворчыя лініі.
Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, войска якога ўжо чацьвёрты год вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны, згадаў у сваім выступе на Валдайскім форуме ў пачатку кастрычніка, што ў Эўропе «набірае абароты працэс мілітарызацыі». Тады ж Пуцін сказаў, што ў выпадку пагрозаў адказ Масквы не прымусіць сябе чакаць і «будзе вельмі пераканаўчым».
Форум