Віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозчыкаў Linava Алегас Тарасавас заявіў, што за апошнія суткі праз пункт пропуску «Меднікі» у Літву ўехала больш за 200 грузавікоў.
Ён таксама сьцьвярджае, што Беларусь абяцае выпусьціць грузавікі, якія захрасьлі на яе тэрыторыі, праз пункт пропуску «Салечнікі», піша BNS.
«Учора каля 19 гадзін ад беларускага боку прыйшоў ліст аб гатоўнасьці адкрыць гэты пункт пропуску, і мы ўсе чакаем адкрыцьця гэтага пункта пропуску сёньня, я кажу пра Беняконі», — паведаміў Тарасавас радыё LRT у пятніцу.
Паводле яго слоў, за апошнія суткі праз пункт пропуску «Меднікі» праехала 218 грузавікоў — амаль у 2,5 раза больш, чым звычайна прапускаюць праз гэты пункт пропуску.
«На пераходзе „Беняконі-Салечнікі “ усё яшчэ застаецца крыху больш за 400 грузавікоў», — сказаў Тарасавас.
Кіраўнік Групы палітыкі ў галіне аўтамабільнага і паветранага транспарту Міністэрства транспарту Дзьмітрыюс Бялас заявіў, што міністэрства пакуль не атрымала афіцыйнага адказу ад беларускіх ведамстваў.
Пацьвярджэньня гэтай інфармацыі з Менска таксама няма.
Камісія па нацыянальнай бясьпецы Літвы 7 лістапада абмяркуе ў наступствы прынятых рашэньняў па прадухіленьні палётаў кантрабандысцкіх паветраных балёнаў зь Беларусі і далейшыя дзеяньні, піша BNS:
«Сытуацыя з мэтэазондамі зноў будзе абмяркоўвацца на пасяджэньні Камісіі па нацыянальнай бясьпецы — будзе дадзеная ацэнка таму, як вырашаецца гэтая праблема і якія дадатковыя меры могуць спатрэбіцца», — паведаміў BNS дарадца прэм’ер-міністра Ігнас Дабравольскас.
Таксама будзе абмяркоўвацца, як найбольш эфэктыўна вырашыць праблему грузавых аўтамабіляў, зарэгістраваных у Літве і Эўразьвязе, якія ў цяперашні час не могуць вярнуцца ў Літву з-за закрытай мяжы зь Беларусьсю.
Што папярэднічала
Раней 6 лістапада прэс-сакратар МЗСБеларусі Руслан Варанкоў заявіў, што «аб прыняцьці якіх-небудзь паасобных захадаў ня можа быць і гаворкі».
Прадстаўнік МЗС Беларусі адзначыў, што Лідзкі памежны атрад атрымаў зварот ад Літвы наконт пропуску грузавікоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.
«Сапраўды, адпаведны зварот, калі яго можна назваць афіцыйным зваротам у адрас Менску, накіраваны кіраўніцтву Лідзкага памежнага атраду. У сувязі з гэтым нагадваем, што рашэньне аб закрыцьці мяжы было прынята выключна літоўскім бокам у аднабаковым парадку.
Беларусь не нясе адказнасьці за яго нэгатыўныя наступствы, якія аказаліся шматграннымі — ад праблем з грузавым транспартам да істотнай шкоды, нанесенай ня толькі беларускім грамадзянам і бізнэсу, самому літоўскаму боку, але і грамадзянам трэціх краін, уключаючы дзяржавы ЭЗ», — заявіў Варанкоў.
Літоўская нацыянальная асацыяцыя аўтамабільных перавозьнікаў LINAVA раней заявіла, што тысячы грузавікоў і паўпрычэпаў зь Літвы ўсё яшчэ затрымліваюцца ў Беларусі.
Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене заявіла 5 лістапада, што ўрад шукае рашэньні, але, нягледзячы на цяперашнюю сытуацыю, памежныя пераходы зь Беларусьсю адкрытыя ня будуць.
Як паведамлялася раней, LINAVA ня раз зьвярталася да Ругінене наконт сытуацыі зь літоўскімі грузавікамі ў Беларусі і на мяжы зь Літвой. Паводле зьвестак асацыяцыі, у Літву не дапускаюцца 2 тысячы грузавікоў і 3 тысячы паўпрычэпаў, якімі кіруюць асобы, што маюць права вяртацца ў Літву.
Прадстаўнікі перавозьнікаў патрабуюць ад ураду тэрміновых дзеяньняў для разьвязаньня сытуацыі і прапануюць тэрмінова правесьці сустрэчу з кіраўніцай ураду.
Пасьля наплыву кантрабандных паветраных балёнаў у кастрычніку Кабінэт міністраў Літвы вырашыў закрыць мяжу зь Беларусьсю на месяц — да 30 лістапада.
Апошнія памежныя пункты ў Медніках і Салечніках закрыліся, але было вырашана рабіць выняткі для грамадзян Літвы і асобаў з часовым дазволам на жыхарства, якія вяртаюцца ў Літву.