Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон прызначыў цэнтрыста Франсуа Байру прэм'ерам пасьля падзеньня ўраду


Франсуа Байру
Франсуа Байру

Прэзыдэнт Францыі прызначыў прэм’ер-міністрам лідэра цэнтрысцкай партыі «Дэмакратычны рух», свайго прыхільніка Франсуа Байру.

4 сьнежня парлямэнт Францыі вынес вотум недаверу ўраду Мішэля Барнье, які прапрацаваў тры месяцы. Гэта першы выпадак звальненьня ўраду дэпутатамі з 1962 году.

Прэм’ер-міністар быў звольнены пасьля таго, як прыняў без ухвалы дэпутатаў закон аб бюджэце сацыяльнага страхаваньня на 2025 год. Дакумэнт прапаноўваў скараціць выдаткі бюджэту на 40 мільярдаў эўра і падвысіць падаткі на агульную суму 20 мільярдаў эўра.

Невядома, ці зможа новы прэм’ер заручыцца падтрымкай дэпутатаў. Летнія датэрміновыя выбары не далі ніводнай з партыяў упэўненай большасьці ў парлямэнце.

Галоўнай задачай Байру стане прыняцьцё бюджэту на 2025 год ва ўмовах расколатага Нацыянальнага сходу. Француская прэса зазначае, што новаму кабінэту будзе вельмі складана балянсаваць паміж правымі і левымі фракцыямі. У такіх умовах устойлівасьць ураду выклікае сур’ёзныя асьцярогі.

Раней урад Барнье ўтрымліваўся дзякуючы таму, што трэці паводле колькасьці ўльтраправы блёк пад кіраўніцтвам Марын Лё Пэн устрымліваўся ад галасаваньня за вотум недаверу. Калі Лё Пэн зьмяніла пазыцыю, аб’яднаных галасоў яе паплечнікаў і левага блёку аказалася дастаткова, каб адправіць урад у адстаўку.

Прэзыдэнт Францыі ня можа распусьціць парлямэнт цягам году пасьля апошніх выбараў. Яны прайшлі 8 ліпеня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG