Дамаск узяты пасьля маланкавая апэрацыі наступу, калі паўстанцы-ісламісты бралі адзін пункт за другім. У сваім паведамленьні ў сацыяльных сетках паўстанцы адзначылі, што цяпер «Дамаск вольны ад Асада».
Пры гэтым невядома, дзе знаходзіцца прэзыдэнт краіны, чыя ўлада даўно апынулася пад пытаньнем і войскі якога ўжо некалькі гадоў не кантралявала ўсёй тэрыторыі краіны, а толькі яе частку.
Сырыйская абсэрваторыя правоў чалавека, што месьціцца ў Брытаніі, паведаміла пра вылет самалёта з Дамаску ў пачатку 8 сьнежня. Імаверна, на борце быў сам Башар Асад, але невядома, куды самалёт накіраваўся.
Гэта паведамленьне ня можа быць пацьверджана, адзначаюць інфармацыйныя агенцтвы, але прэм’ер-міністар Сырыі Махамад Газі аль-Джалалі заявіў у відэа на тэлевізіі, што ўрад «гатовы супрацоўнічаць зь любым кіраўніцтвам, абраным народам».
«Мы лічым, што Сырыя існуе для ўсіх сырыйцаў і што гэта краіна ўсіх яе сыноў, і што гэтая краіна можа быць нармальнай дзяржавай, якая будуе добрыя адносіны са сваімі суседзямі і ўсім сьветам, не ўступаючы ні ў якія рэгіянальныя альянсы і блёкі», — сказаў ён. Джалалі адзначыў, што ён усё яшчэ дома ў Дамаску і ня ўцёк.
Паўстанцы заявілі пра вызваленьне з турмаў «несправядліва затрыманых». Яны зносяць помнікі Хафэзу Асаду, бацьку Башара.
Прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША сказаў, што прыйшоў час дамовіцца аб спыненьні сірыйскага канфлікту ў адпаведнасьці з прынцыпамі, замацаванымі ў рэзалюцыі 2254 Рады Бясьпекі ААН. Прэс-сакратар дадаў, што адмова рэжыму Асада ўдзельнічаць у працэсе непасрэдна прывяла да цяперашняй сытуацыі.
Тым часам абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты «не павінны мець нічога агульнага» з вайной у Сырыі, дзе ў некаторых раёнах застаецца невялікі кантынгент амэрыканскіх сілаў.
Ісламістаў у Сырыі падтрымлівае Турэччына. Раней прэзыдэнт гэтай краіны Рэджэп Эрдаган заявіў, што спадзяецца на хуткі і эфэктыўны марш войскаў на Дамаск.
Падзеньне Дамаску можа сьведчыць пра канец кіраваньня дынастыі Асадаў. Гэтая сям'я алавітаў (мусульманаў, якія не зьяўляюцца шыітамі, але ўшаноўваюць цэнтральную постаць шыіцкага ісламу) пачала кіраваць краінай яшчэ ў 1970, калі пры ўладзе быў Хафэз Асад, бацька Башара. Ягоны сын узначаліў краіну ў 2000 годзе пасьля сьмерці бацькі.
Пэрыяд нестабільнасьці, паўстаньняў і вайны пачаўся ў Сырі ў 2011 годзе і працягваецца да сёньняшняга дня.
- Рэжым Асада падтрымліваюць Расея, Іран, а таксама лібанская шыіцкая групоўка «Хезбала», прызнаная тэрарыстычнай у ЗША. У Эўразьвязе тэрарыстычным лічыцца ваеннае крыло «Хезбалы», але не палітычная партыя.
- Расея мае ў Сырыі авіябазу на аэрадроме Хмеймім і базу флёту ў порце Тартус. У Міжземным моры на сталай аснове дзейнічае расейская эскадра.
- Расейскія вайскоўцы ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях у Сырыі з 2015 году, калі расейскія самалёты пачалі бамбаваць пазіцыі праціўнікаў Асада ў грамадзянскай вайне. Пры бамбаваньнях гораду Алепа, па шматлікіх паведамленьнях, загінула мноства мірных жыхароў.
- Пры падтрымцы Расеі і Ірану сырыйскім урадавым войскам удалося ўзяць пад кантроль большую частку тэрыторыі краіны.
- Перамір’е, заключанае пры ўдзеле Расеі і Турэччыны, дзейнічала з 2020 году.
Форум