На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, былы прадстаўнік у міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі.
— На прэсавай канфэрэнцыі па выніках дзяржсавету саюзнай дзяржавы Аляксандар Лукашэнка агучыў галоўную сэнсацыю — ён прапанаваў Уладзіміру Пуціну разьмясьціць у Беларусі ракеты сярэдняй далёкасьці «Арэшнік». Такой ракетай нядаўна Расея атакавала горад Дніпро ва Ўкраіне. Пуцін на гэтай жа прэсавай канфэрэнцыі даў згоду на разьмяшчэньне «Арэшнікаў» у Беларусі і назваў тэрмін — у другой палове 2025 году. Рашэньне аб гэтым мяняе вайскова-стратэгічную сытуацыю ў рэгіёне?
— Гэта можа паўплываць на вайскова-стратэгічны балянс у рэгіёне. Парог выжываньня такіх сыстэмаў, як «Арэшнік», значна ніжэйшы, чым ядзернай зброі. Расея мае прыклад ужываньня «Арэшніка». Тое, што Лукашэнка прапанаваў Беларусь для разьмяшчэньня гэтых ракетаў, — гэта пэўная «нарыхтоўка». Мяркую, што быў адпаведны запыт з боку Расеі. Лукашэнка разумеў, што адбіцца ад гэтага будзе немагчыма. І таму вырашыў, што лепш зрабіць гэта ўласнай ініцыятывай.
Калі Пуцін у 2023 годзе абвяшчаў пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі, Лукашэнкі побач не было. Рэакцыя Лукашэнкі прыйшла даволі позна, празь некалькі дзён. І выглядала, што Пуцін абвяшчае нібыта пра разьмяшчэньне ядзернай зброі ў адной з вобласьцяў РФ, а не ў сувэрэннай дзяржаве. Цяпер Лукашэнка паспрабаваў перахапіць ініцыятыву. Сёньня ён зрабіў гэта выразна — нават не падчас перамоваў, а падчас прэсавай канфэрэнцыі. Каб усе заўважылі, што ён тут суб’ект, што ён прымае рашэньне. А Пуцін гэтаму падыграў.
З боку Расеі гэта яшчэ адна спроба ціску на Захад. Гэта пэўны адказ на дазвол з боку заходніх краінаў Украіне выкарыстоўваць супраць Расеі заходнюю далёкабойную зброю. Гэта сыгнал: у нас усё роўна больш магчымасьцяў наносіць шкоду Ўкраіне. Пуцін хоча паказаць, што роля далёкабойных сыстэмаў, якія Ўкраіна атрымала права выкарыстоўваць, будзе нівэляваная «Арэшнікамі», разьмешчанымі ў тым ліку і ў Беларусі.
— Лукашэнка наконт разьмяшчэньня «Арэшнікаў» заявіў: «У нас ёсьць пэўныя месцы, дзе мы можам разьмясьціць гэтую зброю. З адной толькі ўмовай — што цэлі для гэтай зброі будуць вызначацца вайскова-палітычным кіраўніцтвам Беларусі». Ён можа атрымаць права гэта вызначаць? «Арэшнік» — гэта ж, агулам кажучы, ня ядзерная зброя. Ён не падпадае пад дамову аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Пуцін на прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што гэта магчыма — вызначэньне Менскам цэляў, але будзе ўваходзіць у комплекс Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня РФ. Дык хто будзе вызначаць, каго абстрэльваць «Арэшнікам» зь беларускай тэрыторыі?
— Я мяркую, што размова ідзе не пра прыняцьце рашэньняў, а пра ўдзел у ім. З тэхнічнага пункту гледжаньня Беларусі будзе складана вызначаць цэлі для ўжываньня такой зброі, бо няма адпаведных тэхнічных магчымасьцяў.
— Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі, калі тлумачыў патрэбу ў «Арэшніках», казаў, што для Беларусі большая пагроза паходзіць ад Польшчы, чым ад Украіны. А ня можа ён вызначыць нейкую цэль на тэрыторыі Польшчы?
— Наносіць удары па іншых краінах, якія на сёньняшні дзень не зьяўляюцца наўпрост удзельніцамі збройнага канфлікту, — гэта вельмі сур’ёзнае рашэньне. Яно ня можа прымацца аднабакова Лукашэнкам. Такія рашэньні ўсё ж павінны абмяркоўвацца і ўзгадняцца. Наўрад ці Пуціну спадабаецца раптам даведацца, што Лукашэнка нанёс ракетны ўдар па Літве ці Польшчы. Я мяркую, што тут Лукашэнка спрабуе аказаць псыхалягічны ціск на міжнародную супольнасьць.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум