Інстытут колеру Pantone назваў колерам 2025 году адценьне карычневага Mocha Mousse.
«Дзякуючы сваёй вытанчанай, зямлістай элегантнасьці адценьне PANTONE 17-1230 Mocha Mousse можа выкарыстоўвацца як самастойна, так і ў якасьці ўнівэрсальнай асновы, дапаўняючы шырокі спэктар палітраў і варыянтаў прымяненьня — ад мінімалістычных да дэталізаваных дызайнаў — ва ўсіх галінах, арыентаваных на колер», — адзначаецца на афіцыйным сайце Інстытуту колеру.
Інстытут колеру Pantone кожны год выбірае колер, які адлюстроўвае глябальны дух і настрой часу, каб падкрэсьліць сувязь паміж колерам і культурай.
«Падмацаваны нашым жаданьнем штодзённых задавальненьняў, Mocha Mousse выяўляе ўзровень удумлівай паблажлівасьці. Вытанчаны і пышны, але ў той жа час немудрагеліста клясычны, ён пашырае наша ўяўленьне аб карычневым колеры ад сьціплага і абгрунтаванага да жаданага і раскошнага», — сказала віцэ-прэзыдэнтка Інстытуту колеру Лоры Прэсман.
Колер году будзе прадстаўлены ў інсталяцыях на Лёнданскім коле агляду, а таксама ў Нью-Ёрку, Шанхаі і Мумбаі.
Летась колерам году быў пэрсікавы, у 2023 годзе — ярка-ружовы, у 2022-м — лілёвы, а колерамі 2021 году — насычаны шэры і ярка-жоўты.
Форум