Тысячы сырыйскіх паўстанцаў захапілі большую частку горада Алепа, усталяваўшы свае пазыцыі ў найбуйнейшым горадзе краіны і ўзяўшы пад кантраль яго аэрапорт, перш чым пашырыць свой ударны наступ на суседнюю правінцыю.
Па словах байцоў і актывістаў, падчас штурму 30 лістапада яны практычна не сутыкнуліся з супрацівам урадавых войскаў.
Імклівы і нечаканы наступ зьбянтэжыў прэзыдэнта Сірыі Башара Асада і выклікаў сумневы наконт гатоўнасьці яго ўзброеных сіл.
Гэта адбылося ў той час, калі саюзьнікі Асада, у тым ліку Расея і Іран, былі занятыя сваімі канфліктамі.
Джыхадзісты «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS) і саюзныя ім групоўкі працягваюць наступ у Сырыйская паўночнай правінцыі Алепа супраць урадавых войскаў. Джыхадзісты разам з групоўкамі, якія падтрымліваюцца Турцыяй, пачалі на гэтым тыдні шокавы наступ супраць войскаў сырыйскага рэжыму Башара Асада.
Вокамгненны наступ таксама пагражае паўторным распальваньнем грамадзянскай вайны ў краіне, якая шмат гадоў была ў тупіку.
У траўні 2018 года Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША прызнаў «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS) замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй.
Раней стала вядома, што антыўрадавыя ўзброеныя групоўкі, якія ваююць супраць рэжыму Башара Асада, узялі пад кантроль усю правінцыю Ідліб на паўночным захадзе краіны. Аб гэтым паведаміў Reuters са спасылкай на свае крыніцы.
Большая частка правінцыі Алепа таксама захоплена групоўкамі. Вайскоўцам сырыйскай арміі, падкантрольнай прэзыдэнту Башару Асаду, давялося перадыслякавацца.
Згодна з паведамленьнямі сырыйскага тэлебачаньня, падчас сутыкненьняў толькі за 30 лістапада загінулі больш за 150 вайскоўцаў сырыйскай арміі. Паведамляецца, што зь 1 сьнежня ў Алепа будзе дзейнічаць камэнданцкая гадзіна — з 17 гадзін па мясцовым часе.
Катарскі тэлеканал «Аль-Джазіра» адзначае, што аэрапорт Алепа перайшоў пад кантроль узброеных груповак. Усе рэйсы адмененыя. Закрыты ўсе дарогі, якія вядуць у горад.
Паводле звестак сырыйскіх СМІ, антыўрадавым фармаваньням таксама ўдалося захапіць аэрадром Кувейрас, разьмешчаны на ўсход ад Алепа, які належыць ваенна-паветраным сілам Сырыі.
Таксама агенцтва Reuters са спасылкай на дзве сырыйскія ваенныя крыніцы паведамляе, што расейская і сырыйская баявая авіяцыя 30 лістапада нанесла ў раёне Алепа ўдары па пазыцыях антыўрадавых сіл. У паведамленьні агенцтва адзначаецца, што бамбаваньні закранулі таксама іншыя населеныя пункты, якія супернікі Асада пасьпелі захапіць падчас свайго наступу з 27 лістапада.
Гэта першыя баі ў Алепа такога маштабу з 2016 года.
Наступ джыхадыстаў у Сырыі
Наступ джыхадыстаў у Сырыі пачаўся 27 лістапада ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара суботы, 30 лістапада, групоўкі кантралявалі большую частку правінцыі Алепа і ўсю правінцыю Ідліб. У Ідлібе, паводле непацьверджаных звестак, у выніку атак сырыйскай і расейскай авіяцыі па штаб-кватэры «Хаят Тахрыр аш-Шам», мог загінуць лідэр групоўкі Абу Мухамад аль-Джулані.
30 лістапада сітуацыю ў Сырыі — упершыню з дня наступлення ісламістаў — пракамэнтаваў прэзідэнт Башар Асад. Паводле яго слоў, урадавая армія здольная справіцца з праблемай з дапамогай саюзьнікаў. Рэжым Асада падтрымліваюць Расея, Іран, а таксама ліванская шыіцкая групоўка «Хезбала», прызнаная тэрарыстычнай у ЗША. У Эўразьвязе тэрарыстычным лічыцца ваеннае крыло «Хезбалы», але не палітычная партыя.
У дзень пачатку наступу ісламістаў у СМІ і сацсетках зьявіліся паведамленьні аб візіце Асада ў Маскву, нібыта для сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Афіцыйна гэтая інфармацыя не пацьвярджалася. Паведамленьняў аб перамовах Асада і Пуціна не паступала.
У сваю чаргу камандаванне праўрадавай сырыйскай арміі заявіла, што вайскоўцы паспяхова адбіваюць атакі джыхадыстаў і неўзабаве пяройдуць да наступленьня.
Форум