У Расеі ў зьняволеньні знаходзіцца сама меней 10 тысяч расейцаў і ўкраінцаў, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсіяў, заявіў кіраўнік праваабарончага праекту «Падтрымка палітзьняволеных. Мэмарыял» Сяргей Давідзіс на канфэрэнцыі ў Бэрліне. Ягоныя словы прыводзіць выданьне «Агентство».
Паводле яго, сама меней 3664 чалавекі прыцягнулі да адказнасьці па справах, у якіх ёсьць прыкметы палітычнай матываванасьці і незаконнасьці. Зь іх 782 чалавекі «Мэмарыял» прызнаў палітзьняволенымі.
Праваабаронцы таксама ўключылі ў сьпіс рэпрэсаваных вайскоўцаў, якія ўхіляюцца ад вайсковай службы. Сяргей Давідзіс удакладніў, што назваць колькасьць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у гэтай групе вельмі складана, бо часта невядомыя матывы гэтых людзей. «Людзі не апынуліся б у зьняволеньні, калі б не было гэтай вайны. І гэта таксама мае прыкметы палітычных матываў і незаконнасьці перасьледу», — адзначыў ён.
Акрамя расейцаў, ахвярамі палітычных рэпрэсіяў у Расеі «Мэмарыял» лічыць украінскіх ваеннапалонных, якіх перасьледуюць па крымінальных артыкулах і ўтрымліваюць у катавальных умовах. «Насуперак тым жа самым Жэнеўскім канвэнцыям гэтыя людзі атрымліваюць працяглыя тэрміны пазбаўленьня волі паводле тэрарыстычных артыкулаў проста за сам факт удзелу ў баявых дзеяньнях на баку Ўкраіны», — цытуе кіраўніка «Мэмарыялу» Сяргея Давідзіса выданьне.
«Усё гэта дазваляе казаць, што агульная колькасьць людзей, якіх мы можам лічыць ахвярамі палітычных рэпрэсіяў, пазбаўленых волі, складае ніяк ня менш за 10 тысяч чалавек. Гэты канвэер рэпрэсіяў, вядома, накіраваны на кантроль за грамадзтвам, за акупаванымі тэрыторыямі», — растлумачыў Сяргей Давідзіс.
Пры гэтым кіраўнік Рады па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Валеры Фадзееў лічыць, што ў Расеі цяпер няма палітычных рэпрэсіяў, але ёсьць «мінімальныя санітарныя меры». Рэпрэсіямі, на яго думку, трэба называць тое, што адбывалася ў 1937–1938 гадах, «калі 740 тысяч чалавек былі расстраляныя, зь іх большая частка нявінных людзей».
А што ў Беларусі
У Беларусі, насельніцтва якой больш чым у 15 разоў меншае за насельніцтва Расеі, па стане на 30 лістапада, у месцах пазбаўленьня волі ўтрымлівалі 1296 палітзьняволеных, афіцыйна прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных у Беларусі паводле палітычных матываў можа быць значна большай.
На канец кастрычніка ў Беларусі налічвалася 2326 былых палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю.
Агулам праваабаронцам вядома, што на канец кастрычніка 2024 году ўжо сама меней 7450 чалавек сутыкнулася з палітычна матываваным крымінальным перасьледам у Беларусі. У дачыненьні да сама меней 6 050 чалавек вынесеныя палітычна матываваныя прысуды. Гэта толькі вядомыя праваабаронцам выпадкі, рэальны маштаб рэпрэсіяў можа быць большы.
Форум