Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, выезду ў Польшчу ў пункце пропуску Казловічы (з другога боку — Кукырыкі) чакаюць 719 грузавікоў, 84 легкавыя аўтамабілі і адзін аўтобус чакаюць выеду з пункту пропуску Берасьце (з сумежнага боку — Тарэспаль).
Грузавы транспарт масава сабраўся на мяжы зь Літвой — 470 у Каменным Логу (Меднікі) і 480 у Беняконях (Салечнікі). На мяжы з Латвіяй у пункце пропуску Грыгораўшчына (Патэрніекі) 560 грузавікоў. Легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў на мяжы зь Літвой і Латвіяй няма.
З 1 сьнежня 2024 году Літва ўводзіць электронныя чэргі для грузавікоў на межах зь Беларусьсю. З гэтага дня ўвесь грузавы транспарт, які накіроўваецца ў памежныя пункты Меднікі і Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю, павінен будзе загадзя рэзэрваваць выбраны час перасячэньня мяжы ў літоўскай інфармацыйнай сыстэме кіраваньня чаргой (EVIS). Калі грузавік прыбудзе ў зону чаканьня без рэзэрваваньня часу на перасячэньне мяжы, ён зможа зарэгістравацца ў пункце EVIS на найбліжэйшы вольны час, аднак літоўскія памежнікі «настойліва рэкамэндуюць» рэгістравацца ў чарзе загадзя.
8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два літоўскія памежыя пераходы — у Медніках і Салечніках.
Пасьля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
19 верасня 2023 году з прычыны павелічэньня наплыву нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).
Форум