Пагаворым з гендэрнай актывісткай Настай Базар, ініцыятаркай флэшмобу #Хопіцьгвалціць, якая разам з праваабарончай арганізацыяй «Прававая ініцыятыва» падрыхтавала справаздачу пра сэксуалізаваны харасмэнт у беларускім грамадзтве на эміграцыі. Яе прэзэнтацыя адбываецца ў рамках грамадзкай сусьветнай кампаніі «16 актыўных дзён супраць гвалту над жанчынамі».
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі з Настай Базар:
- Да таго як я пачала дасьледаваць гэтую тэму, я была ўпэўненая, што гэта тычыцца толькі сэксуалізаванага дамаганьня, але насамрэч харасмэнт — гэта больш шырокая рамка. Галоўнае, што адрозьнівае, — герархія і ўлада. Калі нешта робіцца толькі таму, што ў мяне ёсьць для гэтага рэсурсы, улада, гэта ўжо харасмэнт. Я рада, што «Прававая ініцыятыва», не фэмінісцкая арганізацыя, якая спэцыялізуецца ў гэтай тэме, а менавіта праваабарончая арганізацыя ўзялася за гэта разам са мной.
- Я не магу называць імёны. І не хачу. Я вельмі ўдзячная за давер беларускам, якія мне даверыліся. Я апытала вялікую колькасьць беларусак, якія расказалі свае гісторыі. Асабіста я ведаю вельмі шмат гісторый. Не хацелася прыбягаць да крайніх варыянтаў, калі гэта выносяць у публічную прастору, як было з адной гісторыяй увесну. Гэта вельмі шмат бруду, спрэчак. Гэта два лягеры, і кожны даводзіць, хто мае рацыю і хто ня мае. Я бачу мэтай зьмены, а ня тое, каб называць канкрэтных людзей.
- Справаздача — гэта дакумэнт, напісаны афіцыйнай мовай праваабаронцамі «Прававой ініцыятывы». Будзе больш эмацыйная частка — тое, што кажу я больш шырока. Я гавару пра тое, што насамрэч сытуацыі непрыемныя і брыдкія. Маё асабістае перакананьне, і ня толькі маё, — што пакуль мы ня зьменім сытуацыю з сэксуалізаваным дамаганьнем, з гвалтам, які выехаў разам з намі на эміграцыю, мы ня зможам зьмяніць нічога кардынальна.
- Самае вялікае пытаньне, якое было падчас падрыхтоўкі справаздачы, — чаму мы, тыя, хто зьехаў ад дыктатуры, хто выказваецца супраць гвалту, хто кажа, што хоча дэмакратыі і свабоды, чаму наша грамадзтва на эміграцыі працягвае ў прынцыпе рабіць тое самае? Таму што добра прыкрыцца добрымі справамі. Калі чалавек робіць нешта добрае, нібыта яму можна дараваць нешта дрэннае. Але так гэта не працуе. Яно зноў будзе аднаўляцца, і зноў будзе закручвацца сыстэма гвалту.
- Справаздача пабудаваная на адказах на апытаньне, а таксама на глыбінных інтэрвію беларусак, якія пагадзіліся са мной асабіста пагаварыць, і на інтэрвію з экспэрткамі, якія даўно працуюць з тэмай гвалту, харасмэнту, правоў жанчын.
- Што да сфэраў, дзе харасмэнт найбольш распаўсюджаны, то яны вельмі шырокія. Часьцей за ўсё харасмэнт сустракаецца ў незалежных мэдыя і ВНУ. Апытаньні, глыбінныя інтэрвію адкрылі новыя гарызонты, на жаль. І мне вельмі непрыемна гэта прызнаваць, але і мне, і вельмі шмат каму вядомыя (проста мы пра гэта ўсе маўчым) сытуацыі харасмэнту, якія ёсьць ў НДА-сэктары, у праваабарончым сэктары, у палітыцы, у такіх сфэрах, як бізнэс, ІТ і гэтак далей. Я разумею, што мы нібыта ставім палкі самі сабе ў колы. Але на пытаньне, ці ня будзе гэтым карыстацца прапаганда, я б хацела сказаць, што і без прапаганды мы вельмі добра спраўляемся. Гэтая сыстэма замоўчваньня не працуе, мы так нічога ня зьменім.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум