Літоўскі суд стаў на бок звольненага ў канцы 2023 году выкладчыка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта (ЭГУ) Сяргея Сялецкага, якога абвінавацілі ў дамаганьнях, паведаміла «Еўрарадыё» ягоная адвакатка Эвеліна Трушкінене. Мужчына падаў у суд на свайго былога працадаўцу.
Паводле адвакаткі, звальненьне Сяргея Сялецкага было прызнанае неправамерным. Мужчыну таксама прысудзілі кампэнсацыю за прастой цягам 9 месяцаў, калі ён ня мог выконваць сваіх абавязкаў выкладчыка, а таксама за маральную шкоду і за выдаткі на юрыдычную абарону.
Агульная сума кампэнсацыі Сялецкаму складзе каля 40 тысяч эўра, расказала юрыстка. Рашэньне апублікаванае 2 кастрычніка на сайце суду.
Таксама ЭГУ абавязалі аднавіць Сялецкага на працоўным месцы ад сёньня, бо рашэньне ўжо часткова набыло сілу — такую магчымасьць дае працоўнае права Літвы.
«Ён гэтаму вельмі рады, бо рашэньне суду вельмі дэталёвае, суд яго вельмі добра разгледзеў. Ён зьвярнуў увагу, што дакумэнты [аб звальненьні] былі падрыхтаваныя няправільна, у тым ліку і на тое, што яны маглі быць падробленыя, і яшчэ на шэраг іншых момантаў», — адзначыла Трушкінене.
Пры гэтым ЭГУ мае 30 дзён, каб падаць апэляцыю і скасаваць прынятае рашэньне.
Сяргей Сялецкі — беларускі мастак і выкладчык ЭГУ, якога ўнівэрсытэт у сьнежні 2023 году звольніў пасьля скандалу з абвінавачаньнямі ў дамаганьнях да студэнтак унівэрсытэта. Пра іх частка дзяўчат расказвала мэдыя публічна, частка — на ўмовах ананімнасьці.
У выніку ўнутранага разбору ЭГУ звольніў Сяргея Сялецкага і адлічыў студэнтку Тацяну Барысаву, якая публічна расказала пра дамаганьні.
Форум