Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парушэньне акадэмічнай этыкі». ЭГУ патлумачыў, чаму адлічылі студэнтку, якая паскардзілася на свайго выкладчыка


Будынак ЭГУ ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота
Будынак ЭГУ ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота

Тацяна Барысава правучылася ў ЭГУ тры гады. Вывучала праграму «Эўрапейская спадчына». Яна ня згодная з рашэньнем аб адлічэньні.

Тацяну Барысаву адлічылі з Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту 27 сьнежня. Афіцыйная прычына — парушэньне акадэмічнай этыкі. Тацяна вучылася на трэцім курсе праграмы «Эўрапейская спадчына».

Тацяна Барысава
Тацяна Барысава

«Мінулай восеньню было два паседжаньня наконт майго пытаньня ў Камісіі па этыцы. Першае — бо выкладчык, якога абвінавацілі ў харасмэнце, падаў на мяне скаргу. Пасьля гэтага я дала інтэрвію, дзе выказала сумнеў у рашэньнях камісіі. Тады камісія па этыцы рэкамэндавала рэктару вынесьці мне папярэджаньне. Нібыта я публічна выказваю сумнеў у яе працы і сею недавер. Я ня стала чакаць рашэньня рэктара і не магла зьмірыцца з абсурдам усёй сытуацыі, бо мяне вінавацілі не ў хлусьні, не ў паклёпе, а ў нейкіх публічных сумневах у СМІ», — расказвае Тацяна.

«Я напісала іранічны ліст»

Пасьля гэтага дзяўчына накіравала выкладчыкам ліст, у якім вынесла папярэджаньне самой сабе ў іранічнай форме.

«Я лічу важным, каб таварыства ўнівэрсытэту ведала аб сытуацыі. Я ня стала там проста апісваць факты, а вырашыла вынесьці папярэджаньне самой сабе. Гэта іранічны тэкст, дзе я расказала пра абсурд, які адбыўся. Рэктар паскардзіўся ў камісію па этыцы з гэтай нагоды. У выніку камісія рэкамэндавала мяне адлічыць. Загадам рэктара ад 27 сьнежня мяне адлічылі. У загадзе пералічана ўсё, што я нібыта парушыла», — кажа Тацяна.

Тацяна Барысава
Тацяна Барысава

Усяму гэтаму папярэднічала звальненьне з ЭГУ выкладчыка Сяргея Сялецкага пасьля таго, як былыя і цяперашнія студэнткі ўнівэрсытэту абвінавацілі яго ў харасмэнце. Тацяна не была сярод тых, хто скардзіўся менавіта на харасмэнт. Дзяўчына абвінавачвала Сялецкага ў хамскіх паводзінах. А Сялецкі, калі яшчэ ня быў звольнены, паскардзіўся на яе ў тую самую камісію па этыцы.

«Для ЭГУ я лічуся скандальнай, але ўвесь мінулы год я рабіла добрыя справы, я сустракалася з новым рэктарам, прапанавала яму рэформы кодэксу этыкі, каб там быў мэханізм, які б перашкаджаў харасмэнту. Мяне палічылі скандалісткай, ад якой трэба пазбавіцца», — гаворыць Тацяна.

У чэрвені 2022 году Тацяна абвяшчала сухую галадоўку каля будынку ўнівэрсытэту. Тады рэктар часткова прыняў патрабаваньні студэнткі.

Што гавораць у ЭГУ

У адміністрацыі ЭГУ ў адказ на зварот Свабоды расказалі, што адлічэньне студэнткі Барысавай зьвязана з «сур’ёзным парушэньнем акадэмічнай этыкі».

«Тацяна Барысава сьвядома зрабіла дзеяньні, які складаюць сур’ёзнае парушэньне акадэмічнай этыкі. Не дачакаўшыся канчатковага рашэньня рэктара, яна стварыла і пашырыла электронны дакумэнт пад назвай „Пісьмовае папярэджаньне Тацяне Барысавай“. Гэты дакумэнт быў распаўсюджаны па электроннай пошце супольнасьці ЭГУ бязь ведама Этычнай камісіі ўнівэрсытэту. Мэтай спадарыні Барысавай было наўмыснае ўвядзеньне акадэмічнай супольнасьці ў зман, стварэньне атмасфэры недаверу і варожасьці», — расказалі ў адміністрацыі ўстановы.

Тацяна Барысава
Тацяна Барысава

Таксама ў адміністрацыі падкрэсьлілі, што парушэньні адбываліся сыстэматычна.

«Яе асабістая нязгода з высновамі і дзеяньнямі Этычнай камісіі была выказана ў асабліва зьедлівай і іранічнай форме, падрываючы працу і рашэньні Камісіі і цалкам ігнаруючы прынцыпы ўзаемнай павагі, салідарнасьці і талерантнасьці. Важна падкрэсьліць сыстэматычнасьць такіх паводзінаў студэнткі на працягу ўсяго пэрыяду яе навучаньня. Цяперашні выпадак зьяўляецца апошнім інцыдэнтам, які нанёс сурʼёзную шкоду рэпутацыі ўнівэрсытэту», — гаворыцца ў адказе адміністрацыі.

Унівэрсытэт ЭГУ заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, з 2004 году працуе ў Вільні, бо ў Беларусі ва ўстановы забралі ліцэнзію.

На пачатку студзеня 2024 году беларускія прапагандысты пачалі гаварыць аб тым, што ўлады хочуць прызнаць унівэрсытэт «экстрэмісцкай арганізацыяй». Большая частка студэнтаў ЭГУ — грамадзяне Беларусі.

У размове са Свабодай Тацьцяна Барысава расказала, што пакуль думае, як магчыма аспрэчыць рашэньне ЭГУ аб яе адлічэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG