Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», па стане на 20 лістапада 156 палітзьняволеныя жанчыны знаходзяцца за кратамі, праваабаронцам вядома пра 503 былых палітзьняволеных жанчын.
«Гвалт у адносінах да жанчын — найбольш распаўсюджанае парушэньне правоў чалавека ў сьвеце»
У сьвеце кожная трэцяя жанчына сутыкаецца з гвалтам, многія пакутуюць моўчкі, ня маючы магчымасьці зьвярнуцца па дапамогу. Гвалт, харасмэнт і гендэрная дыскрымінацыя — штодзённая рэальнасьць у Беларусі.
Беларусь дагэтуль не ратыфікавала Стамбульскую канвэнцыю, міжнароднае пагадненьне Рады Эўропы аб прадухіленьні і барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын і хатнім гвалтам. Мэта Канвэнцыі — нулявая цярпімасьць да гвалту.
Гвалт у адносінах да жанчын — найбольш распаўсюджанае парушэньне правоў чалавека ў сьвеце, гэты панятак уключае ў сябе любую форму фізычнай, сэксуалізаванай, псыхалягічнай або эканамічнай шкоды жанчынам. Паводле зьвестак ААН, кожныя 10 хвілін у сьвеце адбываецца забойства жанчыны, кожную гадзіну больш за пяць жанчын забіваюць свае ж сямейнікі.
Сёлета ў лютым пасьля гібелі беларускі Лізы ў Варшаве ў выніку жорсткага згвалтаваньня грамадзкая актывістка Наста Базар ініцыявала флэшмоб #Хопіцьгвалціць. Пад цэтлікам #хопіцьгвалціць людзі дзяліліся ў сацыяльных сетках сваімі гісторыямі і развагамі пра сэксуалізаваны і гэндэрны гвалт. Таксама прайшоў марш «Яе звалі Ліза», у якім узялі ўдзел 3 тысячы людзей.
Адсутнасьць рэальнай статыстыкі гендэрнага гвалту і разгром арганізацый, якія дапамагалі ахвярам
Зразумець рэальны маштаб гендэрнага гвалту ў Беларусі вельмі цяжка. Цэнтралізаваная статыстыка не публікуецца, канкрэтныя гісторыі толькі зрэдку зьяўляюцца ў дзяржаўных мэдыя.
Тым ня менш, толькі па афіцыйных заявах, штогод у Беларусі рэгіструецца каля 80 тысяч паведамленьняў пра хатні гвалт. Гэта мінімум 219 фактаў гвалту за дзень. Кожнае трэцяе забойства зьдзяйсьняецца рукамі блізкіх.
Паводле апытаньня, праведзенага онлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры дапамозе Chatham House, розныя віды хатняга гвалту зазнаюць 17,6% беларускіх гараджанак, якія маюць партнэра.
У Беларусі няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Распрацаваны законапраект раскрытыкаваў Лукашэнка, назваўшы яго «дурасьцю, узятай найперш з Захаду». Паводле Лукашэнкі, супрацьдзеяньне гвалту ў сям’і ідзе насуперак «славянскім традыцыям». Пасьля зьнішчэньня НДА-сэктару і ініцыятываў па барацьбе з хатнім гвалтам у 2023 годзе Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў «выкарчоўваць» з грамадзтва гвалт над жанчынамі і дзецьмі «самымі жорсткімі мэтадамі».
А прадстаўніца Беларускага саюзу жанчын Вольга Чамаданава ў адказ на пытаньне, ці неабходны ў Беларусі закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, заявіла, што беларусы жывуць у бясьпечнай краіне дзякуючы «працы праваахоўных органаў» і што «створаныя ўсе ўмовы, каб людзі адчувалі сябе ў бясьпецы».
Ці ёсьць куды зьвяртацца па дапамогу
Пасьля атакі дзяржавы на не зьвязаныя з уладамі няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі не засталося адзінай інфармацыйнай лініі для ахвяраў хатняга гвалту, а таксама грамадзкіх арганізацый, якія б ім дапамагалі.
Да разгрому грамадзянскай супольнасьці дапамогай ахвярам гендэрнага гвалту і іх рэабілітацыяй займаліся ў асноўным недзяржаўныя арганізацыі, якія шчыльна супрацоўнічалі зь дзяржавай, каб споўніць сваю місію. Зьліквідаваная ўладамі арганізацыя «Радзіслава» (шэлтэр для ахвяраў хатняга гвалту) супрацоўнічала з МУС. У грамадзкія рады, нацыянальную раду гендэрнай палітыкі ўваходзілі такія арганізацыі, як «Гендэрныя пэрспэктывы», «Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын». Але ў 2021 годзе іх выключылі з рады, там застаўся толькі Беларускі саюз жанчын.
Ужо некалькі гадоў для беларусак унутры краіны і за мяжой працуе сэрвіс дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту Oliviahelp, ён аказвае інфармацыйную, псыхалягічную і прававую дапамогу. .
Пацярпелым ад усіх формаў гендэрнага гвалту можна зьвярнуцца ў ініцыятывы «Не адна» , «Адно акно», або напісаць у прыват грамадзкай актывістцы Насьце Базар.
Застаюцца магчымасьці і ў Беларусі. Збольшага яны зьвязаныя з працай дзяржаўных органаў. Праваабаронцы заклікаюць зьвяртацца па дапамогу і адстойваць свае правы. У мэсэнджары Telegram oliviahelp.org дапаможа знайсьці неабходную дапамогу і падтрымку ў канкрэтным рэгіёне Беларусі.
Кругласуткавая лінія даверу для пацярпелых ад гвалту
Менскі гарадзкі цэнтар сацабслугоўваньня сям’і і дзяцей
+375 (17)317 32 32, +375 (29) 367 32 32, +375 (22) 603 32 32
SOS дзіцячыя вёскі
Працуюць зь цяжарнымі жанчынамі і жанчынамі зь дзецьмі
+375 (29) 155 32 07, +375 (17) 511 32 12, +375 (17) 511 32 01
Кругласуткавы тэлефон псыхалягічнай дапамогі
Псыхалягічныя кансультацыі (ня толькі ў выпадку гвалту)
+375 (17) 304 43 70, +375 (17) 352 44 44, +375 (17) 263 03 03
Цяпер у Беларусі прыцягнуць агрэсараў да крымінальнай адказнасьці ў выпадку гендэрнага гвалту вельмі складана, кажуць юрысты Oliviahelp. Пры звароце трэба прадставіць дастатковыя доказы і правесьці ўсе неабходныя экспэртызы. Тады праваахоўныя органы вызначаюць характар і ступень цяжкасьці цялесных пашкоджаньняў, і ўжо ў залежнасьці ад гэтага кваліфікуюць дзеяньні агрэсара паводле артыкула.
Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае адказнасьць за забойства, наўмыснае прычыненьне цяжкага, менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня, згвалтаваньне і гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару. Калі не ўдаецца прыцягнуць агрэсара да крымінальнай адказнасьці, то яго можна прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці па артыкуле аб наўмысным прычыненьні цялеснага пашкоджаньня і іншых гвалтоўных дзеяньнях або аб парушэньні ахоўнага прадпісаньня, кажуць юрысты Oliviahelp.
Паводле іх, існуючая практыка прыцягненьня агрэсараў да адказнасьці ў Беларусі часьцей за ўсё абмяжоўваецца адміністрацыйнымі артыкуламі, і агрэсараў судзяць за дробнае хуліганства, прычыненьне цялеснай шкоды або абразу. Сэксуалізаваны гвалт у шлюбе звычайна не ўспрымаецца як гвалт наогул, кажуць экспэрткі Oliviahelp.
«Не падманвайце сябе ўзростам, адукацыяй, паходжаньнем або фінансавым становішчам: гвалт можа здарыцца з кожнай з нас», — кажуць гендэрныя экспэрткі, якія дасьледуюць пытаньні хатняга гвалту.
Форум