Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму жанчыны маўчаць? Што паказала гісторыя ў ЭГУ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нядаўняя гісторыя ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце са звальненьнем выкладчыка і выключэньнем студэнткі дазваляе зразумець, чаму жанчыны часта моўчкі цярпяць хамства і дамаганьні.

Як і ў большасьці з вас, у мяне таксама быў такі выкладчык — хам з сумнеўнымі, пахабнымі нібыта жартамі, які працуе ва ўнівэрсытэце, быццам каб самасьцьвярджацца за кошт студэнтак і студэнтаў. Мы ня скардзіліся на яго афіцыйна, сярод іншага таму, што на неафіцыйныя скаргі кіраўніцтва і іншыя выкладчыкі рэагавалі як на белы шум.

«Не зьвяртайце ўвагі», «лепш вучыцеся, каб да вас не было за што прычапіцца», — гэта стандартныя парады, якія атрымліваюць студэнткі і студэнты, калі сутыкаюцца зь непрафэсійным стаўленьнем з боку выкладчыкаў.

Але тыя ж самыя людзі, якія спачатку кажуць не зьвяртаць увагі на хамства ці заляцаньні, потым, калі гісторыя ўсё ж становіцца гучнай, запытваюцца: «Чаго ж вы маўчалі раней?». Ды таму, што ведалі: нічым добрым для нас саміх гэта ня скончыцца.

І як бы ні хацелася верыць, што гэта праблема лукашэнкаўскай Беларусі і што ў дэмакратычнай Беларусі будучыні ўсё аўтаматычна будзе лепш, варта паглядзець на цяперашнюю рэальнасьць, у якой ЭГУ адлічыў студэнтку Тацяну Барысаву, калі тая не зьмірылася з хамствам выкладчыка Сяргея Сялецкага. Аказалася, што настойваць на сваім і адстойваць сябе — гэта парушэньне акадэмічнай этыкі. У рашэньнях ЭГУ нельга сумнявацца, яны ж ва ўсім маюць рацыю.

Калі толькі разгарэўся скандал і студэнткі пачалі расказваць, як яны пацярпелі ад дамаганьняў і непрафэсіяналізму Сяргея Сялецкага, я бачыла шмат прэтэнзій і пытаньняў, чаму яны робяць гэта ананімна. Гэтыя прэтэнзіі ішлі побач з легендамі пра тое, што ў страшным новым сьвеце са страшнай новай этыкай варта жанчыне сказаць, што мужчына, які мае над ёю ўладу, яе дамагаўся, гвалціў ці проста па-хамску і непрафэсійна сябе зь ёю паводзіў, ён імгненна губляе ўсё ў жыцьці, а яна атрымлівае бясконцыя выгады. І, вядома ж, не зусім ясна, чаму ў такім выпадку жанчыны хаваюць свае твары і імёны.

Дакладней, такое пытаньне ўзьнікае, калі разважаць у межах легенды пра вялікія выгады ад расповедаў, што ты стала пацярпелай ад мужчынскіх дзеяньняў. У рэальнасьці ж усё акурат ясна — жанчыны найчасцей не расказваюць пра такое зусім альбо расказваюць ананімна, бо сыстэма калі раптам не абараняе мужчын да канца, дык добра за іх помсьціць. І гісторыя Тацяны Барысавай якраз ілюструе гэтую праблему.

Сялецкага, зрэшты, звольнілі, але за гэта давялося пазмагацца. Ні пра якае імгненнае звальненьне гаворка не ішла. А цяпер адлічылі і адну з студэнтак, якія скардзіліся на непрафэсійныя паводзіны Сялецкага. Таму што могуць.

І калі вы наступным разам захочаце запытацца, чаму жанчыны цярпяць моўчкі, згадайце Тацяну Барысаву.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG