26 лістапада ў Італіі завяршыўся саміт міністраў замежных спраў краін G7. У сумеснай заяве па выніках сустрэчы згадалі і Беларусь.
Кіраўнікі МЗС краінаў «Вялікай сямёркі» асудзілі саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны і выказалі занепакоенасьць наконт рэпрэсіяў у Беларусі.
«Мы зноў асуджаем саўдзел беларускага рэжыму ў вайне Расеі супраць Украіны. Мы выказваем нашу нязьменную заклапочанасьць з нагоды рэпрэсіяў рэжыму ў дачыненьні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці, палітычнай апазыцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць свае погляды. Мы таксама асуджаем жорсткае абыходжаньне з палітычнымі зьняволенымі і просім вызваліць іх неадкладна і безумоўна», — гаворыцца ў заяве.
Таксама ў заяве «Вялікая сямёрка» рашуча асудзіла «безадказную і пагрозьлівую ядзерную рыторыку Расеі» і яе «пазыцыю стратэгічнага запалохваньня».
«Мы ніколі не пацерпім пагрозаў ужываньня ядзернай зброі, ня кажучы ўжо пра любое выкарыстаньне ядзернай зброі Расеяй у кантэксьце яе агрэсіўнай вайны супраць Украіны», — гаворыцца ў дакумэнце.
У G7 таксама выказалі «глыбокую занепакоенасьць ужываньнем Расеяй хімічнай зброі» і «сродкаў падаўленьня беспарадкаў» на фронце ва Ўкраіне.
«Выкарыстаньне такой зброі ў якасьці мэтаду вядзеньня вайны зьяўляецца грубым парушэньнем Канвэнцыі аб забароне хімічнай зброі», — адзначылі ў G7, заклікаўшы Арганізацыю па забароне хімічнай зброі расьсьледаваць інцыдэнты.
18 лістапада Арганізацыя па забароне хімічнай зброі заявіла пра першы пацьверджаны выпадак ужываньня на вайне ва Ўкраіне газу CS (хлорбэнзальмаландынітрыл або газ пад назвай «Бэз»), забароненага да выкарыстаньня ў баях. Дзьве незалежныя лябараторыі знайшлі яго сьляды ў трох пробах, у узятых у акопах у зоне баявых дзеяньняў у Днепрапятроўскай вобласьці Ўкраіны.
У сумеснай заяве па выніках саміту міністры замежных спраў краін G7 заявілі, што іх падтрымка Ўкраіны застаецца нязьменьнай. У заяве, сярод іншага, адзначаецца, што Ўкраіне будзе выдзелены крэдыт у памеры 50 млрд даляраў, які будзе абслугоўвацца і пагашацца за кошт даходаў ад замарожаных расейскіх актываў.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен па выніках саміту G7 заявіў, што краіны «Вялікай сямёркі» ўжо завяршаюць працэс выдзяленьня Ўкраіне 50 млрд даляраў з замарожаных расейскіх актываў.
Форум