У паседжаньні парлямэнту ўзялі ўдзел толькі дэпутаты кіроўнай партыі «Грузінская мара», якая, паводле ЦВК Грузіі, набрала на выбарах 26 кастрычніка каля 54% галасоў і атрымала 89 са 150 месцаў у заканадаўчым органе. Яны прызналі паўнамоцтвы ўсіх 150 дэпутатаў, пераабралі Шалву Папуашвілі сьпікерам парлямэнту і абралі старшыняў камітэтаў, паведамляе «Эхо Кавказа».
Праэўрапейскія апазыцыйныя партыі адмовіліся ўваходзіць у новы парлямэнт, бо лічаць яго «нелегітымным». Не ўвайшлі ў парлямэнт «Кааліцыя за перамены» (19 мандатаў), «Адзінства — Нацыянальны рух» (16 мандатаў), «Моцная Грузія» (14 мандатаў) і «Гахарыя — за Грузію» (12 мандатаў).
Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, першае паседжаньне новаабранага парлямэнту праводзіцца не пазьней за 10-ы дзень з дня афіцыйнага абвяшчэньня вынікаў выбараў, і гэтае паседжаньне прызначае прэзыдэнт Грузіі. Аднак Саламэ Зурабішвілі адмовілася прызначаць паседжаньне. Акрамя таго, яна ўнесла пазоў у Канстытуцыйны суд, патрабуючы ануляваць вынікі парлямэнцкіх выбараў як неканстытуцыйныя. Частка юрыстаў і апазыцыянэраў Грузіі лічаць, што прызнаваць паўнамоцтвы чальцоў парлямэнту да завяршэньня разгляду пазову судом незаконна.
Заходнія партнэры Грузіі не павіншавалі «Грузінскую мару» зь перамогай, заклікаючы расьсьледаваць магчымыя фальсыфікацыі і чакаючы, у прыватнасьці, канчатковага дакладу Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ па выніках назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі ў Грузіі.
Ля будынку парлямэнту прайшла акцыя пратэсту, удзельнікі якой патрабавалі правядзеньня паўторных парлямэнцкіх выбараў.
Яны закідалі браму будынку яйкамі, а потым пачалі грукаць па мэталічных загародах уздоўж уваходу ў парлямэнт і штурхаць іх, кідалі на тэрыторыю двара парлямэнту пэтарды, каб стварыць максымальны шум, піша тэлеграм-канал Tbilisi.life. Пратэстоўцы, аднак, не змаглі заблякаваць уваход у будынак, бо было шмат паліцыі.
«Чорны панядзелак у Грузіі: паліцыя... ахоўвае дзьверы, за якімі «рабы „Грузінскай мары“ забіваюць нашу Канстытуцыю і зьдзекуюцца з нашага парлямэнту», — напісала 25 лістапада прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы X. 25 лістапада сутычак паміж паліцыяй і пратэстоўцамі зафіксавана не было.
У Тбілісі ідзе моцны дождж. Большая частка пратэстоўцаў каля будынку парлямэнту Грузіі ўжо разышлася.
Форум