Кіраўніка ЦВК Грузіі Георгія Каландарышвілі аблілі чорнай фарбай падчас паседжаньня камісіі 16 лістапада, на якім зацьвярджаліся вынікі парлямэнцкіх выбараў. Каля будынка ЦВК адбылася сутычка паміж удзельнікамі мітынгу і паліцыянтамі, паведамляе «Эхо Кавказа».
Паміж старшынёй ЦВК Георгіем Каландарышвілі і прадстаўніком апазыцыйнай партыі «Адзінства — Нацыянальны рух» Давідам Кіртадзэ адбыўся канфлікт. Падчас выступу Кіртадзэ старшыня ЦВК адключыў яму мікрафон пасьля заканчэньня рэглямэнтаванага часу. У адказ прадстаўнік апазыцыйнай партыі плюхнуў у кіраўніка ЦВК чорную вадкасьць, як мяркуецца, фарбу. Паседжаньне давялося спыніць.
Пасьля інцыдэнту Кіртадзэ вывелі з залі супрацоўнікі службы аховы.
«Ты — ганьба, ганьба нашай краіны і чорная пляма», — заявіў Кіртадзэ ў адрас кіраўніка ЦВК Грузіі. Акрамя таго, ён назваў кіраўніка ЦВК «пункт.ру».
Празь некаторы час старшыня ЦВК працягнуў паседжаньне з павязкай на воку.
У выніку ЦВК Грузіі афіцыйна зацьвердзіла вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся 26 кастрычніка. Паводле ЦВК, кіроўная партыя «Грузінская мара» набрала амаль 54% галасоў, такім чынам забясьпечыўшы сабе 89 месцаў з 150 у грузінскім парлямэнце.
«Кааліцыя за перамены» атрымлівае 19 дэпутацкіх мандатаў, «Адзіны нацыянальны рух» — 16, «Моцная Грузія» — 14, «За Грузію» — 12 дэпутацкіх мандатаў.
Каля будынку ЦВК Грузіі сабраліся нязгодныя з вынікамі выбараў. Пасьля завяршэньня паседжаньня камісіі пратэстоўцы пачалі разгойдваць плот. Паліцыянты спрабуюць выцесьніць удзельнікаў мітынгу з дарогі на ходнік, пачаліся затрыманьні і сутычкі.
Відавочцы паведамляюць, што паліцыя паводзіць сябе вельмі агрэсіўна. Затрыманы сама меней адзін удзельнік акцыі.
- Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі і апазыцыйныя партыі не прызналі вынікі парлямэнцкіх выбараў у краіне — на фоне сотняў выяўленых назіральнікамі парушэньняў і пытаньняў да захаваньня таямніцы галасаваньня. Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі і кіроўная партыя «Грузінская мара» адмаўляюць якія-небудзь фальсыфікацыі.
- Аналітыкі, якія прааналізавалі зьвесткі з выбарчых участкаў, указваюць на анамаліі ў разьмеркаваньні галасоў, якія могуць казаць пра фальсыфікацыі: укід бюлетэняў, згон або подкуп выбарнікаў у сельскай мясцовасьці. Падобныя парушэньні на выбарах у Грузіі адзначалі і назіральнікі.
- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ў сваёй справаздачы аб апошніх выбарах у Грузіі зафіксавала «выпадкі скупкі галасоў, шырока распаўсюджаную атмасфэру ціску і арганізаванага партыямі запалохваньня да і падчас выбараў, асабліва ў сельскай мясцовасьці».
- Некамэрцыйная назіральніцкая арганізацыя «Сумленныя выбары» (ISFED) зафіксавала выпадкі падвозу, подкупу выбарнікаў і «карусельшчыкаў», а таксама іншыя парушэньні.
Форум