Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты ад «Грузінскай мары» зьбіраюцца на сэсію, апазыцыя — на мітынг пратэсту. ФОТА


Сілавікі і пратэстоўцы ў Тбілісі, Грузія. 25 лістапада 2024
Сілавікі і пратэстоўцы ў Тбілісі, Грузія. 25 лістапада 2024

Новы парлямэнт Грузіі зьбіраецца 25 лістапада на сваю першую сэсію на фоне пратэстаў апазыцыі супраць сфальсыфікаваных выбараў і патрабаваньня праэўрапэйскай прэзыдэнткі Саламэ Зурабішвілі ануляваць вынікі галасаваньня.

Амаль празь месяц пасьля выбараў 26 кастрычніка, на якіх перамагла кіроўная партыя «Грузінская мара», палітычная нестабільнасьць працягваецца ў Грузіі, піша AFP.

Праэўрапэйскія апазыцыйныя партыі адмаўляюцца ўваходзіць у новы парлямэнт, бо лічаць яго «нелегітымным».

Праэўрапейская прэзыдэнтка Саламэ Зурабішвілі, якая знаходзіцца ў канфрантацыі з кіроўнай партыяй, падала пазоў у Канстытуцыйны суд з патрабаваньнем ануляваць вынікі.

Пратэст ля будынку парлямэнту Грузіі. Тбілісі, 25 лістапада 2024
Пратэст ля будынку парлямэнту Грузіі. Тбілісі, 25 лістапада 2024

Прэзыдэнтка абвінаваціла Расею ва ўмяшаньні ў выбары, што Масква адмаўляе. Яна адмовілася падпісваць прэзыдэнцкі ўказ аб скліканьні новага парлямэнту.

Партыя «Грузінская мара», якая атрымала 89 месцаў у парлямэнце з 150, заяўляе, што выбары былі свабоднымі і сумленнымі. Сьпікер парлямэнту Шалва Папуашвілі паведаміў, што дэпутаты зьбяруцца, нягледзячы на адсутнасьць указу прэзыдэнта. Першая пленарная сэсія парлямэнту адбудзецца 25 лістапада ў 12:00, заявіў ён на прэс-канфэрэнцыі ў пятніцу.

Апазыцыйныя партыі заклікалі да мітынгу ля будынку парлямэнту раніцай у панядзелак, піша «Эхо Кавказа».

Удзельнікі пратэсту ў Тбілісі
Удзельнікі пратэсту ў Тбілісі

Апазыцыя сьцьвярджае, што ўрад «Грузінскай мары» ссоўвае замежнапалітычны курс краіны ў кірунку Расеі і падрывае яе даўнія памкненьні да ўступленьня ў Эўразьвяз, што кіроўная партыя адмаўляе.

З моманту выбараў дзясяткі тысяч людзей выходзілі на вуліцы Тбілісі з пратэстамі супраць меркаваных фальсыфікацый.

Эўрапейскі зьвяз і Злучаныя Штаты заклікалі да расьсьледаваньня парушэнняў, выяўленых падчас галасаваньня.

Папуашвілі паведаміў, што дэпутаты новага парляамэнту павінны прагаласаваць за перапрызначэньне цяперашняга прэм’ер-міністра Іраклія Кабахідзэ на пасаду кіраўніка ўраду.

Права на вылучэньне прэм’ер-міністра належыць заснавальніку і ганароваму старшыні партыі «Грузінская мара» Бідзіну Іванішвілі, якога лічаць неафіцыйным кіраўніком краіны без афіцыйнай пасады ва ўрадзе.

Намёты каля будынку парлямэнту Грузіі. Тбілісі, 25 лістапада 2024
Намёты каля будынку парлямэнту Грузіі. Тбілісі, 25 лістапада 2024

Дэпутаты таксама хочуць назваць дату прэзыдэнцкіх выбараў, якія чакаюцца да канца году.

Упершыню ў гісторыі краіны наступны прэзыдэнт будзе выбраны калегіяй электараў, якая складаецца з дэпутатаў і мясцовых чыноўнікаў, а не ўсеагульным галасаваньнем.

Чакаецца, што Зурабішвілі пакіне пасаду ў выніку канстытуцыйнай рэформы, прынятай у 2017 годзе.

Удзельнік пратэстаў у Тбілісі
Удзельнік пратэстаў у Тбілісі

Пасля парлямэнцкіх выбараў група вядучых грузінскіх назіральнікаў заявіла, што выявіла доказы складанай схемы маштабных фальсыфікацый, якія паўплывалі на вынікі на карысьць «Грузінскай мары».

Ганаровы старшыня партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі (зьлева ў першым шэрагу)
Ганаровы старшыня партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі (зьлева ў першым шэрагу)

Галоўны дыпламат ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў напярэдадні выбараў, што правядзеньне галасаваньня стане вырашальным для пэрспэктыў краіны ўступіць у зьвяз.

«Грузінская мара» адмаўляе абвінавачаньні ў фальсыфікацыях і заяўляе, што сяброўства ў ЭЗ застаецца «галоўным прыярытэтам» ураду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG