Полк імя Кастуся Каліноўскага адрэагаваў на экстрадыцыю Васіля Верамейчыка зь Віетнаму ў Беларусь і заклікаў «унесьці былога байца ў абменны фонд і разам зь іншымі палоннымі каліноўцамі пры першай магчымасьці абмяняць на палонных расейскіх вайскоўцаў».
Міністар абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас, камэнтуючы тэлеканалу «Белсат» сытуацыю з Васілём Верамейчыкам, якога Літва раней прызнала пагрозай нацыянальнай бясьпецы і забараніла яму ўезд у Эўразьвяз, адзначыў, што «такое рашэньне прыняла дзяржава».
«Гэтую сытуацыю мне камэнтаваць цяжка, але Літва і нашыя інстытуцыі, яны працуюць паводле сваіх альгарытмаў. Калі былі нейкія зьвесткі, што ён можа быць зьвязаны з рэжымам ці зь нейкай іншай рызыкай, яны прынялі такое рашэньне. Па-рознаму бывае. Дзяржава вырашыла і так зрабіла», — сказаў міністар.
Лаўрынас Кашчунас паўтарыў, што «трэба глядзець на гэтую канкрэтную сытуацыю», а правяраць кожную сытуацыю мусіць Дэпартамэнт міграцыі Літвы. Але дадаў, што пераезд Верамейчыка ў Віетнам наўрад ці быў «найлепшым варыянтам», бо Віетнам мае сувязі з Расеяй і з Аляксандрам Лукашэнкам. Несправядлівага стаўленьня да беларусаў у Літве Кашчунас ня бачыць. «Кожная дзяржава думае пра сваю нацыянальную бясьпеку», — адзначыў ён.
Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы заявіў, што знаходжаньне Васіля Верамейчыка на тэрыторыі Літвы магло «несьці пагрозу нацыянальнай бясьпецы», а спробы «эскаляцыі гэтай гісторыі» звонку могуць быць «звычайнай інфармацыйнай атакай на Літву», цытуе камэнтар ведамства Delfi.
Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што рашэньне аб прызнаньні Верамейчыка пагрозай нацыянальнай бясьпецы прынялі з улікам інфармацыі, прадстаўленай Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы (ДДБ). «Я не магу публічна камэнтаваць зьмест інфармацыі ДДБ. Працэсы ў Літве такія, што Дэпартамэнт міграцыі [пры МУС] перад прыняцьцем рашэньня атрымлівае адпаведную інфармацыю ад нашых установаў і прымае рашэньне на яе падставе», — падкрэсьліла Білатайце.
Раней Офіс Сьвятланы Ціханоўскай зрабіў заяву ў сувязі з экстрадыцыяй Васіля Верамейчыка зь Віетнаму.
«Экстрадыцыя Васіля Верамейчыка — прамыя наступствы рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, які працягвае перасьледаваць апанэнтаў, выводзячы ўзровень рэпрэсій на міжнародны ўзровень. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай падкрэсьлівае патрэбу ўзмацненьня міжнародных мэханізмаў абароны правоў чалавека. Прычым абароны ня толькі беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій, але і тых, хто абараняе будучыню Эўропы, змагаючыся на баку Ўкраіны».
Офіс заклікаў міжнародную супольнасьць:
- зьмяніць падыходы да разгляду спраў аб наданьні міжнароднай абароны, акцэнтуючы ўвагу на індывідуальным аналізе абставін кожнага асобнага выпадку;
- разарваць супрацоўніцтва зь сілавымі структурамі Рэспублікі Беларусь;
- прыпыніць двухбаковыя дамовы аб экстрадыцыі і прававой дапамозе з Рэспублікай Беларусь.
«Настойліва рэкамэндуем усім беларусам, якія знаходзяцца за межамі краіны, быць вельмі ўважлівымі і асьцярожнымі, улічваючы магчымыя дзеяньні спэцслужбаў рэжыму Лукашэнкі. Каб мінімізаваць рызыку экстрадыцыі, зьвяртайцеся да сайту pashpart.org і правярайце краіны, куды небясьпечна накіроўвацца беларусам, якія трапілі пад перасьлед рэжыму», — дадаў Офіс.
Напярэдадні стала вядома, што зь Віетнаму экстрадавалі грамадзяніна Беларусі Васіля Верамейчыка, былога ваяра палку Каліноўскага, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, а затым пераехаў ва Ўкраіну, дзе служыў намесьнікам камандзіра батальёну «Волат». У 2024 годзе, пасьля заканчэньня службы, Васіль быў выбраны ў Каардынацыйную раду і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх вэтэранаў.
Форум