У 2020 годзе жыхар Гомля Дзьмітры Лукомскі неаднаразова пабываў у ІЧУ з палітычных прычынаў. Пасьля выехаў зь Беларусі, жыў ва Ўкраіне. У 2024 годзе вырашыў перабрацца ў Славаччыну.
Здымкі Дзьмітрыя і Віялеты вісяць у Беларусі на дошцы аб’яў «Іх шукае міліцыя». Супраць Віялеты Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу ў межах спэцыяльнага вядзеньня за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
У Славаччыне Дзьмітры і Віялета скардзіліся на благія побытавыя ўмовы ў лягеры для ўцекачоў, кепскую ежу і яе недахоп.
Да праблем лягеру Дзьмітры прыцягваў увагу мясцовых праваабаронцаў, місію ААН. 18 кастрычніка Дзьмітры паведаміў, што яго затрымала паліцыя.
З адкрытага лягеру ў закрыты
18 кастрычніка Дзьмітры патэлефанаваў карэспандэнту Свабоды і паведаміў, што яго затрымала паліцыя.
«Гэта ўсё праз тое, што мы зь Віялетай адстойвалі свае правы ў лягеры, што расштурхалі гэтае асінае гняздо. Аказалася, што тут тое самае, што і ў Беларусі — будзеш скардзіцца, дык цябе пакараюць», — пасьпеў расказаць актывіст.
Дзьмітрыя затрымалі ў лягеры ў вёсцы Опатоўска Нова Вес і завезьлі на допыт у паліцыю гораду Банска Быстрыца. Там, паводле Віялеты Майшук, сяброўкі Лукомскага, яго апытвалі да 3 гадзінаў ночы. Затым пакінулі на ноч у аддзеле паліцыі, раніцай завезьлі ў закрыты лягер у Сечаўцах.
Паводле Віялеты, Дзьмітры пачуваецца ня вельмі добра.
«Бо вакол яго ахоўнікі са зброяй, а ён перанёс зьдзекі і катаваньні ў 2020-м у Цэнтральным РАУС Гомля. Яму выдалі адзеньне, на два памеры меншае, чым ён носіць. Шпацыры там — гадзіна раніцай і гадзіна вечарам», — кажа суразмоўца.
Яна зазначыла, што раз на дзень Дзьмітры можа карыстацца тэлефонам і яны ўжо размаўлялі. Беларусу дапамагае юрыстка з праваабарончай арганізацыі «Ліга правоў чалавека».
«Яна сказала, што Дзьмітры там, у закрытым лягеры, можа прабыць да таго моманту, пакуль ня будзе рашэньня аб прытулку, ці можна гэта абскардзіць праз суд і ён выйдзе раней», — заўважыла Віялета.
Яна дадала, што Дзьмітры ў закрытым лягеры ходзіць пад канвоем. Напрыклад, у сталоўку.
Закрыты лягер не парушае правоў чалавека
Свабода накіравала запыты ў паліцыю і міграцыйныя службы Славаччыны аб прычынах затрыманьня і пераводу ў закрыты лягер Дзьмітрыя Лукомскага. Адказаў на запыты пакуль не было.
Юрыстка «Лігі за правы чалавека» Міхаэла Дойчынавічава (Michaela Dojčinovičová), якая займаецца дапамогай Лукомскаму, паведаміла Свабодзе, што безь пісьмовай згоды кліента яна ня можа інфармаваць журналістаў пра тое, дзе ён знаходзіцца, і ня можа паказаць неабходных дакумэнтаў. Яна дадала, што пасьля сустрэчы з кліентам будзе вырашана, якую інфармацыю яны лічаць бясьпечнай для перадачы журналістам.
Юрыст, сябра Чэскай калегіі адвакатаў Алесь Міхалевіч кажа, што зьмяшчэньне чалавека, які просіць прытулку, у закрыты лягер не зьяўляецца парушэньнем правоў чалавека.
«Калі чалавек прыехаў у краіну бязь візы, то да яго прымяняюцца іншыя стандарты, у тым ліку гэта можа быць і закрыты лягер для ўцекачоў. Але гэта не парушэньне правоў, парушэньнем будзе прымяненьне катаваньняў, скажам», — патлумачыў юрыст.
Міхалевіч падкрэсьлівае, што краіны нельга падзяліць на «ляяльныя» ці «неляяльныя» да беларусаў. Пытаньне стаіць у інфармацыі пра краіну паходжаньня (у нашым выпадку — Беларусь), якой карыстаюцца міграцыйныя службы той ці іншай краіны. Згадваючы выпадак зь беларусам Андрэем, актывістам ЛГБТ-супольнасьці, якому Баўгарыя адмовіла ў прытулку, Міхалевіч зазначыў, што Баўгарыя — гэта краіна, якая яшчэ адносна нядаўна была прарасейскай. І цяпер яна мае свае праблемы, каб «перайсьці на нармальныя рэйкі і пачаць аб’ектыўна ставіцца да парушэньняў правоў чалавека».
Агулам, па словах юрыста, калі чалавек прыяжджае ў іншую краіну і просіць прытулку, але ня мае моцнай індывідуальнай гісторыі, якая даказвае перасьлед, то цяжка разважаць аб прыхільных ці непрыхільных краінах. Па словах Міхалевіча, да нядаўняга часу адносна лёгкай для легалізацыі праз атрыманьне дадатковай абароны была Польшча. Але, па словах экспэрта, сытуацыя будзе пагаршацца са зьменай міграцыйнай палітыкі.
«Калі забароняць падавацца на статус на мяжы, то гэтая норма распаўсюдзіцца ня толькі на грамадзян Сырыі ці Афганістану, але і на грамадзян Беларусі», — зазначыў юрыст.
Ён лічыць, што варта працаваць над тым, каб краіны мелі актуальную інфармацыю пра становішча ў Беларусі, дзе перасьледуюць ня толькі знакавых фігур апазыцыі, але і звычайных людзей, за рэпосты і падабайкі ў сацыяльных сетках. Гэтым займацца могуць дыяспары ў супрацоўніцтве зь міграцыйнымі службамі.
«Адно, гэта калі беларусу адмовілі ў прытулку і ён прайшоў суды, а рашэньне засталося нязьменным. Другое — калі яго сапраўды спрабуюць дэпартаваць у Беларусь, дзе ён можа зазнаць катаваньні. Вось гэта сапраўды вельмі істотнае парушэньне», — дадаў Міхалевіч.
Форум