Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пазначаныя жоўтым». Выйшаў музычны альбом пра палітвязьняў Беларусі. Аўдыё


Вокладка альбому «Пазначаныя жоўтым»
Вокладка альбому «Пазначаныя жоўтым»

Праваабарончы цэнтар «Вясна» разам зь беларускімі творцамі 19 лістапада прэзэнтавалі музычны альбом пра палітзьняволеных Беларусі пад назвай «Пазначаныя жоўтым».

Над стварэньнем альбома працавалі паэты, акторы, музыкі і былыя палітзьняволеныя. Альбом складаецца з шасьці трэкаў, якія адлюстроўваюць шлях палітвязьня ад затрыманьня да вызваленьня. Гэта своеасаблівая дакумэнтацыя рэпрэсіяў у Беларусі, адзначаюць праваабаронцы.

У аснове тэкстаў — рэальныя сьведчаньні палітзьняволеных, а ў аранжыроўцы выкарыстоўваюцца архіўныя запісы затрыманьняў, судовых працэсаў і галасоў палітвязьняў.

Над стварэньнем альбома, сярод іншага працавалі аўтарка ідэі і мэнэджарка Крысьціна Дробыш, рэпэр і аўтар тэкстаў Аngst, музыка і рэжысэр Арцём Ставер, праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук. У выкананьні трэкаў узялі ўдзел акторы і музыкі, сярод якіх Андрэй Новік, а таксама былыя палітвязьні Алесь Папковіч і Алана Гебрэмарыям. Праваабаронцы не называюць імёнаў усіх, хто ўдзельнічаў у працы над праектам, у мэтах бясьпекі.

Альбом ужо дасяжны на лічбавых плятформах: Youtube i Soundcloud (на іншых пляцоўках зьявіцца пазьней).

Праект рэалізавалі ў межах праграмы ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытуту культуры пры фінансавай падтрымцы Эўразьвязу.

Цікавыя факты пра песьні ў альбоме

Напісаў тэкст і выканаў кампазыцыю «Затрыманьне» рэпэр Angst. У аранжыроўцы выкарысталі гукі затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага і чальцоў каманды «Страна для жизни» ў Горадні 29 траўня 2020 году. На пачатку запісу можна пачуць голас Ціханоўскага, а таксама гукі вядомага многім заглушанага жывога этэру. У якасьці пэркусіі — гукі з затрыманьня Сьцяпана Латыпава і крыкі людзей з «плошчы Перамен».

Трэк «Умовы» заснаваны на сьведчаньнях вязьняў пра ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх месцах няволі. У ім таксама можна пачуць жывыя сьведчаньні, у тым ліку асуджанага па «справе Зельцара» Арцёма Задруцкага.

Расказаць пра беларускі суд аўтар тэксту Angst вырашыў праз альфабэт. Трэк «Суд» выканалі актор Андрэй Новік і былая палітзьняволеная па «справе студэнтаў» і актывістка Алана Гебрэмарыям. Пэркусія — гук таго, як Марыя Калесьнікава грукае кайданкамі перад вынясеньнем прысуду 6 верасьня 2021 году. Таксама ў трэку выкарыстаны аўдыёзапіс з суду, дзе можна пачуць крык палітзьняволенага Сьцяпана Латыпава ў чэрвені 2021 году.

У запісе трэку «Лісты» ўзялі ўдзел найбольш выканаўцаў, сярод іх — рэжысэрка і фатографка Ксенія Галубовіч. Канчаецца ён пералікам палітвязьняў, якія памерлі ў зьняволеньні.

Трэк «Пасьля вызваленьня» — гэта дакумэнтальная гісторыя былога палітзьняволенага і музыкі Алеся Папковіча, які прабыў за кратамі амаль два гады, а цяпер на эміграцыі адаптуецца і сацыялізуецца пасьля зьняволеньня.

«Дзеці» — адзін з самых эмацыйна складаных трэкаў у альбоме. Тэкст і музыку для яго напісаў Uhead (Арцём Ставер). Трэк уяўляе сабой калыханку ад дзяцей да бацькоў. У ім таксама можна пачуць, як чытаюць лісты да мамы і таты маленькія Насьця і Ваня — дзеці палітзьняволеных Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча.

  • Па стане на 19 лістапада ў няволі ў Беларусі застаюцца сама меней 1269 палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Колькасьць людзей, зьняволеных у Беларусі з палітычных матываў, можа быць значна большай.
  • Зь лета 2020 году па канец кастрычніка 2024 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі амаль 3600 чалавек, толькі за кастрычнік — 35 чалавек. Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG