Улады Чаду адпусьцілі беларуса і траіх расейцаў, затрыманых у краіне ў верасьні, яны ўжо прыбылі ў Расею, паведамляе РІА «Новости». Сярод іх — расейскі паліттэхноляг Максім Шугалей, зьвязаны з ПВК «Вагнэр», які працаваў у Афрыцы падчас афрыканскай экспансіі ПВК.
Расейцы Максім Шугалей, Самер Суэйфан, Яўгеній Цароў і беларус А. А. Дзенісевіч (яго поўнае імя не паведамлялі), утрымліваліся ў сьледчым ізалятары ў сталіцы Чада Нджамене. Расейскі МЗС сьцьвярджаў, што іх затрымалі без прад’яўленьня абвінавачаньняў.
Пра беларуса Дзенісевіча нічога не вядома. Выданьне «Люстэрка» раней зьвяртала ўвагу, што прозьвішча Дзенісевіч мае жонка набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўца Аляксандра Зінгмана, які ў 2019 годзе быў прызначаны ганаровым консулам Зымбабвэ ў Беларусі. Зінгман вядомы сваімі шырокімі сувязямі ў Афрыцы і прасоўваньнем інтарэсаў беларускіх уладаў на гэтым кантынэнце. «Люстэрка» выказала здагадку, што затрыманы мог быць сваяком жонкі Зінгмана Лізаветы Дзенісевіч, але ці так гэта, дакладна не вядома.
Ініцыялы Яўгенія Царова супадаюць з імем старшыні падкамітэту па лізінгу Савета Гандлёва-прамысловай палаты Расеі па фінансава-прамысловай і інвэстыцыйнай палітыцы, які некалькі разоў выступаў на форумах аб інвэстыцыях у Афрыцы, пераканаўся карэспандэнт Радыё Свабода.
Максім Шугалей — адзін з найбольш дасьведчаных паліттэхнолягаў, якія працуюць на структуры Яўгена Прыгожына. Таксама ён адзін з ключавых расейскіх паліттэхнолягаў, якія працуюць на прасоўваньне інтарэсаў Крамля за мяжой, распавядаў пасьля яго затрыманьня праекту «Вот Так» на ўмовах ананімнасьці чалавек, асабіста знаёмы з Шугалеем.
Самера Суэйфана расейскія СМІ называюць «пастаянным партнэрам» Шугалея, які таксама «актыўна ўдзельнічае ў розных дасьледаваньнях і праектах». У матэрыялах ён фігуруе як сацыёляг і перакладчык Шугалея і практычна заўсёды — у адной зь ім зьвязцы.
Перад затрыманьнем 19 верасьня Шугалей і Суэйфан, як сьцьвярджаецца ў публікацыі францускага выданьня Jeune Afrique, наведалі перадвыбарчыя штабы кандыдата на пасаду прэзыдэнта Чаду Махамата Дэбі, сына загінулага былога дыктатара Чада Ідрыса Дэбі. Дэбі-малодшы пазьней быў аб’яўлены пераможцам на выбарах. Яго галоўны апанэнт быў забіты ўрадавымі войскамі.
Царова і Дзенісевіча затрымалі 21 верасьня, праз два дні пасьля Шугалея і Суэйфана.
- Заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын меў шырокія бізнэс-інтарэсы ў Афрыцы. У 2019 годзе паведамлялася, што ягоныя паліттэхнолягі працуюць у 20 краінах кантынэнта, у тым ліку ў Чадзе.
- У 2019 годзе Шугалея і Суэйфана арыштоўвалі ў Лібіі. Улады Лібіі абвінавацілі іх у спробе паўплываць на будучыя выбары ў гэтай краіне: нібыта расейцы спрабавалі арганізаваць сустрэчу з Сэйфам Кадафі (Саіф аль-Ісламам), беглым сынам былога кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі, якога ў Крамлі разглядалі як патэнцыйнага кандыдата на пасаду новага прэзыдэнта Лібіі. Іх трымалі пад арыштам да сьнежня 2020 году. З-пад арышту Шугалей быў абраны ў Дзяржсавет Рэспублікі Комі. Ён адмовіўся ад мандата па вызваленьні.
Форум