Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The New York Times: у Лібіі ваююць 200 наймітаў з расейскай групы «Вагнера»


Ілюстрацыйнае фота. Зьнішчаны танк Лібійскай нацыянальнай арміі Халіфы Хафтара ў паўдневай частцы краіны
Ілюстрацыйнае фота. Зьнішчаны танк Лібійскай нацыянальнай арміі Халіфы Хафтара ў паўдневай частцы краіны

Лібійскія лекары апошнім часам сутыкнуліся з новым відам ранаў у сваіх байцоў: гэта вузкія дзіркі ў галаве або тулаве, пакінутыя кулямі, якія забіваюць імгненна і ніколі не пакідаюць цела. Паводле лібійскіх байцоў, гэта праца расейскіх наймітаў, у тым ліку спрактыкаваных снайпэраў, піша The New York Times.

Адсутнасьць выхадной раны зьяўляецца прыкметай боепрыпасаў, якія выкарыстоўваюцца тымі ж расейскімі наймітамі ў іншых месцах, гаворыцца ў матэрыяле.

Снайпэры ўваходзяць у лік прыблізна 200 расейскіх байцоў, якія прыбылі ў Лібію за апошнія шэсьць тыдняў у рамках шырокай кампаніі Крамля ў аднаўленьні свайго ўплыву на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, піша NYT.

Па словах трох высокапастаўленых лібійскіх чыноўнікаў і пяці заходніх дыпляматаў, якія уважліва сочаць за вайной, расейскія снайпэры належаць да групы «Вагнера» — зьвязанай з Крамлём прыватнай кампаніі, якая таксама ўзначальвала расейскую інтэрвэнцыю ў Сырыі. Чыноўнікі ў Трыпалі кажуць, што неўзабаве ў краіну перакінуць новую групу расейцаў.

Адзін эўрапейскі чыноўнік у галіне бясьпекі заявіў, што адсутнасьць скразной раны ад кулі і прыкметы экспансіўных («пустацелых», hollow point або dum-dum) боепрыпасаў адпавядаюць ранам, нанесеным расейскімі снайпэрамі на ўсходзе Ўкраіны.

Паводле зьвестак выданьня, найміты ўдзельнічаюць у розных ваенных сутыкненьнях на тэрыторыі Лібіі, дзе цяпер ідзе грамадзянская вайна. Таксама ў Лібію з Расеі было адпраўлена некалькі самалётаў «Сухой» і высокадакладная артылерыя.

У Лібіі пасьля зьвяржэньня ў 2011 годзе Муамара Кадафі няма цэнтральнай улады і дзейнічаюць два ўрады: урад нацыянальнай згоды (ПНЗ) прэм’ер-міністра Фаіза Сараджа ў Трыпалі (яго прызнаюць большасьць краін Захаду і ААН) і «ўрад у Тобруку», які падтрымлівае Лібійская нацыянальная армія на чале з генэралам Халіфам Хафтарам. Усе спробы стварыць урад нацыянальнага адзінства дагэтуль не ўвянчаліся посьпехам, а на агульных выбарах неаднаразова пераносіліся. Больш за пяць гадоў Хафтар вядзе вайну з кааліцыяй апалчэнцаў з заходняй Лібіі, якую падтрымлівае ўрад краіны ў Трыпалі.

Расея ў грамадзянскай вайне ў Лібіі падтрымлівае Хафтара: ён быў найбліжэйшым паплечнікам Кадафі. Сілы Хафтара кантралююць усход і частку паўднёвых рэгіёнаў краіны. У лістападзе 2018 году Хафтар зьявіўся за сталом перамоваў у Маскве зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шойгу і бізнэсоўцам Яўгеніем Прыгожыным, які, як мяркуецца, узначальвае прыватную вайсковую кампанію «Вагнер». Праз 9 месяцаў пасьля гэтага ў Лібіі былі арыштаваныя расейскі паліттэхноляг Максім Шугалей, вядомы сваёй працай на структуры Прыгожына, разам зь ягоным перакладчыкам Самэрам Суэйфанам.

Войскі Хафтара з красавіка 2019 году вядуць наступ на Трыпалі. Хоць перад гэтым Сарадж і Хафтар правялі перамовы і пагадзіліся пачаць абʼяднаньне палітычных структураў захаду і ўсходу і да канца 2019 году правесьці прэзыдэнцкія выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG