Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мая мама ў турме». Як гаварыць зь дзецьмі пра палітыку


Элемэнт вокладкі кнігі псыхоляга Вольгі Вялічкі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме»
Элемэнт вокладкі кнігі псыхоляга Вольгі Вялічкі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме»

За мінулыя пяць гадоў беларусы напісалі цэлую паліцу кніг у розных жанрах пра актуальныя падзеі. Гэта не ўспаміны і не расповеды па сьвежых сьлядах, калі «ўсё закончылася». Бо «ўсё працягваецца».

І кніга псыхоляга Вольгі Вялічкі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» таксама мае адкрыты фінал.

«Дзеці не даюць нам прызвычаіцца да вайны, да лукашызму. Знаходзяць для гэтага нейкія свае словы. Яны бясстрашныя і сумленныя сьведкі», — рэзюмавала ў пасьлямове да кнігі Сьвятлана Алексіевіч.

Сьцісла:

  • Яшчэ не было ў беларускай гісторыі такога катаклізму, які б гэтак шырока апісваўся ў кнігах па гарачых сьлядах і «знутры».
  • Беларускія псыхолягі ня маюць досьведу працы з ахвярамі дзяржаўнага тэрору і пачуваюцца першапраходцамі.
  • Дзяржаўны тэрор у Беларусі ня мае сэнсавага ці псыхалягічнага падмацаваньня і трымаецца выключна на грубай сіле.

Новая старонка ў беларускай літаратуры

Такой актыўнай кніжнай фіксацыі не было ў беларускай літаратуры ў часы Чарнобыля, Хатыні ці ГУЛАГу. Пры тым, што «нічога ня скончылася» і кожнае выданьне можа мець працяг. Кнігі паэзіі, прозы, драматургіі, дакумэнтальных жанраў складаюцца ў цэлую бібліятэку. Гэты дзіўны фэномэн сьведчыць, бадай, пра сталасьць нацыі, якая імкнецца замацаваць падзеі ў нацыянальнай памяці, каб выключыць паўтарэньне гэтага ў будучыні. Гэта досьвед, які ўжо маюць многія іншыя нацыі і які беларусы адчуваюць патрэбу набыць толькі цяпер.

Вольга Вялічка, 2024
Вольга Вялічка, 2024

Аўтарка кнігі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» Вольга Вялічка — стваральніца і былая дырэктарка горадзенскага дзіцячага госьпісу, якой прысудзілі завочна вялікі турэмны тэрмін. У эміграцыі яна працуе зь дзецьмі палітвязьняў і сабрала разам гісторыі, казкі, сны і мары, якімі зь ёй падзяліліся дзеці — у цяперашнім часе, пасярод падзеяў, канца якім не відаць і немагчыма ўпэўнена прадбачыць, чым «усё закончыцца». У гэтым галоўная інтрыга, і яна па-за кнігай.

«А ад падлетка я пачула: „Цяпер я па поўнай назіраю, як усе мы расчароўваемся ў жыцьці“». На нядаўняй прэзэнтацыі кнігі ў Вільні аўтарка зазначыла, што людзі расчароўваюцца і гэта нармальна. Але ж не ў падлеткавым узросьце.

Яшчэ адно яе назіраньне: дзеці перажываюць траўму ў гульні. Яны прыдумляюць казкі, у якіх дзейнічаюць злыя стварэньні — паводле апісаньня, губазікі і амоны, і тыя ўрэшце ўсьведамляюць сваё зло і пачынаюць жыць паводле правілаў. То бок, для дарослага тут тупік — разуменьне таго, што зло непераможнае, уводзіць у ступар. А ў казцы тупіку няма, прычым зло само ўсьведамляе, што яно зло.

Каша з чарвякамі

Каб зразумець, як дапамагчы дзецям, чые бацькі апынуліся ў турме, Вольга Вялічка зьвярнулася да падобнага досьведу — успамінаў жанчын, якія дзецьмі трапілі ў сталінскі канцлягер.

«Я знайшла толькі два адрозьненьні: у беларускіх дзяцей ёсьць шанец убачыць сваіх бацькоў жывымі, і ні ад аднаго зь іх я ня чула, каб іншыя дзеці дражнілі іх за тое, што мама ці тата цяпер у турме».

Усё астатняе, а гэта, галоўным чынам, зьдзек і катаваньне з боку «людзей у чорным», не адрозьніваецца.

«Нас білі, прымушалі падоўгу прастойваць у куце на каленях за любое, самае маленькае свавольства. Аднойчы падчас ціхага часу я ніяк не магла заснуць. Цётка Дзіна, выхавальніца, села мне на галаву, і калі б я не павярнулася, магчыма, мяне б не было ў жывых»...

Між іншым, папярэдняя кніга беларускіх дзіцячых расповедаў «Ніколі не забудзем» пабачыла сьвет у 1948 годзе, а пачыналі яе зьбіраць у 1946-м, адразу ж пасьля вайны. Таму і ўспамінамі ў поўнай меры гэтыя сьведчаньні не назавеш. Што праўда, сама вайна на той момант скончылася, і дзеці ўсьведамлялі гэта. Мяне зьдзівіла адна дробная дэталь у той кнізе і ў кнізе Вольгі Вялічкі, што якраз для псыхоляга можа мець істотнае значэньне.

Вось што ўспамінала 10-гадовая Маня зь «Ніколі не забудзем», якую разам з маці завезьлі ў нямецкі канцлягер:

«Назаўтра першы раз нам далі паесьці супу з храпак ад капусты, чарвякамі запраўленага, ды такога рэдзенькага, што я ў сваім кацялочку знайшла палавіну храпкі, восем крупінак ячных і дзесяць чарвякоў. Нам проста было дзіўна, адкуль яны бяруць столькі чарвякоў? Чарвякоў мы выкідалі».

А вось 9-гадовы Міша з кнігі Вольгі Вялічкі расказвае свой сон:

«А быў жудасны сон. Мы ехалі да мяжы. Тым часам Лукашэнка забраў усю маю сям’ю. А мяне замкнуў у турме. Мне загадалі ўсё рабіць: мыць падлогу, гатаваць і праць. Зь ежы была толькі манная каша з чарвякамі»...

Іншыя дзеці

Аўтарка падкрэсьлівае, што цяперашнія дзеці моцна адрозьніваюцца ад папярэдніх пакаленьняў. Найбольш істотнае тое, што дзеці ўспрымаюць віртуальную рэальнасьць як такую самую, што ў жыцьці. Для іх гэта адна рэальнасьць, як бы цяжка нам ні было гэта зразумець.

Вольга перакананая, што нармальнасьць вернецца ў наша жыцьцё, бо так было заўсёды. Але плаціць за гэта будуць дзеці. Пра тое, што гэта за плата, аўтарка гаварыла на прэзэнтацыі кнігі. Калі ўявіць сабе лінію жыцьця чалавека як лінарку, дзе кожнае дзяленьне — этап жыцьця, дык уявіце сабе, што якраз дзяцінства зь лінаркі прыбранае. Адпаведна, і ўсе іншыя дзяленьні не на сваім месцы. Мінулыя пяць гадоў — самыя важныя ў фармаваньні дзіцячай псыхікі, уласна і ёсьць гадамі дзяцінства.

Апошні разьдзел кнігі — парады псыхоляга на тэму «Як гаварыць зь дзецьмі пра палітыку». На пытаньне «Як успрымаць урокі „патрыятызму“ ў школах», аўтарка, між іншым, адказвае, што дзеці фармуюць свой сьветапогляд, гледзячы на пазыцыю бацькоў і на кантэкст сацсетак. Прышчапіць ім ілжывыя ідэалы цяжка, калі ўвогуле магчыма.

Неаднойчы ў кнізе Вольга Вялічка падкрэсьлівае, як важна бацькам папаўняць свае веды ў беларускай гісторыі і культуры, гаварыць па-беларуску, быць самімі сабою. Сапраўды, усё тое, што чыніць сёньня рэжым у Беларусі, супярэчыць традыцыйнай беларускай этыцы, якая найлепшым чынам рэгулюе дачыненьні людзей, якой першая навучае дзіця мама і якая спрадвеку не прадугледжвае такой «опцыі», каб мама была ў турме.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG