Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі рэпутацыя асноўнага парушальніка правоў чалавека». Анаіс Марэн выступіла з апошнім дакладам у ААН


Анаіс Марэн, архіўнае фота
Анаіс Марэн, архіўнае фота

Анаіс Марэн выступіла са сваім апошнім дакладам у якасьці спэцыяльнай дакладчыцы па становішчы з правамі чалавека ў Беларусі на 79-й сэсіі Генасамблеі ААН, на 35-м пленарным пасяджэньні трэцяга камітэту, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Падчас свайго выступу Анаіс Марэн адзначыла, што з часу яе прызначэньня спэцдакладчыцай па Беларусі ў 2018 годзе становішча з правамі чалавека ў краіне ўвесь час пагаршаецца, а пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году беларусы сутыкнуліся з рэпрэсіямі «ў беспрэцэдэнтным маштабе інтэнсіўнасьці». Яна ўзгадала свае папярэднія даклады, у якіх гаварылася пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў дачыненьні да мірных пратэстоўцаў, некаторыя зь якіх загінулі, пра «тысячы асуджаных без справядлівага судовага разбору» за законнае ажыцьцяўленьне сваіх правоў (многія дасюль у турмах), пра фактычную ліквідацыю грамадзянскай супольнасьці, перасьлед журналістаў і праваабаронцаў у Беларусі, вымушаную эміграцыю беларусаў праз пагрозу палітычнага перасьледу.

Спэцдакладчыца адзначыла, што гэтыя масавыя парушэньні правоў чалавека выклікалі абурэньне ў міжнароднай супольнасьці, і Рада правоў чалавека зацьвердзіла дадатковы мандат для прыцягненьня вінаватых да адказнасьці. Але беларускі ўрад адрэагаваў на яго, «аспрэчваючы легітымнасьць абодвух мандатаў, сказіўшы пры гэтым нагоду існаваньня шэрагу мэханізмаў ААН», — падкрэсьліла Анаіс Марэн.

«Замест таго каб выконваць абавязаньні, урад дэнансаваў міжнародныя дамовы, якія ён уважаў за нязручныя, у прыватнасьці Орхускую канвэнцыю ў 2022 годзе, дэнансаваў Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у 2023 годзе. Беларусь пазбавіла сваё насельніцтва доступу да працэдуры незалежных скаргаў пры Радзе правоў чалавека — асноўны мэханізм, акрамя майго мандата, які выкарыстоўваецца ахвярамі дагэтуль, каб заявіць пра сваю незадаволенасьць на міжнародным узроўні», — сказала яна.

Анаіс Марэн адзначыла, што яе апошні даклад — гэта «вялікі агляд таго, як Беларусь, ігнаруючы рэкамэндацыі шэрагу арганізацыяў, толькі павялічыла сваю самаізаляцыю».

Паводле спэцдакладчыцы:

  • У 2023 годзе Міжнародная арганізацыя працы другі раз у гісторыі прывяла ў дзеяньне працэдуру ў адпаведнасьці з артыкулам 33-м Статуту, каб «заняцца пастаянным невыкананьнем Беларусьсю рэкамэндацыяў».
  • Дзяржавы-ўдзельніцы АБСЭ на рэгіянальным узроўні двойчы з 2020 году прыводзілі ў дзеяньне Маскоўскі мэханізм для разгляду становішча з правамі чалавека ў Беларусі.
  • Улетку 2024 году задзейнічалі Венскі мэханізм АБСЭ для расьсьледаваньня канкрэтных парушэньняў у дачыненьні да палітвязьняў.

«У Беларусі склалася рэпутацыя асноўнага парушальніка правоў чалавека. І я не самотная. Некалькі дзён таму старшыня Камітэту барацьбы з катаваньнямі прадставіў вынікі канфідэнцыйнага расьсьледаваньня Камітэту па Беларусі. Камітэт прыйшоў да высновы, што катаваньні сыстэматычна выкарыстоўваюцца ў гэтай краіне і нічога ня робіцца для перадухіленьня гэтага. Летась УВКПЧ прыйшло ў сваім дакладзе да высновы, што некаторыя парушэньні, якія мелі месца з 2020 году, могуць быць злачынствамі супраць чалавечнасьці. Нядаўна адна зь дзяржаваў перадала гэтае сьцьвярджэньне пракурору Міжнароднага крымінальнага суду», — падкрэсьліла спэцдакладчыца.

Паводле яе, «цэлы шэраг пытаньняў з правамі чалавека», пра якія гаворыцца ў яе дакладах, носіць сыстэматычны характар і трывае шмат дзесяцігодзьдзяў, нягледзячы на шматлікія рэкамэндацыі, якія беларускі ўрад ігнаруе яшчэ «з пачатку 1990-х гадоў».

«Становішча з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца і мае патрэбу ў далейшай пільнай увазе. Вось чаму я вітаю аднаўленьне мандата і жадаю ўсялякіх посьпехаў таму, хто прыйдзе мне на зьмену — спадару Муйжніексу. Вядома ж, маніторынг правоў чалавека ў Беларусі — гэта няпростая задача, і захаваньне гэтага пытаньня адным зь першых на міжнародным парадку дня таксама няпростая задача, на жаль», — адзначыла Анаіс Марэн.

Яна выказала шкадаваньне, што, нягледзячы на ўсе яе намаганьні падчас працы спэцдакладчыцай па Беларусі, «беспакаранасьць і сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека працягваюцца».

На пленарным пасяджэньні многія краіны падзякавалі спэцдакладчыцы Анаіс Марэн за яе працу: сярод іх Ліхтэнштэйн, Літва (ад імя краін Балтыі і Паўночнай Эўропы), Швайцарыя, Украіна, ЗША, Вялікая Брытанія, Канада, Нямеччына, Чэхія ды Ірляндыя. З крытыкай спэцдакладчыцы выступіла адна краіна — Бурундзі.

  • Мандат спэцыяльнага дакладчыка аб правах чалавека ў Беларусі заснаваны ў 2012 годзе і з таго часу штогод працягваецца (апошні раз у красавіку сёлета).
  • Зь лістапада 2018 году пасаду займае францужанка Анаіс Марэн, яна пакіне яе 1 лістапада 2024 году. Ейны апошні на пасадзе даклад «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі» будзе разгледжаны на 79-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў кастрычніку.
  • Новым спэцыяльным дакладчыкам ААН аб правах чалавека ў Беларусі стаў Нілс Муйжніекс, экспэрт у сфэры абароны правоў чалавека з 25-гадовым досьведам. Раней Муйжніекс займаў пасаду камісара ў пытаньнях правоў чалавека ў Радзе Эўропы, узначальваў рэгіянальнае прадстаўніцтва Amnesty International у Эўропе і супрацоўнічаў зь беларускімі праваабаронцамі.
  • Спэцыяльны дакладчык працуе на грамадзкіх асновах. Улады Беларусі не прызнаюць ягонага мандату і не супрацоўнічаюць зь ім.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG