70-гадовага былога палітвязьня судзяць за «распаўсюд экстрэмізму»
Аляксандра Патапава зь вёскі Хатоля Віцебскай вобласьці затрымалі ў канцы жніўня 2022 году ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў камэнтарах у «Аднаклясьніках».
Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменьніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур’ёзна параненая. Пасьля гэтага, 8 і 16 ліпеня 2022 году, Патапаў разьмясьціў у сацыяльнай сетцы два камэнтары, якія экспэртыза палічыла «абразьлівымі». Пазьней мужчыну асудзілі на 2 гады калёніі.
Пэнсіянэра вызвалілі гэтай вясной пасьля адбыцьця тэрміну.
Аднак з 31 кастрычніка Патапава зноў судзяць у судзе Віцебскага раёну, яго абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Працэс вядзе Міхаіл Зубеня, паведамляюць праваабаронцы.
Былога палітвязьня з Баранавічаў зноў судзяць
Суд над былым палітвязьнем Віталём Коршунам ідзе ў Берасьцейскім абласным судзе, паведамляе «Вясна». Яму закідаюць пяць палітычных артыкулаў:
- «Паклёп на прэзыдэнта» (ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэксу),
- «Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК),
- «Арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК),
- «Заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361),
- «Распальваньне варожасьці або звады» (ч. 1 арт. 130 КК).
Палітвязьню пагражае да 12 гадоў калёніі.
Упершыню яго судзілі ў верасні 2021-га за камэнтар пра тое, што «трэба шукаць адрас нейкага амапаўца». Па вэрсіі самога амапаўца, Сяргея Балабановіча, пасля гэтага допісу ён вельмі спалохаўся, хоць Коршун хутка яго выдаліў. У выніку прадпрымальніку прызначылі два месяцы арышту.
Наступны раз Віталя затрымалі ў студзені 2024 году. Яго справу разглядае Сьвятлана Крамянеўская.
Ператрусы ў Смаргонях і Ваўкавыску
31 кастрычніка тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область» паведамілі, што ў Смаргонях і Ваўкавыску адбываюцца масавыя ператрусы і затрыманьні. Правяраюць інфармацыю на мабільніках і геалякацыю тэлефонаў у 2020 годзе. Калі кагосьці не было на працоўным месцы, то выклікаюць у аддзяленьне, пішуць праваабаронцы «Вясны».