Суд у Магілёве за «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі» і «здраду дзяржаве»
У Магілёўскім абласным судзе 29 кастрычніка распачаўся суд над Сяргеем Ціханавым. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме, паведамляе «Вясна».
Сяргея Ціханава абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»),
- ч. 2 арт. 290-5 («Удзел у дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі»),
- ч. 3 арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).
Што менавіта ставіцца ў віну Сяргею Ціханаву, праваабаронцам невядома, як невядомыя і акалічнасьці справы.
Паводле выстаўленых абвінавачаньняў мужчыну пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
Справу разглядае Ігар Прошка.
Яшчэ аднаго актора затрымалі за рэпосты і камэнтары
Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго беларускага актора за актыўнасьць у сацсетках у 2020 годзе. Яны выклалі ў сваім неафіцыйным тэлеграм-канале відэа з затрыманым, паведамляе «Люстэрка».
У роліку затрыманы кажа, што яму 34 гады, ён актор і працуе ў «розных расейскіх кінапраектах». У 2020 годзе, паводле яго, мужчына «рабіў рэпосты і пакідаў нэгатыўныя камэнтары».
Дзе ён цяпер і ў якім статусе, не паведамляецца.
Напярэдадні стала вядома пра затрыманьне актора «Беларусьфільму» і мадэлі Ўладзіслава Ліпоўскага. Ён нібыта быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы, таксама рабіў рэпосты і пакідаў нэгатыўныя камэнтары на адрас супрацоўнікаў міліцыі.
Блогера з Шаркаўшчыны асудзілі на 5 дзён арышту за «пікет у інтэрнэце»
28 кастрычніка суд Шаркаўшчынскага раёну асудзіў блогера і актывіста Андрэя Буку на 5 дзён арышту за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (частка 1 артыкула 24.23 КаАП), паведамляюць праваабаронцы.
Прычынай для абвінавачаньня, паводле зьвестак праваабаронцаў, стала публікацыя ў тэлеграм-канале. Аднак пасьля суду блогера не адправілі адбываць арышт, а адпусьцілі дадому. Прычыны такога рашэньня суду невядомыя.
15 траўня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прызнаў тэлеграм-канал Андрэя Букі «экстрэмісцкім». Тады на яго былі падпісаныя 3 чалавекі.
Форум